Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА — ГАЛОЎНАЯ ПЕРАШКОДА НА ШЛЯХУ ІНТЭГРАЦЫІ


Алена Панкратава, Менск

"Такім чынам, піша “Sueddeutsche Zeitung”, — увядзеньне адзінай расейска-беларускай валюты заплянаванае на 2005 год. Мяркуецца, што адначасова на тэрыторыі абедзьвюх краінаў пачне дзейнічаць агульная бюджэтная, мытная і падатковая палітыка, будзе створаны агульны эмісійны цэнтар і адзіная нарматыўна-прававая прастора, агульнае кіраўніцтва дзяржавай і рэсурсамі, межамі і абаронай.

Вынікі цесных расейска-беларускіх сувязяў назіраліся раней, напрыклад, у 1998 годзе, калі Расея ўцягнула краіну-суседку ў эканамічны крызыс. Праўда, апошнім часам Расея таксама яе зь яго і выцягнула”, — піша газэта.

Тым ня менш, наколькі рэальная пэрспэктыва расейска-беларускага аб’яднаньня? — пытаюцца нямецкія назіральнікі.

Паводле тэлерадыёкарпарацыі “Deutsche Welle”, чые карэспандэнты правялі апытаньне сярод расейскіх эканамічных і палітычных экспэртаў, большасьць гэтых фахоўцаў вельмі скептычна ставяцца да магчымасьці падняць беларускую эканоміку да расейскага ўзроўню — хутчэй за ўсё, адзіная саюзная эканоміка стане сапраўдным цяжарам для расейскага бюджэту.

Паводле нямецкай “Die Welt”, абсалютна неэфэктыўная дзяржаўная беларуская эканоміка, цалкам залежная ад Расеі, нават ня можа плаціць за энэрганосьбіты.

“Начамі гэтая дзяржава дыктатара знаходзіцца ў поўнай цемры, — піша “SZ”, — выглядае, што мясцовыя саветы ў вёсках і маленькіх гарадах зь вялікай ахвотай адключаюць асьвятленьне на вуліцах”. Газэта прыводзіць афіцыйныя дадзеныя Міжнароднага валютнага фонду: чвэрць насельніцтва знаходзяцца за мяжой жабрацтва. Леташні сукупны ўнутраны прадукт склаў 30 мільярдаў даляраў — гэта амаль на 5,5 мільярдаў меней, чым у 1990-м.

Сёлета экамічны рост краіны за 9 месяцаў склаў ўсяго 3%. У параўнаньні зь іншымі краінамі Ўсходняй Эўропы, гэта найбольш сьціплы паказчык. Вельмі трывожнымі, паводле экспэртаў Міжнароднага валютнага фонду, выглядаюць маштабы прыхаванага беспрацоўя — 10% насельніцтва.

Сёньня нават цяжка ўявіць сабе, што адразу пасьля распаду СССР Беларусь аб’ектыўна лічылася адной з самых эканамічна разьвітых постсавецкіх рэспублік. Сельская гаспадарка вырабляла столькі, што яе прадуктаў хапала ня толькі для беларусаў. Далейшыя памылкі ў прыватызацыйнай палітыцы, татальны дзяржаўны манапалізм зрабілі нерэнтабэльнымі як сельскую гаспадарку, так i прамысловасьць.

Паводле нямецкіх аглядальнікаў, галоўнай праблемай у разьвіцьці расейска-беларускай інтэграцыі зьяўляецца ня толькі стан беларускай эканомікі. Асноўная перашкода на шляху новай дзяржаўнай структуры — такая думка прагучала ў адной з праграмаў “DW” — сам беларускі лідэр Лукашэнка зь ягоным аўтарытарным стылем кіраваньня.

“Беларусь пры Лукашэнку — гэта самая тыповая дыктатура, — перакананы аглядальнік нямецкай “Die Welt”. — Тут кожны баіцца ўсіх і ўсе — кожнага”. Як лічыць журналіст, беларускі лідэр ёсьць дастойны пераемнікам Эрыха Хонэкера. Ужо доўгі час гэта адзіны прэзыдэнт, якому не патрэбны замежны пашпарт, бо яго не запрашае большасьць замежных краінаў.

У адрозьненьне ад былых постсавецкіх эўрапейскіх рэспублік, дзе адбыліся як эканамічныя, так і палітычныя рэформы, Беларусь на чале з Лукашэнкам нагадвае тыповую савецкую рэзэрвацыю.
XS
SM
MD
LG