Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ ТЭХНАЛЁГІІ


Сяргей Шупа, Вільня

Вось некаторыя зь сёлетніх ляўрэатаў.

* Прэмію ў галіне біятэхналёгіі атрымаў доктар Крэйг Вэнтэр, прэзыдэнт амэрыканскай карпарацыі Celera Genomics. У 1990 годзе Вэнтэр распрацаваў рэвалюцыйную тэхналёгію дасьледаваньня генаў, на падставе якой зробленыя ўсе пазьнейшыя адкрыцьці ў галіне генэтыкі. Заснаваная ім у 1998 годзе карпарацыя Celera сталася галоўным асяродкам дасьледаваньня геному чалавека. 26 чэрвеня 2000 году Celera абвясьціла пра заканчэньне працы над выяўленьнем складу геному чалавека. Вынікі дасьледаваньня былі надрукаваныя 16 лютага сёлета ў часапісе Science.

* Ляўрэатам прэміі ў галіне камэрцыі стаўся Лінус Торвальдс, праграміст каліфарнійскай карпарацыі Transmeta. Лінус Торвальдс уганараваны за стварэньне апэрацыйнай сыстэмы Linux і за распрацоўку ідэі гэтак званых праграмаў адкрытага зыходнага коду (Open Source Code). Linux цяпер — адна з самых папулярных апэрацыйных сыстэмаў, якая шырока выкарыстоўваецца ў прыладах мабільнай камунікацыі, на вэб-сэрвэрах, у распрацоўцы на Інтэрнэце ды ў іншых галінах інфармацыйнай тэхналёгіі. Апрача таго, Лінус Торвальдс — нефармальны лідэр глябальнай супольнасьці прыхільнікаў праграмаў адкрытага зыходнага коду.

* Прэмія ў галіне камунікацыйных тэхналёгіяў прысуджаная Робэрту Мэткефу, заснавальніку кампаніі 3 Com. Робэрт Мэткеф вядомы ў сьвеце як увасабленьне жывой гісторыі кампутаровай навукі. Працуючы ў 1970 гадох у дасьледным цэнтры фірмы Xerox, ён вынайшаў спосаб перадачы інфармацыі паміж кампутарамі і распрацаваў стандарт кампутарных сетак Этэрнэт, з дапамогай якога сотні мільёнаў кампутараў у сьвеце падлучаюцца да Інтэрнэту. Апошнім часам Мэткеф піша шмат артыкулаў, выступае з прамовамі, ладзіць канфэрэнцыі. Ягоную аўтарскую рубрыку ў тыднёвіку InfoWorld рэгулярна чытаюць мільёны спэцыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў ва ўсім сьвеце.

* Прэмія ў галіне прадпрымальніцтва прысуджаная Шону Фанінгу, заснавальніку бясплатнай інтэрнэтнай сеткі абмену музычнымі запісамі Napster. Сетка Napster імгненна набыла шырокую папулярнасьць у сьвеце. Магчымасьць бясплатна загрузіць практычна любы музычны запіс занепакоіла вядучыя фірмы гуказапісу, якія пабачылі ў дзейнасьці сеткі Napster парушэньне аўтарскіх правоў на музычную прадукцыю. Амаль ад самага заснаваньня сеткі супраць Napster'а вядуцца судовыя працэсы, таму ягоная будучыня пакуль што застаецца невядомая. Шон Фанінг быў таксама адным зь фіналістаў на атрыманьне сёлетняй прэміі у галіне рынкавых камунікацыяў.

* Ляўрэатам прэміі ў галіне кампутаровага апаратнага забесьпячэньня названы ганаровы старшыня карпарацыі Intel Гордан Мур. Мур, адзін з заснавальнікаў і шматгадовых кіраўнікоў карпарацыі Intel — аднаго з найбуйнейшых вытворцаў кампутарных працэсараў. Сёлетні ляўрэат пастуляваў у 1965 годзе славуты «закон Мура», паводле якога колькасьць транзыстараў, якія можна будзе разьмясьціць у кампутарнай мікрасхеме, будзе падвойвацца праз кожныя 18 месяцаў. У 1995 годзе ён удакладніў закон, які да таго часу рэгулярна спраўджваўся — колькасьць транзыстараў у мікрасхеме цяпер падвойваецца праз кожныя 2 гады.
XS
SM
MD
LG