Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РЭЖЫСЭР УЛАДЗІМЕР ЯНКОЎСКІ АДМОВІЎСЯ АД ЗАКАНЧЭНЬНЯ ПРАЦЫ НАД ФІЛЬМАМ “АНАСТАСІЯ СЛУЦКАЯ”


Юрась Барысевіч, Менск

Пастаноўшчык гістарычнай кінаэпапеі “Анастасія Слуцкая” вядомы кліпмэйкер Уладзімер Янкоўскі адмовіўся заканчваць працу над фільмам. Калі пачаўся мантаж стужкі, выявілася, што матэрыял, які наздымаў рэжысэр-дэбютант, надта слабы, а ліміт кінаплёнкі і наагул бюджэт карціны (мільён даляраў) ужо амаль вычарпаны. Міністэрства культуры шукае новага аўтара, які завершыў бы стужку, але сярод беларускіх рэжысэраў ахвотнага пакуль не знайшлося. Найбольш верагодна, што дарабляць карціну будзе Міхаіл Пташук, калі вернецца з амэрыканскае камандзіроўкі, альбо маскоўскі дзядзька Ўладзімера Янкоўскага Алег Янкоўскі. На пераздымку й мантаж “Анастасіі Слуцкае” спатрэбіцца яшчэ каля мільёна даляраў — палова гадавога бюджэту беларускага кінематографу. Адпаведна, шмат якія іншыя здымачныя праекты цяпер давядзецца адкласьці.

У выдавецтве “Ўраджай” выйшаў першы ў Беларусі альбом малюнкаў славутага мастака й музыканта сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя Напалеона Орды. Больш як 100 малюнкаў з фатаграфічнай дакладнасьцю ўзнаўляюць помнікі беларускага дойлідзтва й маюць вялікую каштоўнасьць для гісторыі архітэктуры, бо бальшыня тых помнікаў цяпер зруйнаваныя ці перабудаваныя. Праз паўтара месяца Напалеону Орду споўнілася б 195 гадоў.

Выстава габэленаў “Адвечным шляхам” адчынілася ў галерэі Эўрапейскага Гуманітарнага ўнівэрсытэту. Аўтарка ручнога ткацтва з воўны й лёну віцяблянка Сьвятлана Баранкоўская. Сярод габэленаў на гістарычную тэму партрэты Вялікага князя Альгерда і ягонай жонкі Іўліяніі, выявы віцебскіх храмаў, кампазыцыі ў стылю першабытнага мастацтва.

Менская унія рыцараў “Меч і воран” пры падтрымцы карпарацыі “Konica” выпусьціла відэафільм “Меч Гедыміна”, прысьвечаны Першаму нацыянальнаму рыцарскаму турніру ў Мядзеле. На тым турніры беларускія рыцары ўпершыню змагаліся ў трох намінацыях паводле эпохі, якой належыць іхная зброя. Фільм рэжысэркі Натальлі Язоўскіх аздоблены старадаўняю музыкай у выкананьні гурту “Стары Ольса”, а таксама музыкаў з Чэхіі, Латвіі і Нямеччыны.

Адразу ў дзьвюх прэстыжных бэрлінскіх галерэях “Nordenhaken” i “Springler und Winkler” праходзяць выставы жывапісу ды інсталяцыяў мастака зь Беласточчыны Лявона Тарасэвіча. На думку некаторых мастацтвазнаўцаў, пасьля посьпеху на сёлетняй біенале ў Вэнэцыі Лявона Тарасэвіча можна назваць найбуйнейшым беларускім мастаком другой паловы ХХ стагодзьдзя. Чакаецца, што ў сакавіку Тарасэвіч выступіць зь лекцыяй у Менску — у Лябараторыі сучаснага мастацтва пры Беларускім калегіюме.


XS
SM
MD
LG