Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПРАЦЭСЕ НАД АЛЯКСАНДРАМ ЧЫГІРОМ СЬВЕДКІ ДАЮЦЬ ПАКАЗАНЬНІ, ЯКІЯ СУПЯРЭЧАЦЬ ЗЬВЕСТКАМ СЬЛЕДЗТВА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У пацярпелых Зьмітра і Сьвятланы Маслоўскіх напрыканцы 2000 году быў скрадзены мікрааўтобус “Форд-транзыт” белага колеру. Праз два месяцы некаторыя часткі гэтага аўтобуса пацярпелыя апазналі. Але на судзе высьветлілася, што апазнаньне праводзілася ня ў доме Чыгіра-малодшага ў пасёлку Тарасава, а ў вайсковай частцы ў Менску.

Сьвятлана Маслоўская пазнала дах свайго аўтамабіля сярод іншых частак, што былі зваленыя ў адным з ангараў.

(Маслоўская: ) “Дах быў сьпілаваны і частка бакоў. Бачна, што белы колер, што кароткая база... Я ўсё гэта ведаю, бо гэта ж наша машына. Таму дах я пазнала, але больш ніякіх нашых запчастак ня бачыла. Іх потым муж пазнаў, калі туды езьдзіў — таксама ў вайсковую частку. А раней, калі нас прывозілі на апазнаньне ў дом і гараж у Тарасаве, там я гэтага даха ня бачыла, і астатніх частак нашага аўтобуса там не было”, — казала ў судзе сьведка Маслоўская.

Муж і жонка Маслоўскія пацьвердзілі, што пры апазнаньні запчастак сьведкамі былі іхныя сваякі, якія і расьпісаліся ў пратаколе апазнаньня. Абаронцы Аляксандра Чыгіра лічаць гэта істотным парушэньнем Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.

Адвакаты атрымалі ад пацярпелых Маслоўскіх яшчэ адно важкае, на іхную думку, сьведчаньне. Стала вядома, што выезд пацярпелых са сьледчымі да дома Чыгіра-малодшага і апазнаньне частак мікрааўтобуса ў вайсковай частцы былі праведзеныя ў розныя дні. Між тым, паводле матэрыялаў справы гэта адбылося ў адзін дзень.

“Потым, абапіраючыся на гэтыя матэрыялы, сьледчыя публічна заявілі, што пацярпелыя апазналі свае запчасткі ў гаражы Аляксандра Чыгіра. У прыватнасьці, пра гэта казаў начальнік сьледчага камітэту Глухоўскі ў інтэрвію дзяржаўным мэдыям. Але цяпер атрымліваецца, што тое былі ілжывыя зьвесткі”, — заўважыў Радыё Свабода Міхаіл Чыгір. Адносна захадаў сьледзтва ён дадаў наступнае:

(Чыгір: ) “Калі былі ператрусы там, дзе хаваў запчасткі мой сын, павінны былі быць панятыя... Чамусьці на стужцы, на якой зьняты ператрус у гэтым гаражы, зафіксаваныя адчыненыя дзьверы. І нарэшце, на ўсіх запчастках, вывезеных з гаража сына, трэба было павесіць адмысловыя біркі, а іх падчас апазнаньня не было. Цяпер атрымліваецца — апазналі нейкі дах, а адкуль ён ўзяўся, невядома.

Вось чаму магчыма казаць, што шматлікія парушэньні, якія зробленыя сьледчымі, не даюць магчымасьці разгледзець гэтую справу ў адпаведнасьці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам”.

Заўважу, аднак, што на папярэдніх паседжаньнях некаторыя пацярпелыя пацьвярджалі зьвесткі сьледзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG