Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫ ГОД ПРЭЗЫДЭНЦТВА ДЖОРДЖА БУША


Мікола Іваноў, Прага

Прэзыдэнт Буш уваходзіць у другі год свайго знаходжаньня ў Белым Доме ў сытуацыі, калі ідэя прэзыдэнцтва трансфармавалася ў выніку нядаўняга крызысу, а амэрыканская нацыя натхнёная пачуцьцём новай еднасьці. Гэта ўжо зусім ня той галоўны амэрыканскі адміністратар, які заняў сваю пасаду, дзякуючы дрэнна сплянаванаму галасаваньню ў некаторых фларыдскіх выбарчых акругах.

Прэзыдэнт Буш праявіў сябе, як моцны лідэр ваеннага часу, які гарантуе нацыі пачуцьцё бясьпекі ў пэрыяд крызысу.

Сярод шматлікіх рэчаў, пра якія амэрыканцы даведаліся пра свайго прэзыдэнта на працягу мінулага году, было і тое, што часам ён рэагуе няўпэўнена, калі нешта здараецца зьнянацку. Так здарылася падчас ягонага першага публічнага выступу пасьля 11 верасьня, калі ён лятаў з адной вайсковай базы на другую ў пошуку бясьпечнага месца. Але ён даволі хутка вярнуў сябе ўпэўненасьць.

Пасьля тэрарыстычных атакаў падыход прэзыдэнта Буша да вайны супроць тэрарызму шмат у чым нагадваў правядзеньне ягонай прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі, калі ён даваў людзям ясныя, простыя ідэі, якія паўтараліся моцна здысцыплінаваным чалавекам, які прызвычаіўся да рэгулярных заняткаў спортам. Ён выбірае сабе памочнікаў, якім ён давярае і дазваляе ім выконваць іх працу.

Амэрыка сустракае Новы Год у атмасфэры, калі жах падзеяў 11 верасьня крыху зьменшыўся ў сувязі з посьпехамі Буша і ягонай каманды ў Афганістане, і цяпер папулярнасьць амэрыканскага прэзыдэнта знаходзіцца на гістарычна высокім узроўні. Але Буш не павінен забываць пра тое, што здарылася зь ягоным бацькам пасьля вайны ў Пэрсыдзкай затоцы. Эканамічныя праблемы дома хутка разьвеялі ўрачыстыя настроі амэрыканцаў і прывялі да фатальных вынікаў на выбарах.

У новым годзе ён павінен памятаць пра дасьведчаньні свайго бацькі. Амэрыканцы занепакоеныя тым, як хутчэй вярнуць гаспадарку на шлях разьвіцьця. І калі гэта ня здарыцца хутка, яны пачнуць з заклапочанасьцю зьвяртаць увагу на дэфіцыт фэдэральнага бюджэту, які непазьбежны пасьля значнага скарачэньня Бушам падаткаў для багатых амэрыканцаў.

Ёсьць і іншыя рэчы, чытаем на старонках International Herald Tribune, якія выклікаюць у амэрыканцаў заклапочанасьць. Ці здолее Буш захаваць міжнародную кааліцыю ў барацьбе з тэрарызмам?

Ужо пачало прабуксоўваць супрацоўніцтва паміж Індыяй і Пакістанам. Буш робіць выклік Расеі і аслабляе пазыцыі яе прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна шляхам аднабаковага скасаваньня Дагавору аб супроцьракетнай абароне. Адміністрацыя таксама ставіць у нязручную сытуацыю сваіх саюзьнікаў у справе міжнародных дагавораў у галіне экалёгіі і нераспаўсюджваньня ядзернай зброі.

Мы таксама ня ведаем, ці прэзыдэнт Джордж Буш-малодшы хоча выкарыстаць увесь свой талент, каб стварыць двупартыйны супольны падыход да ўнутраных праблемаў краіны, чаго выразна патрабавалі выбаршчыкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў год таму.

Напрыканцы свайго першага году прэзыдэнцтва Буш больш яркая і значная фігура, чымся той чалавек, якога мы бачылі падчас выбараў 2000 году. Ён сам сябе разглядае ў якасьці чалавека, які змагаецца з гісторыяй. І ў гэтым ён мае рацыю. Але застаецца адно пытаньне: ці ён здольны вучыцца на сваіх памылках? – так падсумоўваецца артыкул у газэце International Herald Tribune.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG