Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САВЕЦКІМ ПАШПАРТАМ У БЕЛАРУСІ МОЖА БЫЦЬ ПАДОЎЖАНАЕ ЖЫЦЬЦЁ


Юры Сьвірко, Менск

З 1-га студзеня 2002 году чырвоныя замежныя пашпарты СССР, выдадзеныя ў Беларусі, стануць несапраўднымі. У новым годзе за мяжу можна будзе выехаць толькі зь сінім пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узору 1996 году. Тых беларусаў, хто пасьпее выехаць за мяжу са старым пашпартам сёньня, назад абяцаюць пусьціць без праблем.

А сёньня памежныя войскі дазваляюць выезд да апоўначы. Гэта пацьвердзіў дзяжурны Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў. На пытаньне, ці можна выехаць з чырвоным пашпартам да 24 гадзінаў 31 сьнежня, ён адказаў:

(Дзяжурны: ) “Вядома, да дваццаці чатырох”.

На маё наступнае пытаньне, колькі ўсяго старых савецкіх пашпартоў зробяцца несапраўднымі ў навагоднюю ноч, дзяжурны дзяржкамітэту адказаць ня здолеў. А пашпартна-візавая служба Міністэрства ўнутраных справаў сёньня не працавала — нягледзячы на даволі важную зьмену ў парадку выезду за мяжу і звычку былых савецкіх грамадзян адкладаць усё на апошні дзень.

У новым годзе паўстануць праблемы з асобамі без грамадзянства, якія стала жывуць у Беларусі. З 1994 году адпаведна з пастановай Савету Міністраў ім выдаваліся чырвоныя савецкія пашпарты з прочыркам у графе “грамадзянства” і паўпісьменным штампам “Асоба без грамадзянства, пастаянна пражываючая ў Рэспубліцы Беларусь”. Заўтра гэтыя пашпарты таксама будуць ужо нячынныя.

Як жа некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў Беларусі, якія ня маюць ніякага грамадзянства, змогуць цяпер выехаць за мяжу? Вось як адказвае на гэтае пытаньне дзяжурны дзяржаўнага камітэту памежных войскаў:

(Дзяжурны: ) “Вось гэта я не магу вам зараз сказаць. Гэта трэба ў пашпартна-візавай службе пытацца”.

Ва ўсіх структурах пашпартна-візавай службы сёньня ўдалося адшукаць на працоўным месцы толькі аднаго супрацоўніка Менскага гарадзкога АВІРу. На пытаньне, што рабіць беларускім асобам без грамадзянства і ці выдаюцца ім нейкія новыя дакумэнты, ён адказаў гэтак:

(Супрацоўнік: ) “Нічога на гэты конт не было, аніякага ўказаньня. Нічога не выдаецца”.

Праўда, супрацоўнік сталічнай пашпартна-візавае службы выказаў меркаваньне, што для асобаў без грамадзянства тэрмін дзеяньня савецкіх пашпартоў могуць і працягнуць:

(Супрацоўнік: ) “Яшчэ пакуль ніхто не скасоўваў, таму што іншага нічога не надышло”.

Гэта значыць, некаторыя жыхары Беларусі нават больш як праз 10 гадоў пасьля скасаваньня СССР змогуць выяжджаць за мяжу з дакумэнтамі былога Савецкага Саюзу.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG