Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАРЛЕН ДЫТРЫХ, МАГЧЫМА, СКОНЧЫЛА ЖЫЦЬЦЁ САМАГУБСТВАМ


Сяргей Шупа, Вільня

* БАМБЭЙ. Індыйскі актор і кінапрадзюсэр Фэроз Хан спадзяецца стаць першым, хто здыме фільм у Афганістане пасьля заканчэньня цяперашняй ваеннай апэрацыі. Фэроз Хан ужо зьвярнуўся па дазвол да афганскіх уладаў. У фільме будзе апавядацца пра лёс афганскага бізнэсоўца, які страціў сям’ю падчас савецкай акупацыі. Афганістан некалі быў папулярным месцам здымак індыйскіх фільмаў. Фэроз Хан зьняў свой апошні фільм у Афганістане 23 гады таму.

* ПАРЫЖ. Колішняя асабістая сакратарка і сяброўка Марлен Дытрых Норма Баске паведаміла, што сусьветная кіназорка, магчыма, скончыла жыцьцё самагубствам, прыняўшы празьмерную дозу снатворнага. Марлен Дытрых, чыё стагодзьдзе адзначалася на мінулым тыдні, памерла ў 1992 годзе ў Парыжы, хаваючыся апошнія гады жыцьця ад усяго сьвету. Незадоўга перад сьмерцю Марлен Дытрых перажыла інсульт і, паводле сакратаркі, не захацеўшы трапіць у шпіталь і апынуцца пад увагай публічнасьці, выбрала самагубства.

* ВАШЫНГТОН. Бібліятэка Кангрэсу — адзін з найбуйнейшых кнігазбораў сьвету — распрацавала 30-гадовы плян захаваньня 8,5 мільёнаў кніг, выдаляючы зь іх паперы кіслотныя злучэньні. Больш за 150 гадоў таму паперу пачалі вырабляць з ужываньнем кіслотных хімікаліяў. Сытуацыя яшчэ больш пагоршылася, калі для вырабу папяровай асновы замест старых анучаў пачалі ўжываць цэлюлёзу. У выніку старыя кнігі ХІХ-ХХ стагодзьдзя цяпер пачынаюць літаральна рассыпацца. У 70-х гадох разьвітыя краіны сьвету перайшлі на выраб значна больш трывалай шчолачнай паперы.

* НЬЮ-ЁРК. Фанатыкі з гэтак званай Царквы Хрыстовай Супольнасьці зь мястэчка Аламагорда ў штаце Нью-Мэксыка ўчынілі ў нядзелю публічнае спаленьне соцень асобнікаў кніг пра Гары Потэра. На іх думку, кніга з прыгодамі хлопчыка, які вучыцца ў школе чарадзейства, абражае Бога і прыводхзіць дзяцей і моладзь да культу д’ябла. Аўтарка кніг Джоан Роўлінг дыстансавалася ад гэтых інцыдэнтаў і паведаміла, што сустракалася з тысячамі сваіх чытачоў і ніводнага зь іх прачытаньне кнігі або прагляд фільму не схіліў да заняткаў магіяй.

* ПАРЫЖ. Агенцтва прапаганды францускага кіно за мяжою паведаміла, што ў 2001 годзе пашырэньне паказу францускіх фільмяў за межамі Францыі склала 120 працэнтаў у параўнаньні з 2000 годам. Паводле агенцтва — гэта рэкордная лічба для францускага кіно за мяжою. Разнастайнасьць фільмаў і аўтараў сьведчыць пра тое, што гэты посьпех ня быў дасягнуты толькі за кошт некаторых найбольш папулярных кінастужак. Такім чынам, цьвердзіць агенцтва, у сьвеце істотна пашырылася кола гледачоў францускіх фільмаў.

* НЬЮ-ЁРК. За 2001 год колькасьць прададзеных білетаў на 100 найбольшых канцэртаў і спэктакляў у Злучаных Штатах зьменшылася ў параўнаньні зь мінулым годам на 7 працэнтаў. Пры гэтым сярэдні кошт аднаго білета выраз ад 41 да 44 даляраў. Найдаражэй сёлета прадаваліся білеты на канцэрт сьпевака Андрэа Бачэлі — па 161 даляры. Часапіс Pollstar зьвязвае зьмяншэньне колькасьці наведнікаў не з тэрарыстычнымі нападамі, а з запаволеньнем эканамічнага росту.

XS
SM
MD
LG