Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНДРЭЙ ЖАРНАСЕК: З ЛУКАШЭНКАМ МОЖНА ДАМОВІЦЦА ТОЛЬКІ АБ АДНЫМ – САМ ЁН ПРЫЕДЗЕ Ў ГААГУ, ЦІ ЯГО ТУДЫ ПРЫВЯЗУЦЬ


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “З Генадзем Угляніцам і Андрэем Жарнасекам мы гутарым у гатэлі ў невялікмі нарвэскім горадзе. Штогод большае колькасьць краінаў, што даюць палітычны прытулак беларусам. Паводле маіх падлікаў, Нарвэгія стала дзясятай такой дзяржавай пасьля ЗША, Чэхіі, Польшчы, Францыі, Фінляндыі, Бэльгіі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі і Літвы. Я пацікавіўся ў Генадзя Ўгляніцы і Андрэя Жарансека, як сустрэла іх краіна фіёрдаў?”

(Жарнасек: ) “Мы ўладкаваліся добра, у нас тут усё добра. Нас тут добра прынялі, людзі ўсё зразумелі, ніякіх пытаньняў не было. Адзінае, што я хачу сказаць - Лукашэнка мяне абазваў “бамжом” прынародна. Але я “бамжом” ніколі ня быў. У мяне было месца жыхарства ў Менску паводле прапіскі. У мяне ёсьць месца жыхарства і тут. А вось месца жыхарства спадара Лукашэнкі апазыцыя, здаецца, спрабавала высьветліць на працягу некалькіх гадоў, пэрыядычна падаючы на яго ў суд у розных раёнах Менску. Ім было адмоўлена на падставе таго, што ў тых раёнах спадар Лукашэнка ня жыве”.

(Угляніца: ) “Нас тут добра прынялі… Наогул у чалавека, які пераяжджае ў цывілізаваную краіну, адбываецца культурны шок. Адно тое, што тут людзі давяраюць адно аднаму, адно тое, што яны вераць на слова, што яны ўспрымаюць адно аднаго ня як ворагаў, уражвае. Тут людзі вераць адно аднаму і дапамагаюць адно аднаму. Усе складаныя пытаньні, які мы мелі, напрыклад, у сувязі з адсутнасьцю веданьня нарвсэкай мовы, врашыліся самі сабой”.

(Навумчык: ) “Спадар Угляніца, вы і Андрэй Жарнасек – людзі жанатыя, у вас ёсьць сем’і, дзеці. Дзе яны цяпер, што зь імі?”

(Угляніца: ) “Так, калі мы зьехалі зь Беларусі, там у нас засталіся сем’і. У мяне засталася жонка і двое малых дзяцей, а ў Андрэя засталася жонка і трое малых дзяцей. Зараз мы атрымалі статус палітычных уцекачоў і прымаем адпаведныя захады для таго, каб узьяднаць нашыя сем’і. Мы ведаем, што жыцьцё зараз там у іх “ня цукар” і яны скаладна сябе адчуваюць пасьля тых падзеяў і пасьля таго, як улады вылілі шмат бруду на нас і нашыя сем’і. Таму мы зробім усё магчымае, каб перавезьці іх сюды. Але рабіць мы гэта будзем ня так, як, можа, спадзяюцца Лукашэнка, сіваковы, шэйманы і іншыя, што мы будзем іх патаемна вывозіць. Не, мы зробім гэта адкрыта ў адпаведнасьці з тымі законамі, якія існуюць у цывілізаваным сьвеце, і якія, дарэчы, існуюць у самой Рэспубліцы Беларусь. І калі гэтыя законы будуць парушаныя, гэта ўсё застанецца на сумленьні тых людзей, якія не выконваюць адпаведным чынам свае абавязкі”.

(Навумчык: ) “Магу дадаць, што вось ад тога моманту, як пяць гадоў таму зьявіліся першыя палітычныя ўцекачы ў Беларусі, мне не вядома ніводнага выпадку. Каб сям’я не была ўзьяднаная з тым, хто апынуўся за мяжой. Бывае, гэта займае нейкі час у залежнасьці ад заканадаўства той ці іншай краіны, але мне не вядома, каб улады кагосьці не выпускалі зь Беларусі. Андрэй, колькі словаў пра вашую сям’ю”.

(Жарнасек: ) “У мяне дома засталіся жонка і трое дзяцей – сем, пяць гадоў і вось два месяцы таму ў мяне нарадзілася яшчэ дачка. Я яе ня бачыў, яна мяне ня бачыла. Ня ведаю, калі яе ўбачу. Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра. Жонка ў мяне – чалавек цудоўны, надзейны, спадзяюся, што ўсё будзе добра і ва ўладаў хопіць розуму не чыніць ніякіх перашкодаў”.

