Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁЛЕТНІ ДЗЯРЖАЎНЫ БЮДЖЭТ НЕ АТРЫМАЕ 7% ЗАПЛЯНАВАНЫХ ДАХОДАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня міністар фінансаў Мікалай Корбут паведаміў, што сёлета рэспубліканскі бюджэт Беларусі не атрымае каля 300 мільярдаў рублёў, якія плянаваліся, і таму будзе выкананы толькі на 92–93%. Аднак, дадаў спадар Корбут, дзякуючы выкананьню й перавыкананьню мясцовых бюджэтаў, агульны (кансалідаваны) бюджэт будзе ўсё ж выкананы. Міністар фінансаў прызнаў, што рэальны сэктар эканомікі спрацаваў горш, чым плянавалася.

Мікалай Корбут вельмі спадзяецца на атрыманьне з Расеі абяцанага крэдыту на 30 мільёнаў даляраў яшчэ да канца бягучага году.

(Корбут: ) “Усё ж сума, якая ідзе з расейскага боку, — няхай яна нават 30 сьнежня паступіць у наш бюджэт, — мы гэтай сумай зможам распарадзіцца ў студзені, пакрываючы выдаткі яшчэ бягучага году. Ну, такі парадак у нас”, —зазначыў спадар Корбут.

Цікава, што частка гэтага расейскага крэдыту можа пайсьці на ліквідацыю беларускай запазычанасьці перад бюджэтам “саюзнае дзяржавы” Беларусі й Расеі. Атрымаецца, што Расея за свае грошы фінансуе беларускую долю саюзнага бюджэту. Але міністар фінансаў Беларусі заяўляе:

(Корбут: ) “Па-першае, на 100% сёньня саюзны бюджэт і нават учора не было неабходнасьці выконваць, таму што расейскі бок, напрыклад, перадаў нам долю, якую мусіць перадаць, а засвоілі мы яе, па-мойму, на 87%. І не таму, што мы не хацелі засвойваць, а таму што суб'екты гаспадаркі, якія мелі права атрымаць, не былі гатовыя да атрыманьня ці ня цалкам выкарысталі”.

Мікалай Корбут таксама адказаў на маю просьбу пракамэнтаваць заяву расейскага міністра эканамічнага разьвіцьця Германа Грэфа, зробленую адразу пасьля маскоўскіх сустрэчаў беларускіх і расейскіх чыноўнікаў 26 сьнежня. Грэф казаў пра тое, што “новы Падатковы кодэкс Беларусі будзе падпісаны ў першым квартале наступнага году”. Вось якой была рэакцыя кіраўнікоў беларускага Мінфіну:

(Корбут: ) “Адкуль у Грэфа такія... Па-першае, я хачу сказаць, што няма такой неабходнасьці”.

Цяпер праект Падатковага кодэксу прайшоў толькі адно чытаньне, і каб яго падпісаў Аляксандар Лукашэнка менавіта ў першым квартале, трэба склікаць нечарговую сэсію Нацыянальнага сходу, які разышоўся на вакацыі да 2 красавіка. Таму наўрад ці пляны Германа Грэфа наконт хуткай уніфікацыі расейскай і беларускай нарматыўнай базы падаткаў і мытаў спраўдзяцца.

Падыходы Масквы й Менску да фармаваньня бюджэту істотна адрозьніваюцца яшчэ ў адным пытаньні. У дзень сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін абвесьціў, што даходы Расеі ад экспарту зброі за мяжу сёлета склалі 4,4 мільярда даляраў. Я папрасіў беларускага міністра фінансаў Мікалая Корбута назваць хаця б прыблізныя лічбы паступленьняў ад продажу зброі ў бюджэт Беларусі.

(Корбут: ) “Задайце гэтае пытаньне прэзыдэнту Беларусі. Там адказваў прэзыдэнт Расеі — я думаю, вы задайце яго прэзыдэнту Беларусі, і атрымаеце дакладны адказ. Раптам я памылюся — не ўлічыў які-небудзь цягач ці гармату? Я гадаць не гадаю на кававай гушчы, таму што лічбы ў мяне заўсёды дакладныя. Да мяне паступаюць ад Мінабароны ды іншых згорнутыя плацяжы з прыбыткаў і гэтак далей, і таму падобнае, а каб мне штосьці ад продажу таго — я ж ня бачу яго”, — адказаў спадар Корбут, дадаўшы, што не рыхтаваўся спэцыяльна да гэтага пытаньня.


XS
SM
MD
LG