Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯРАСЛАЎСКІ "АЎТАДЫЗЭЛЬ" НЕЗАДАВОЛЕНЫ БЕЛАРУСКІМ МАЗАМ


Міхал Стэльмак, Менск

Акцыянэрнае таварыства "Аўтадызэль", створанае на базе Яраслаўскага маторнага заводу, публічна абвінаваціла МАЗ у стрымліваньні сваіх вытворчых плянаў. У прыватнасьці, генэральны дырэктар "Аўтадызэлю" Ўладзімер Савельеў заявіў, што Менскі аўтазавод не выконвае дамоўленасьці наконт стварэньня канкурэнтаздольнага аўтамабіля.

Вось як пракамэнтавала сёньня гэтую заяву нашаму радыё прэсавая сакратарка спадара Савельева Юлія Юдзіна:

(Юдзіна: ) "Праблемаў некалькі. Першае, у МАЗа зараз няма магчымасьцяў вырабляць у большым аб'ёме аўтамабілі з рухавікамі "Эўра-2". Таму што да аўтамабіля з "Эўра-2" прад'яўляецца шмат патрабаваньняў. Па-другое, з прычыны нізкай пакупніцкай здольнасьці насельніцтва маюць месца цяжкасьці са збытам тэхнікі з новым рухавіком у параўнаньні з рухавікамі "Эўра-0" і "Эўра-1". І, нарэшце, яшчэ адна прычына — адсутнасьць каробкі перадачаў да рухавіка "Эўра-2". Гэтая каробка перадачаў вырабляецца ў Менску, але ў вельмі невялікай колькасьці".

Як вынік, сёлета, паводле словаў спадарыні Юдзінай, вырабілі толькі тысячу аўтамабіляў, на якіх усталяваныя рухавікі з палепшанымі экалягічнымі парамэтрамі й якія можна выкарыстоўваць у заходнеэўрапейскіх краінах.

Між тым, у адпаведнасьці зь беларуска-расейскай праграмай разьвіцьця дызэльнага аўтамабілебудаваньня, лічба штогадовага вырабу сумесных аўтамабіляў з рухавіком "Эўра-2" мусіла б дасягнуць ужо 17 тысяч.

Беларускі бок сваёй віны не прызнае. Намесьнік генэральнага дырэктара Менскага аўтазаводу Аляксей Тутубалін, камэнтуючы прэтэнзіі кіраўніцтва "Аўтадызэлю", зазначыў:

(Тутубалін: ) "Гэта цалкам неапраўданая заява. Рухавікі "Эўра-2" у нас усталёўваюцца на аўтамабілі зь верасьня. З гэтымі рухавікамі мы вырабляем магістральныя цягачы. Усё ў нас для вытворчасьці падрыхтавана, і адзіная праблема — дэфіцыт рухавіка "Эўра-2". Нам проста не пастаўляе Яраслаўскі маторны завод гэты рухавік".

На думку незалежных назіральнікаў, цяперашнія падзеі вакол МАЗу зьвязаныя з барацьбой за кантроль над гэтым прадпрыемствам. Адзін са шляхоў дасягненьня такой мэты — эканамічны ціск на МАЗ з боку яраслаўскага "Аўтадызэлю", які падпарадкаваны расейскаму алігарху Алегу Дзерыпаску.
XS
SM
MD
LG