Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМІЖ МЕНСКАМ І МАСКВОЙ ІСНУЮЦЬ СУПЯРЭЧНАСЬЦІ


Юры Дракахруст, Прага

Напачатку пасяджэньня Вышэйшага савету Ўладзімер Пуцін заявіў, што галоўнае пытаньне парадку дня – плян стварэньня адзінай эканамічнай прасторы дзьвюх краінаў. Расейскі лідэр выказаў меркаваньне, што “посьпех беларуска-расейскай інтэграцыі палягае ў паступовасьці гэтага працэсу. Нельга губляць тэмпу, але нельга і штучна прысьпешваць аб’ектыўныя працэсы. Толькі дакладна пралічаныя і цалкам узгодненыя крокі дазволяць нам выканаць нашыя пляны”.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка нават напачатку сустрэчы настойваў на тым, каб пытаньне канстытуцыйнага акту было ўлучанае ў парадак дня. Ён заявіў, што курс на зьбліжэньне з Расеяй зьяўляецца для яго прыярытэтам, а адступленьне ад гэтага курсу сталася бы ягонай “палітычнай сьмерцю”.

Разам з тым, ён зьвярнуў увагу на “неспрыяльныя тэндэнцыі ў расейска-беларускім зьбліжэньні, якіх за апошні час не ўдалося пераадолець”. Лукашэнка лічыць, што па віне ўрадаў ў гэтым пытаньні адбыліся нават некаторыя крокі назад. “Усталёўваць нам мытны бар’ер каля Смаленска няма патрэбы. Гэта было б эканамічна і палітычна шкодным,” – сказаў Лукашэнка.

Ягоны выступ на расейскім тэлебачаньні насіў адценьне ўльтыматуму: ”Мы мусім ці зрабіць тое, што мы ўзгаднілі, ці зрабіць сур’езныя зьмены ў нашых плянах і сказаць пра гэта публічна,” – сказаў беларускі лідэр.

Паводле словаў міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі Германа Грэфа падчас сёньняшняга пасяджэньня Вышэйшага савету Расея і Беларусь заявілі пра намер да 2005 году перайсьці на адзіную валюту – расейскі рубель. Расейскі міністар таксама паведаміў, што ў 2002 годзе Беларусь павінна прыняць першую частку Падаткавага Кодэксу, а да першага кварталу 2003 году – распрацаваць і прыняць другую частку Падткавага Кодэксу, якая будзе акрэсьліваць агульны спосаб падаткаабкладаньня ў дзьвюх краінах. Апрача таго, да 2003-га году будуць уніфікаваныя экспартныя ды імпартныя мыты.

“З 2003-га году у Расеі і Беларусі будзе ўзгодненая бюджэтная палітыка на падставе бяздэфіцытнага бюджэту,” – падкрэсьліў міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG