Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫМ ЛІДЭРАМ ФЭДЭРАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ СТАЎ ФРАНЦ ВІТКО


Міхал Стэльмак, Менск

Пленум праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Паводле інфармацыі ягоных удзельнікаў, на парадку дня было адно пытаньне — кадравае. Яно выкліканае адстаўкай Уладзімера Ганчарыка, якога частка прафсаюзных лідэраў абвінаваціла ў няўменьні ладзіць стасункі з уладамі, што нібыта справакавала зьяўленьне ўрадавай пастановы, якая забараняе цэнтралізаванае пералічэньне прафсаюзных складак.

Спадзеючыся на адмену гэнай пастановы, кіраўніцтва Фэдэрацыі вырашыла зьмяніць лідэра. На пасаду старшыні ўдзельнікі пленуму вылучылі двух прэтэндэнтаў — Франца Вітка і Мікалая Беланоўскага, якія дагэтуль працавалі намесьнікамі Ганчарыка. Аднак спадар Беланоўскі зняў сваю кандыдатуру. Як вынік, абсалютная большасьць сяброў рады Фэдэрацыі аддала галасы за Франца Вітка. Вось што новы прафсаюзны лідэр зазначыў на гэты конт нашаму радыё:

(Вітко: ) “Я разглядаю гэта як давер усіх тых, хто прысутнічаў і прымаў рашэньне, у тым, што абстаноўка, якая зараз мае месца, зьменіцца”.

(Карэспандэнт: ) “Удзельнікі сёньняшняга пленуму, відавочна, спадзяваліся, што з вашым абраньнем будзе вырашаная задача адмены пастановы ўраду, якая забараняе цэнтралізаванае пералічэньне прафсаюзных складак?”

(Вітко: ) “Калі нехта так меркаваў, то ён упадаў у зман. Чаму? Таму што зьмена адной асобы яшчэ не азначае зьмены палітыкі ў дачыненьні да прафсаюзаў. А каб палітыка гэтая мянялася, трэба памяркоўныя, пасьлядоўныя, настойлівыя дзеяньні, падмацаваныя зьнізу ад першасных прафсаюзных арганізацыяў, ад працоўных калектываў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці азначае ваша абраньне, што будзе прадоўжаная палітыка, якую праводзіў Уладзімер Ганчарык? Ці будуць нейкія карэктывы?”

(Вітко: ) “Вельмі складанае пытаньне вы задалі. Ёсьць стратэгія прафсаюзнай дзейнасьці і ёсьць тактыка. Стратэгія выпрацаваная Трэцім зьездам Фэдэрацыі. Там ёсьць праграма. Яна вельмі някепская. З гэтага пункту гледжаньня стратэгія, вядома ж, ня зьменіцца, таму што мы абавязаныя выконваць рашэньні кіроўных органаў.

Што тычыцца тактычных дзеяньняў, то яны будуць карэктавацца ў залежнасьці ад стану справаў. У залежнасьці ад таго, як будзе складвацца канкрэтная сытуацыя ў канкрэтным працоўным калектыве”, — зазначыў Франц Вітко.

А вось як пракамэнтаваў нашаму радыё сёньняшняе рашэньне пленуму цяпер ужо былы старшыня Ўладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) “Я задаволены тым, што ў выступленьні Франца Пятровіча Вітка, які выбраны старшынёй Фэдэрацыі прафсаюзаў, было вельмі канкрэтна сказана пра тое, што пазыцыя Трэцяга зьезду Фэдэрацыі і пленуму застаюцца тымі ж самымі. Іх трэба выконваць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы задаволены кандыдатурай, якую абраў сёньняшні пленум?”

(Ганчарык: ) “Ён мой першы намесьнік. Я яго кандыдатуру падтрымліваў і падтрымліваю”.

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляд, як будуць разгортвацца далей падзеі?”

(Ганчарык: ) “Я думаю, што павінна адбыцца рашэньне цывілізаваным шляхам. Трэба, каб урад адмяніў сваю пастанову і сеў за стол перамоваў”, — зазначыў Уладзімер Ганчарык.

XS
SM
MD
LG