Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ВАРТАЯ ЎВАГІ ЗАХАДУ


Алена Панкратава, Менск

“Верасьнёўскія тэракты ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне нейкім чынам дапамаглі рэжыму Лукашэнку: інтарэс Захаду да Беларусі на працяглы час адышоў на другі плян…” “Аднак адзіная краіна ў Эўропе, дзе захавалася дыктатура, сьмяротнае пакараньне і плянавая гаспадарка, заслугоўваюць сапраўднай увагі з боку Захаду”, — пішуць пра Беларусь у швайцарскай “National Zeitung und Basler Nachrichten” і нямецкай “Sueddeutsche Zeitung”.

“Калі ехаць зь Берасьця ў Маскву па аўтабане М-4, то на беларускай частцы магістралі амаль ня ўбачыш аўтамашын. Кажуць, яны тут увогуле губляюцца. Каго шмат на дарозе, дык гэта рабочых, якія штодня чысьцяць прыдарожныя слупкі. Пра сацыялізьме праца ёсьць заўсёды — іншая справа, як за яе плацяць”, — так пачынаецца артыкул нямецкага журналіста Міхаэля Баўхмюлера ў "SZ".

“На цяперашні момант, — піша журналіст, — Аляксандар Лукашэнка кіруе адзінай у Эўропе плянавай гаспадаркай. Сам ён называе гэтую эканамічную мадэль рынкавым сацыялізмам. Дзяржава кантралюе цэны, мэнэджмэнт у прыватным бізнэсе, абменны валютны курс. Тое, што дзяржава ўсё яшчэ існуе, залежыць ад падтрымкі суседняй Расеі.

З часу свайго кіраваньня Лукашэнка ня бачыць іншай будучыні Беларусі, акрамя як у зьвязе з Расеяй. Тое, што гэтае аб'яднаньне так дагэтуль і не адбылося, залежыць, канечне, ад Масквы”, — піша "SZ".

Расея ня мае ніякай зацікаўленасьці ў тым, каб даць краіне-суседцы гэтак званы прытулак для бедных. Аднак пры гэтым яна дае Беларусі таннае паліва. У сваю чаргу расейскае паліва ідзе бясплатна празь Беларусь у Эўропу.

Паводле журналіста Томаса Розэра, аўтара артыкула "Лукашэнка закручвае гайкі" ў швайцарскай "NZ", падтрымку Масквы ніякім чынам нельга назваць дабрачыннай. Вядома, што за ляяльнасьць Крамля ў часе беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў Менск плаціць і будзе плаціць у бліжэйшым часе па вялікім рахунку. Сёньня самымі буйнымі беларускімі прадпрыемствамі валодаюць расейскія алігархі, — піша газэта.

Драматызм сытуацыі ў тым, што вялікая колькасьць надзвычай адукаваных мясцовых спэцыялістаў засталася непатрэбнай ні гэтым алігархам, ні айчыннай плянавай гаспадарцы. Іхны штомесячны заробак у сярэднім складае каля 100 дойчмарак.

Паводле аўтараў абодвух артыкулаў, Томаса Розэра і Міхаэля Баўхмюлера, таемныя спадзяваньні эўрапейскіх палітыкаў на беларускую лібэралізацыю, да якой Лукашэнка павінен быў прыйсьці ў выніку зьбліжэньня Расеі з Захадам, так і застануцца спадзяваньнямі.

"Тут адбываецца тое, што й павінна адбывацца пры дыктатуры, — піша базэльская "NZ". — Лукашэнка ніколі ні пра што не забываецца і нічога нікому не даруе”.

Як паведаміў у размове са швайцарскім журналістам амбасадар АБСЭ Ганс-Георг Вік, апошнім часам Лукашэнка распачаў сапраўдную чыстку ў шэрагах той намэнклятуры, якая ў часе выбараў падтрымлівала кандыдата ад апазыцыі.

Нават кампанію супраць карупцыі беларускі лідэр выкарыстоўвае для таго, каб разьлічыцца са сваімі ўнутрыпалітычнымі праціўнікамі. У гэты сьпіс 700 асобаў трапілі вядомыя дзеячы прафсаюзаў і дырэктары заводаў. У выніку дзяржаўнай інтэрвэнцыі яшчэ больш пагоршылася сытуацыя ў малым бізнэсе.

"Чым далей Беларусь застанецца ў гэтай сытуацыі, тым цяжэй будзе зь яе выйсьці, — сказаў швайцарскаму журналісту адзін заходні дыплямат. — Прагназаваць каляпс няцяжка". Паводле журналіста нямецкай "SZ", пакуль Лукашэнка не распачне сапраўдную лібэралізацыю, сотні беларусаў будуць працягваць штодня бессэнсоўна і амаль бясплатна чысьціць прыдарожныя слупкі й заліваць пад дажджом асфальт.
XS
SM
MD
LG