Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NEW YORK TIMES: “ГОЛАЕ ПАВЕТРА”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Aглядальнік “New York Times” з іроніяй распачынае свой камэнтар. Томас Фрыдман піша, што адразу пасьля таго здарэньня на амэрыканскіх авіялініях, калі было знойдзенае выбуховае прыстасаваньне ў абцасе чаравіка тэрарыста, ён падумаў, што калі б адчыняў уласную авіялінію, то назваў бы яе: “Голае паветра”, а ў якасьці дэвізу выбраў бо дэвіз: “Кожны ляціць голым, і ніхто не хвалюецца”. Альбо: “Голае паветра, дзе на вас апрануты толькі пас бясьпекі.”

Калі б кожны ляцеў голым, то ня трэба было б хвалявацца, што пасажыр, які сядзіць побач з вамі можа мець скрынкі ці чаравікі, што могуць выбухнуць. Томас Фрыдман дадае, што такія захады зьменшылі б колькасьць патэнцыйных тэрарыстаў, якія падымаюцца ў нябёсы. І гэта было б больш цывілізавана, чым спраўджваць профілі паводле расы. А авіякампаніям больш танна абыйшлася б бясплатная хімчыстка вашага адзеньня, пакуль вы ляціце.

Лёгка зразумець гэтую іронію – як яшчэ засьцерагчыся ва ўмовах адкрытага грамадзтва ад тэрарыстаў, якія ўвесь час удасканальваюць свае тэхналёгіі, калі не распранацца кожнаму? І ці добра гэта, што Амэрыка – свабодная і адкрытая, калі кожны можа лёгка сесьці ў самалёт у Парыжы і прынесьці ў яго бомбу ў абцасе чаравікоў або падрыхтаваць напад на Ўсясьветны Гандлёвы Цэнтар зь пячоры ў Кандагары?

Так, сёньня ў ЗША добра ўсьведамляецца, што асноўная праблема Амэрыкі сёньня ў тым, што адкрытае грамадзтва заснаванае на адкрытасьці, пэўных паняцьцях этыкі і гонару, а ЗША цяпер зьвязаныя з многімі грамадзтвамі, якія ня маюць урадаў, якія маглі б забясьпечыць парадак, а таксама і з народамі, якія не паважаюць прынятыя ў Амэрыцы этычныя каштоўнасьці.

Аглядальнік “New York Times” прыводзіць у якасьці прыкладу электронныя машыны, усталяваныя на авіялініі Бостан - Нью-Ёрк -Вашынгтон. На пытаньні, зьвязаныя зь бясьпекай, што высьвятляюцца на экране, чалавек адказвае дотыкам рукі. Паняцьці самай простай праўдзівасьці і гонару закладзеныя ў гэтых новых тэхналёгіях. Але, на думку аглядальніка “New York Times”, гэтыя машыны цяпер варта паставіць у музэй і напісаць на іх: “Экспанаты з Амэрыкі да 11 верасьня 2001 году.” На гэтым сьвеце амэрыканцы не адны.

ЗША ўваходзяць у вельмі праблематычную эпоху, краіна пачынае больш востра разумець, што адбываецца вакол яе і, як свабода і парадак ідуць разам. Для Амэрыкі каб застацца Амэрыкай, свабодным і адкрытым грамадзтвам, глыбока зьвязанай са сьветам, сьвет мае быць больш упарадкаваным і кантралюемым месцам. А парадак дасягаецца двума шляхамі: ці паступова фармуецца дэмакратычнае кіраваньне, ўсталёўваюцца этычныя каштоўнасьці, ці ён насаджаецца зьверху ўніз недэмакратычнымі, аўтарытарнымі рэжымамі, якія цьвёрда кіруюць сваімі народамі.

Сёньня, у пэрыяд пасьля халоднай вайны, многія краіны, зь якімі зьвязаная Амэрыка, знаходзяцца на пераходным этапе – паміж цьвёрдым аўтарытарным парадкам і спробамі наладзіць дабраахвотнае самакіраваньне. Гэта робіць сьвет вельмі непрыбраным, тым больш, што асобныя краіны, Афганістан тут надзвычайны прыклад, ня здольныя ажыцьцявіць гэты пераход.

“New York Times” цытуе ізраільскага палітоляга Ярона Эзрахі, які лічыць, што сёньня бальшыня ўрадаў хутчэй адасабляюцца, чым кансалідуюцца. У той час, калі амэрыканскія тэхналёгіі сталіся ўнівэрсальнымі для сьвету, амэрыканская сыстэма этычных каштоўнасьцяў яшэ не прынятая ўсім сьветам. У руках злыдняў яны сталі зброяй масавага разбурэньня. Такім чынам паўстае дылема: ці Амэрыка павінна стаць менш адкрытым грамадзтвам, ці сьвет, зь якім ЗША сталі вельмі шчыльна зьвязанымі, мае быць больш кантралюемым? Або наагул трэба вучыцца жыць з больш высокімі ўзроўнямі рызыкі, чым раней?

“А мо мы ўсе ляцім голымі?” – завяршае свой камэнтар газэта “New York Times”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG