Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ВІЦЕБШЧЫНЕ РАСЬЦЕ ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦЬ ПА ЗАРОБКАХ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Пра запазычанасьці, затрымкі заробкаў ды брак бюджэтных грошай у Віцебску гавораць гэтымі пераднавагоднімі днямі вельмі часта. Зрэшты, гэткая крызысная фінансавая сытуацыя паўтараецца ў нашым рэгіёне штогод.

Але сёлета віцябляне даведаліся пра яе ня з вулічных чутак, а са старонак віцебскіх дзяржаўных газэтаў, якія канчаткова зьнішчылі спадзяваньні некаторых грамадзянаў на доўгачаканы заробак 100 даляраў ды на іншыя беларускія эканамічныя цуды.

Віцебскіх пэнсіянэраў пра магчымыя фінансавыя цяжкасьці папярэдзілі першымі. І тут жа пасьля выхаду адпаведных газэтных артыкулаў на паштовыя аддзяленьні, якія раздаюць пэнсіі, абрынуўся цэлы шквал тэлефонных званкоў.

Высьветлілася, што ў віцебскіх пэнсіянэраў вельмі добрая памяць на перадвыбарчыя Лукашэнкавы абяцаньні стабільных выплатаў, і гарадзкія ўлады мусілі-такі знайсьці грошы ды выплаціць пэнсіі амаль своечасова. Аднак ці ня кожны пэнсіянэр адзначыў, што зь верасьня памер пэнсіяў так і не павелічыўся.

Гэтак званых “бюджэтнікаў” віцебскія газэты ўжо не папярэджвалі, а проста канстатавалі, што запазычанасьці перад гэтай сфэрай на Віцебшчыне вельмі вялікія і што грошай на дадзены момант літаральна няма дзе ўзяць.

Газэта “Віцебскі кур’ер”, да прыкладу, перадала словы кіраўніка фінансавага ўпраўленьня Аляксандра Сергеёнка, які засьведчыў на сэсіі аблвыканкаму, што толькі на заробкі віцебскім бюджэтнікам да завяршэньня гэтага году трэба вынайсьці 15 мільярдаў рублёў.

А паколькі высілкі “падцягнуць” заробкі “бюджэтнікаў” хаця б крыху бліжэй да абяцаных Лукашэнкам ста даляраў прывялі да таго, што значная частка бюджэтных грошай ішла выключна на заробкі, запазычанасьць за ўтрыманьне прадпрыемстваў бюджэтнае сфэры яшчэ большая — каля 20-ці мільярдаў рублёў…

Летась напярэдадні новага году грошы на карысьць бюджэтнікаў літаральна “выбівалі” зь віцебскіх прадпрыемстваў. А сёлета, паводле зьвестак Дзяржкантролю, на 14-га сьнежня на Віцебшчыне былі адзначаныя 445 суб’ектаў гаспадараньня, якія самі запазычыліся сваім працаўнікам ды ня выплацілі заробкі на суму каля 6-ці мільярдаў рублёў.

Плянуючы бюджэт вобласьці на наступны год, кіраўнік абласнога фінансавага ўпраўленьня Аляксандар Сергеёнак адразу папярэдзіў, што даходы ў бюджэтнай сфэры зноў не пакрыюць выдаткі, і гэтая розьніца складзе каля 100 мільярдаў рублёў.

Аднак абласное кіраўніцтва прадэкляравала ў наступным годзе новы ўздым тутэйшае эканомікі ды паабяцала працаўнікам бюджэтнае сфэры сярэдні заробак ужо нават ня 100, а адразу 110 даляраў.
XS
SM
MD
LG