Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКУ Ў МАСКВЕ ЗЬБІЛІ З РЫТМУ” – АГЛЯД РАСЕЙСКАЙ ПРЭСЫ ПРА БЕЛАРУСЬ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

“Время новостей”: “У Расеі і Беларусі розныя ўяўленьні пра тое, як выдаваць грошы. Аўдытары выявілі, што ўжо калі было рашэньне пра спыненьне дзейнасьці выканкаму Саюзу Беларусі і Расеі, ліквідацыйная камісія на 5 мільёнаў расейскіх рублёў закупіла аўтамабіляў і на 820 тысячаў – вылічальнай тэхнікі і радыётэлефонаў. Разам не на па прызначэньні былі выдадзеныя 181 мільён расейскіх рублёў”.

“Время МН”: “Апошняе сёлетняе паседжаньне Вышэйшага дзяржаўнага савету Расеі і Беларусі, насуперак чаканьням ягонага старшыні Аляксандра Лукашэнкі, лёсавызначальным ня сталася. Пытаньні эканомікі засланілі бліжэйшую палітычную пэрспэктыву”.

“Коммерсант”: “Лукашэнку ў Маскве зьбілі з рытму”.

“Известия”: “для Лукашэнкі прынцыповым момантам быў праект канстытуцыйнага акту. Да паседжаньня была падрыхтаваная і кароткая канцэпцыя дзяржаўнага ўпарадкаваньня. Канцэпцыя гучыць ня менш рэвалюцыйна, чым канстытуцыйны акт: перадаць у выключную кампэтэнцыю Саюзнай дзяржавы абаронную палітыку і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, ахову межаў, падаткавыя, тарыфныя і эмісійныя пытаньні. Гэта значыць, пераўтварыць дамоўны саюз у сапраўдную дзяржаву з усімі функцыямі, аж да кіраваньня ўласнай маёмасьцю. Чаканьні Лукашэнкі ня спраўдзіліся. Пуцін заявіў, што галоўнае – гэта выпрацоўка адзінай эканамічнай палітыкі”.

“Время МН”: “Інтрыга палягае ў тым, што адзіную эканамічную прастору саюзьнікі бачаць у розных ракурсах. У Менску говораць пераважна пра “адзіныя ўмовы гаспадараньня” (маючы на ўвазе роўныя тарыфы на энэрганосьбіты) і магчымасьці забіраць НДС з расейскіх тавараў паводле прынцыпу краіны прызначэньня. У Маскве налягаюць на ўніфікацыі заканадаўства – у першую чаргу ў галіне маёмасных адносінаў, мытнага рэгуляваньня, банкаўскай, крэдытова-грашовай і бюджэтнай сыстэмаў. Пры тым Беларусі прыдзецца пайсьці на значную лібэралізацыю заканадаўства. І можна зразумець, што такія “радыкальныя” крокі, як абавязковая, з гледзішча Масквы, прыватызацыя дзяржаўнай уласнасьці, надта не да спадобы Лукашэнку, які прывык усё трымаць пад асабістым кантролем”.

“Независимая газета”: “Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што расейскія кампаніі павінны “шырэй працаваць на беларускім рынку”, але тут дазволена падкрэсьліць, што для пачатку і беларускія бізнэсоўцы павінны камфортна сябе пачуваць на радзіме, а не дэсантавацца ў Расею разам са сваімі фінансамі і сувязямі”.

“Московские новости”: “Беларусь пераўтварылася ў “чорную дзірачку” для па-заквотнага экспарту расейскай нафты.” Згодна з пагадненьнем з ОПЭК, Расея можа экспартаваць ня болей за 150 тысячаў барэляў у содні. А пад прыкрыцьцем саюзнай дзяржавы нафта экспартуецца ў Беларусь, адкуль ужо нафта плыве тым, хто плоціць, – на Захад. І Лукашэнку прыробак, і Расеі някепска. Праўда, справа гэтая крыху патыхае падманам, але на гэта расейскія нафтавікі напэўна адкажуць: калі сучасная глябалізацыя не пакідае нам іншага мэтаду, апрача вось гэткіх узаемна-карысных хітрыкаў, то даруйце. Вось толькі што скажа ОПЭК? Зрэшты, гэта ня йстотна. Захаду што патрэбна? Больш нафты з Расеі, каб зьнізіць цэны на нафту. Дзеля такой справы можна і менскага дыктатара пацярпець яшчэ гадочкі чатыры. Вось толькі пытаньне – ці надоўга хопіць нафты?”

“Газета”: “Учора прэзыдэнты Расеі і Беларусі ня толькі ні пра што не дамовіліся, але нават ня выйшлі з камэнтарамі да прэсы. Пытаньне пра канстытуцыю адкладзенае да лютага. Крэмаль гатовы вывесьці Лукашэнку з тупіку, прапанаваўшы яму саступіць Пуціну месца кіраўніка Дзяржрады.”

“Время новостей”: “Лукашэнка ўжо нават думаць забыўся пра свае амбіцыі ельцынаўскай эпохі, калі ён усур’ёз спадзяваўся стаць кіраўніком аб’яднанай беларуска-расейскай дзяржавы. У эпоху Пуціна беларускага прэзыдэнта турбуе, як не згубіць ўплыву ва ўласнай краіне. Адсюль люты гандаль за кожны радок у новых саюзных пагадненьнях, спрэчкі з нагоды праектаў акцыянаваньня беларускіх прадпрыемстваў. І намёкі на тое, што ў выпадку “палітычнай сьмерці” цяперашняга партнэру гэткай жа зьмены ляяльнай замены Расея ў Менску ўжо ня знойдзе... Не памірай, брат!”
XS
SM
MD
LG