Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЭМЛЬ РОБІЦЬ СТАЎКУ НА ЭКАНАМІЧНАЕ ПАГЛЫНАНЬНЕ БЕЛАРУСІ


Віталь Цыганкоў, Менск

"Стратэгічная лінія на саюз з Расеяй застанецца нязьменнай, — заявіў сёньня падчас сустрэчы з Пуціным Аляксандар Лукашэнка. — Для мяне як для палітыка гэта азначала б палітычную сьмерць, калі б было іншае", — заўважыў кіраўнік Беларусі. Менавіта на гэтыя словы Лукашэнкі зьвярнуў увагу старшыня БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) "Я думаю, нездарма Лукашэнка загаварыў пра сваю палітычную сьмерць — значыць, запахла для яго палітычнай сьмерцю. Па-другое, той факт, што не было дэманстратыўна падпісана ніякіх новых пагадненьняў, як гэта было ў ранейшыя калядныя дні. Тое, што сёньня гэтага не адбылося, паказвае, што ранейшы альгарытм, ранейшыя навыкі працы Лукашэнкі празь Ельцына — яны ўжо не працуюць.

Мяркую, што кулюарнасьць усіх цяперашніх крамлёўскіх спатканьняў сьведчыць, што Лукашэнку "душылі", што яго прымушалі рабіць зусім пэўныя эканамічныя крокі, зьвязаныя з абяцаньнямі, дадзенымі Лукашэнкам перад выбарамі ўзамен за аказаньне палітычнай і матэрыяльнай падтрымкі”.

(Карэспандэнт: ) “Як у гэтай сувязі можна ацаніць словы Пуціна, што ня варта "спрабаваць пераскокваць праз аб'ектыўныя прыступкі" ў працэсе інтэграцыі?”

(Вячорка: ) “Маецца на ўвазе, відаць, тое, што Лукашэнка хацеў бы, як гэта было за Ельцыным, абмежавацца пэўнымі паказнымі ўяўна-праўнымі крокамі, у той жа час не аддаючы дашчэнту свайго эканамічнага падгрунця. Тое эканамічнае разьняволеньне, якога нібыта дамагаецца Пуцін, — гэта ня ёсьць рынкавыя рэформы ў Беларусі, а якраз расчыстка дарогі расейскім алігархам".

Той факт, што падчас сёньняшняй сустрэчы Лукашэнкі й Пуціна не было падпісана ніякіх дакумэнтаў, старшыня БСДП (НГ) Мікола Статкевіч лічыць вельмі паказальным. На думку Статкевіча, каманда Пуціна не жадае прысьпешваць інтэграцыйныя працэсы, робячы стаўку на эканамічны захоп Беларусі.

(Статкевіч: ) "Сёньня найбольш яскрава праявілася тая тэндэнцыя, да якой ішлі стасункі паміж Лукашэнкам і сучасным кіраўніцтвам Крамля. Справа ў тым, што зараз не ў інтарэсах кіруючага ў Маскве рэжыму фарсіраваць інтэграцыйныя працэсы. Таму што каманда Пуціна відавочна імкнецца да інтэграцыі з Эўропай, імкнецца ў нейкай ступені на Захад. І занадта цеснае збліжэньне з такім адыёзным саюзьнікам як Лукашэнка можа пашкодзіць гэтым плянам”.

(Карэспандэнт: ) “Пуцін якраз заявіў, што галоўнай задачай саюзу Беларусі й Расеі зьяўляецца фармаваньне эканамічнай і мытнай прасторы. То бок Пуцін перанёс асноўную вагу з палітычных праблемаў на эканамічныя”.

(Статкевіч: ) “Так. І зараз асноўныя намаганьні Расеі да Беларусі скіраваныя на ўсталяваньне эканамічнага кантролю. Я думаю, што Расея будзе прымушаць беларускія ўлады да прыватызацыі. Безумоўна, гэта будзе вельмі цяжкае палітычнае рашэньне для Лукашэнкі, — яго якраз эканамічная інтэграцыя задавальняе ў апошнюю чаргу.

Але лёгіка разьвіцьця беларускай эканомікі, якая будзе ўпаўзаць ва ўсё больш працяглы крызыс, будзе вымушаць да гэтага. Так што навошта Маскве ісьці на ўсе рызыкі палітычнага аб'яднаньня. калі яна можа забясьпечыць ляяльнасьць Беларусі выкарыстаньнем эканамічных рычагоў. Вось, па сутнасьці, "плян Пуціна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG