Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІЯ ДЫПЛЯМАТЫ НЯ ХОЧУЦЬ ЕХАЦЬ ПРАЦАВАЦЬ У БЕЛАРУСЬ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Амбасады ацэньваліся паводле пяцізоркавай сыстэмы. Найвышэйшую адзнаку – пяць зорак – атрымалі польскія амбасады ў Вашынгтоне, Брусэлі, Бэрліне, Парыжы і Лёндане. На пункт ніжэй апынуліся дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Маскве і Рыме. У той жа час польская амбасада ў Менску атрымала найніжэйшую адзнаку – адну зорку і аказалася побач з дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі ў Луандзе, Алжыры, Улан-Батары і Ханоі.

Чаму апытаныя польскія дыпляматы і журналісты надаюць гэткае невялікае значэньне амбасадзе сваёй краіны ў Беларусі?

З такім пытаньнем я зьвярнуўся да аглядальніка аўтарытэтнага польскага часопісу “Wprost” спрадара Янкі Чурыловіча, які займаецца краінамі Ўсходняе Эўропы і, у прыватнасьці, Беларусьсю.

(Чурыловіч: ) “Па-першае, Менск на палітычнай арэне значыць няшмат і ўсе палітычныя справы эўрапейскага маштабу Польшча можа вырашаць з Масквой – як Масква скажа, так Менск і зробіць. Па-другое, з гаспадарчага пункту гледжаньня ў Беларусі няма замежных інвэстыцыяў ці іх вельмі мала, і гаспадарчых сувязяў Менск-Варшава няшмат, таму польскай амбасадзе на Беларусі ня надта ёсьць чым займацца”.

Паводле меркаваньняў некаторых экспэртаў, якія можна сустрэць у польскім друку, новая геапалітычная сытуацыя збліжэньня Расеі з Захадам і НАТА, якая склалася пасьля верасьнёўскіх замахаў у ЗША, робіць Беларусь яшчэ менш значным чыньнікам на міжнароднай арэне.
Чым больш шчыльна будзе супрацоўнічаць Расея з Захадам, тым менш патрэбнымі становяцца заявы беларускага кіраўніцтва пра самаахвярную гатоўнасьць абараняць заходнія межы Расеі ад варожых НАТАўскіх армадаў, якія ўжо знаходзяцца ў Польшчы.

Пакуль Менск ня стане незалежным суб’ектам палітыкі, які прымае рашэньні самастойна, вялікія гэапалітычныя пытаньні тут вырашацца напэўна ня будуць. Наўрад ці ў Беларусі ў хуткім часе зьявіцца шмат настолькі значных замежных інвэстыцыяў, каб пра іх трэба было клапаціцца амбасадарам.

Адпаведна, у вачах замежных дыпляматаў прэстыж дыпляматычных прадстаўніцтваў іхных краінаў у Менску застанецца невялікім.

XS
SM
MD
LG