(Навумчык: ) “Вернемся цяпер да той краіны, дзе мы з вамі цяпер знаходзімся. Вы ўжо, спадар Генадзь, падзяліліся сваімі ўражаньнямі пра Нарвэгію. Што ёсьць дадаць у Андрэя Жарнасека?”

(Жарнасек: ) “Так, сапраўды, гэта цывілізаваная краіна. Тут у мясцовых уладаў быў шок, калі мы ім распавялі, што ў Беларусі тры тысячы чалавек, па словах спадара Навумава, штогод зьнікае, маўляў, і ніхто іх асбаліва не шукае. Тут для мясцовых людзей гэта быў проста шок – як так, людзі зьнікаюць і іх ніхто не шукае”.

(Навумчык: ) “У Нарвэгіі людзі не зьнікаюць?”

(Жарнасек: ) “У Нарвэгіі, калі нешта здараецца такое – дык гэта нонсэнс. Калі ў іх забойства – дык гэта прадмет абмеркаваньня нават у парлямэнце. Тут зусім іншыя падыходы, тут цывілізацыя, тут чалавек чалавеку сапраўды ня воўк, а сябар. Дзяржава тут такая, якая і павінна быць, а не такая што ў нас – дзе яна людзей прэсуе, абірае і прыгнятае”.

(Навумчык: ) “Вы будзеце жыць у нарвэгіі як палітычныя ўцекачы. Ці зьбіраецеся вы адысьці ад беларускіх справаў?”

(Угляніца: ) “Не, мы ня думаем адыходзіць ад тых справаў, якія пачалі яшчэ ў Беларусі, і зараз прымаем адпаведныя захады, каб наладзіць кантакты зь міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. Будзем працягваць справу, якую пачалі – будзем зьбіраць дакумэнты, каб перадаць усе матэрыялы ў адпаведныя інстанцыі і ў канечнымс выніку, магчыма, нават завесьці крымінальную справу на злачынцаў, галоўнымі зь якіх выступаюць вышэйшыя дзяржаўныя асобы Рэспублікі Беларусь. Мы спадзяемся, што настпуная сустрэча ў нас зь імі адбудзецца ў міжнародным судзе, дзе яны будуць на лавах падсудных, а мы зоймем месца сьведкаў і будзем сьведчыць усяму сьвету аб тых злачынствах, якія яны ажыцьцяўлялі, камндуючы і маючы ўладу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

(Жарнасек: ) “З гэтага пункту гледжаньня нам не зразумелая пазыцыя беларускай апазыцыі. Там ідзе размова аб нейкіх дамовах, маўляў, давайце дамовімся з уладамі. Прайшлі выбары і давайце дамовімся з уладамі. Як можан, прабачце мне, дамовіцца са злом? Можна дамовіцца з Лукашэнкам толькі аб адным – ён сам прыедзе ў Гаагу ці яго туды прывязуць. Вось аб гэтым можна дамовіцца. Калі апазыцыя зьбіраецца зь ім дамаўляцца, няхай яна спачатку дамовіцца з роднымі Завадзкага, хай яны зьезьдзяць да маці Захаранкі і дамовяцца зь ёй, хай яны дамовяцца з роднымі Ганчара і Красоўскага, а потым ужо ідуць дамаўляцца з гэтым рэжымам”.

Ад рэдакцыі:

Мы завершылі знаёмства з фрагмэнтамі інтэрвію, якое Сяргей Навумчык запісаў сёлета ў Нарвэгіі падчас сустрэчы з былым афіцэрам беларускага КГБ Генадзем Угляніцам і актывістам арганізацыі “Край” Андрэем Жарнасекам.

Зьнікненьне вядомых у краіне людзей, пра якое гаварылі Ўгляніца і Жарнасек, на думку аўтарытэтных міжнародных парлямэнцкіх, міжурадавых і праваабарончых арганізацыяў зьяўляецца адной з найважнейшых праблемаў ня толькі для блізкіх ахвяраў, але і для усяго беларускага грамадзтва, якое дагэтуль не атрымала адказу пра лёс людзей і абставіны трагедыяў. Палітычныя ўцекачы Ўгляніца і Жарнасек маюць намер перадаць свае зьвесткі ў міжнародны суд; зь некаторымі іх ацэнкамі і высновамі слухачы маглі пазнаёміцца цягам гэтага інтэрвію. Радыё Свабода мае намер зьвярнуцца па інтэрвію да КГБ Беларусі, каб прадставіць слухачам альтэрнатыўны пункт гледжаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG