Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНДРЭЯ КЛІМАВА ПАВІНШАВАЛІ З НОВЫМ ГОДАМ СЬПЕВАКІ АЛЯКСАНДАР ЦІХАНОВІЧ І ЯДВІГА ПАПЛАЎСКАЯ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле нашых зьвестак спадары Ціхановіч і Паплаўская нейкім чынам перадалі вязьню віншаваньні з Новым годам і сьвяточныя падарункі. Крыніцы не паведамляюць падрабязнасьцяў, спасылаючыся на магчымыя праблемы.

Тацяна Клімава ад мужа ведае, што звычайна сьвяточны стол вязьняў у менскай калёніі вельмі сьціплы, і яна спадзяецца, што гэтым разам Андрэй пачастуецца нейкімі ласункамі. Яна згадвае, як весела праходзілі для яе навагоднія сьвяты раней, калі Андрэй быў на волі.

(Тацяна Клімава: ) “Калі мы з Андрэем сустракалі Новы год, гэта заўсёды было ў вялікай кампаніі, зь сябрамі, недзе за горадам, вельмі шумна, з начоўкай, а цяпер гэта ўсё абмяжоўваецца сямейным колам”, — распавяла Тацяна Клімава.

Яна будзе зь дзецьмі і не чакае гасьцей, але не выключае, што нехта зь сяброў завітае, бо гэта ў іхнай кампаніі дапушчальна хадзіць у госьці без папярэджаньня.

“Галоўны тост у нас будзе ня з Новым годам, а за тое, каб у новым годзе да нас вярнуўся з турмы тата, наш Андрэй”, — сказала Тацяна Клімава.

У сям’і Зінаіды Ганчар напярэдадні Новага году адбылася важная падзея — ажаніўся ейны сын Андрэй. Нявестку завуць Людміла, яна студэнтка лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Людміла ўзяла прозьвішча Ганчар, такім чынам, з задавальненьнем адзначае Зінаіда, “нас, Ганчароў, у сям’і ўжо чацьвёра”.

Новы год Зінаіда Ганчар сустрэне з сынам і нявесткай, а потым, магчыма, далучыцца да кампаніі даўніх сяброў. Зінаіда Ганчар распавяла пра сямейныя традыцыі сустрэчы Новага году.

(Зінаіда Ганчар: ) “Гэта добры стол, гэта заўсёды мае сябры, якія побач, гэта сын і нявестка, цяпер у мяне ёсьць і дачка. Такім чынам, мая сям’я расьце. Новы год мы сустрэнем разам, а потым да нас прыйдуць госьці да маладых, і я магчыма пайду да сваіх сяброў у іншую кампанію”.

За сямейным сталом падыме келіх шампанскага і Ірына Красоўская. Гэта будзе трэці Новы год бяз мужа Анатоля, якога яна ні на хвіліну не забывае, у тым ліку і ў сьвяточныя дні.

(Ірына Красоўская: ) “Я буду піць шампанскае за тое, каб адбыліся зьмены ў маёй сям’і, каб мы хаця б атрымалі пэўныя зьвесткі — гэта нам дапамагло б жыць далей, спраўляцца з нашымі праблемамі. Таксама я вып’ю за маіх дзяцей, каб яны былі больш шчаслівыя, і можа наступны год гэтаму паспрыяе”, — спадзяецца Ірына Красоўская.

З сынам Андрэем і маці сустрэне Новы год Сьвятлана Завадзкая. Са Зьмітром, калі ён быў побач, яны звычайна сустракалі Новы год ў кампаніі ягоных школьных сяброў. “Яны не забыліся пра мяне і цяпер, клічуць далучацца да іхнай кампаніі, але гэта немагчыма... Таму я буду дома, а калі праб’юць куранты, я загадаю жаданьне”, — паведаміла Сьвятлана Завадзкая, і патлумачыла:

(Сьвятлана Завадзкая: ) “Якое жаданьне я загадаю, я гэта ўжо ведаю. Кажуць, калі пасьпееш загадаць жаданьне і выпіць келіх шампанскага, пакуль б’е гадзіньнік, то яно спраўдзіцца. Дык вось, я ўжо ведаю, што пажадаю. І гэта цалкам зразумела, што я загадаю”.

Што б ні было, яна дагэтуль чакае, што ейны Дзіма вернецца дамоў.

Безумоўна, чакаюць вяртаньня сваіх зьніклых сыноў і іхныя маці — Ульяна Рыгораўна Захаранка, Ксенія Сідараўна Красоўская, Валянціна Адамаўна Ганчар, Вольга Рыгораўна Завадзкая.

Я патэлефанаваў дамоў маці Юрыя Захаранкі Ўльяне Рыгораўне, павіншаваў яе з Новым годам і пажадаў здароўя ды вяртаньня сына. У гэтай сталага веку жанчыны вельмі шмат праблемаў, але шмат ў яе і сяброў, якія дапамагаюць у цяжкі момант.

(Ульяна Захаранка: ) “Усе мне дапамагаюць — і суседзі, калі трэба, да мяне прыходзяць, і сваякі ўсё што трэба нясуць. Яны трымаюць карову, сьвіней і са мной дзеляцца. Нічога, я яшчэ пратрымаюся”.

Ульяна Захаранка падзякавала ўсім, хто яе падтрымлівае, перадала віншаваньні з Новым годам і пажадала людзям любіць адно аднаго ды больш дапамагаць.


XS
SM
MD
LG