Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАТРЫМКІ ЗАРАБОТНАЙ ПЛАТЫ – ПОГЛЯД ЭКАНАМІСТА


Міхаіл Залескі, Менск

Паводле апошніх зьвестак Міністэрства статыстыкі й аналізу, на 30 лістапада запазычанасьць па заработнай плаце складала 51 мільярд рублёў. За месяц да таго яна была на чвэрць меншай. Сёньня запазычанасьць складае восьмую частку месячнага фонду заработнай платы. Так высока гэты паказчык сёлета яшчэ не паднімаўся.

Мушу зьвярнуць увагу на дзьве акалічнасьці. Па-першае, падзяліўшы запазычанасьць на колькасьць афіцыйна занятых у эканоміцы, а менавіта пра іх вядзецца гаворка ў дзяржаўнай статыстыцы, можа не атрымацца па 10 даляраў на чалавека.

Адсюль вынікае, што праблема сканцэнтравалася, так бы мовіць, у галінах зь нізкім узроўнем заробку, а там — на людзях з самай малой аплатай працы.

Сапраўды, на калгасы-саўгасы прыпадае 81% запазычанасьці, альбо восем дзясятых фонду зарплаты гэтых прадпрыемстваў за кастрычнік. То бок, тры чвэрці вяскоўцаў своечасова атрымаць сваіх грошай ня здолелі.

Дзеля параўнаньня — у прамысловасьці апошні паказчык не сягае за 3%. Настаўнікам і лекарам, паводле Мінстату, заробкі здолелі выплаціць. Дзеячы культуры і мастацтва ўсё яшчэ чакаюць свае 25 мільёнаў рублёў.

Другая акалічнасьць — эканамічная сыстэма Беларусі адчувае праблему з выплатай заробкаў увесь час, асабліва пад канец году. Не дапамагаюць пазбавіцца ад гэтай хваробы нават абяцаньні самых суворых пакараньняў. А што тычыцца сялянаў, то іхная эксплюатацыя — адна з заўсёдных рэзэрваў айчыннай гаспадаркі.

“Запазычанасьць па заработнай плаце скарацілася амаль ва ўсіх галінах эканомікі”, — рапартаваў Мінстат напрыканцы мінулага году. Толькі вёска і ў той час псавала ідылію. Не далі грошай кожнаму дзясятаму, не хапіла пятай часткі лістападаўскага фонду зарплаты.

Калі ў 1990 годзе сярэдні калгасьнік атрымліваў на 3% меней, чым сярэдні заняты ў эканоміцы, то сёньня адрыў складае 38%. Апошнія пяць гадоў запазычанасьць па заробках перад вяскоўцамі ў найбольш напружаны дзеля іх пэрыяд, у чэрвені, не бывала меней за 2 мільёны даляраў на 625 тысяч занятых (паводле афіцыйнага, зразумела, курсу). Доўг перад калгасьнікамі заўсёды складае прыкладна тры чвэрці ад агульнай запазычанасьці па заробках у краіне.

А запазычанасьць гэтая ў адносінах да фонду заработнай платы складала ў 1997 годзе 13%, у 1998 — 14%, у 1999 — 11%. Летась з запазычанасьцю змагаўся асабіста кіраўнік дзяржавы, і яна склала 7%.

Сёлетні лістападаўскі паказчык запазычанасьці, нагадаю, роўны 12% месячнага фонду заработнай платы па гаспадарцы, не выпадае за межы сярэднестатыстычнага на працягу апошніх пяці гадоў.

Такім чынам, мы маем справу ня з вынікамі парушэньня працоўнай дамовы асобнымі нядобрасумленнымі наймальнікамі, а з сыстэмнай зьявай, уласьцівай менавіта беларускаму тыпу гаспадараньня.
XS
SM
MD
LG