Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ РЫХТУЕЦЦА ДА МАРАТОНУ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец у часе прэсавай канфэрэнцыі абвесьціў, што сябры арганізацыі плянуюць правесьці цягам трох месяцаў вулічны маратон.

(Севярынец: ) “Нагодай для правядзеньня гэтай кампаніі стала тое, што апошнім часам актывізаваліся спробы далучыць Беларусь да Расеі. Распрацоўваецца канстытуцыйны акт, рыхтуюцца выбары ў “саюзны парлямэнт”, ідзе гаворка пра рэфэрэндум аб'яднаньня Беларусі й Расеі. Зразумела, на гэтыя пагрозы патрэбны наш адказ. З другога боку, у Эўропе з 1 студзеня ўводзіцца адзіная наяўная валюта — эўра, і, таму насустрач гэтай эўрапейскай ініцыятыве мы праводзім наш маратон”.

Маратон пачнецца 14 лютага. Спачатку, у адпаведнасьці з традыцыяй, сябры Маладога Фронту пройдуць шэсьцем “Беларусь у Эўропу!” і наведаюць амбасады эўрапейскіх краінаў. Маратон плянуецца пачаць з усходніх гарадоў і завершыць у заходніх. Увесь гэты час маладафронтаўцы будуць ладзіць у гарадах пікеты і вулічныя акцыі.

Падчас кожнай акцыі будзе праводзіцца апытаньне моладзі. Галоўнае пытаньне: “Дзе вы жадаеце жыць? У Расеі ці ў Эўропе?”

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Такім чынам, ад усходу да захаду пройдзе такі шырокі малады фронт, асноўнай мэтай якога будзе паказаць, што моладзь за эўрапейскую пэрспэктыву, супраць саюзу з Расеяй. Менавіта моладзь будзе вырашальнай сілай, якая перакрэсьліць усе намаганьні імпэрыі й дыктатуры над адбудовай Савецкага Саюзу. Мы мяркуем таксама далучыць да гэтай кампаніі шырокія колы моладзі, не заангажаваныя ў палітыцы”.

Намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін дадаў, што сябры арганізацыі вымушаныя выкарыстоўваць новыя мэтады правядзеньня вулічных акцыяў.

(Шэін: ) “Акцыі Маладога Фронту паспыталі на сабе ціск і рэпрэсіі. Таму падчас гэтай кампаніі мы мяркуем, па-першае, выкарыстаць досьвед папярэдніх акцыяў, якія праводзіліся 14 лютага, прынамсі, летась і, па-другое, мы спадзяемся, што ўвага сьвету да пытаньня эўрапейскай інтэграцыі будзе неяк стрымліваць улады на месцы. Спадзяемся, што нашыя мудрыя і хітрыя паводзіны дазволяць нам правесьці акцыі ва ўсіх гарадах, у якіх яны заплянаваныя”.

Пры канцы году, 31 сьнежня, маладафронтаўцы наладзяць сьвяточную акцыю. Апранутыя Дзедамі Марозамі, яны будуць віншаваць менчукоў з Новым годам.
XS
SM
MD
LG