Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ГАЗЭТЫ Ў 2001 ГОДЗЕ


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Павал Жук, Павал Якубовіч

(Дракахруст: ) “Скончваецца першы год ХХІ стагодьдзя. Наколькі беларуская журналістыка, прынамсі, газэтная, аказалася на ўзроўні новага стагодзьдзя, наколькі годна здолела адказаць на выклікі часу і новыя патрэбы аўдыторыі? Спадар Якубовіч, як Вы мяркуеце?”

(Якубовіч: ) “Ні на якія выклікі, ні на якія патрабаваньні часу беларуская журналістыка асабліва не адказвала. На мой погляд беларуская журналістыка, на жаль, апынулася ў становішчы, вартым шкадаваньня, знаходзячыся ў стане пэрманэнтнай барацьбы ці то за існаваньне, ці то за сваё месца пад сонейкам. Газэты ўвесь час сварацца адна з адной на палітычным полі, якое яны самі дрэнна разумеюць. Прычым гэта тычыцца газэтаў, незалежна ад іх заснавальніка: газэты ў нас сумныя, газэты правінцыйныя, журналісцкія зоркі можна пералічыць па пальцах адной рукі.

Няма ў Беларусі журналісцкіх зорак. Учора яны былі, і заўтра будуць, а сёньня няма. І гэта тычыцца як “Советской Белоруссии”, гэтак і “Народнай волі”, і іншых газэтаў.

Занадта шмат журналістаў палічылі сябе палітычнымі дзеячамі. Яны займаюцца ўсім, удзельнічаюць у мітынгах, контармітынгах. Шмат хто зь іх лічыць сябе носьбітам нейкіх высокіх маральных і іншых каштоўнасьцяў. А проста напісаць матэрыял, пасьля якога ў рэдакцыю прыйдуць мяхі лістоў і будзе штурм газэтных шапікаў – вось гэтага няма.

Зразумела, ёсьць выданьні больш якасныя, ёсьць менш якасныя. Я магу ганарыцца тым, што наклад нашай газэты дасягнуў эўрапэйскага ўзроўню – каля 400 тысячаў асобнікаў у гэтым годзе, але задавальненьня ад сваёй працы я не атрымліваю, і мяркую, што і чытачы ня надта задаволеныя”.

(Дракахруст: ) “Спадар Жук, а якое Вашае меркаваньне?”

(Жук: ) “Беларуская журналістыка, я мяркую, здолела выканаць сваю задачу. Што ж тычыцца ХХІ стагодьдзя, то нашая краіна жыве хутчэй дзесьці ў 70-х гадох мінулага стагодзьдзя. Таму і друк падзелены на два лягеры, па сутнасьці ў нас ідзе жосткая ідэалягічная барацьба. Адну і тую ж зьяву дзяржаўныя газэты асьвятляюць з пункту гледжаньня ўладаў, незалежныя газэты спрабуюць даваць сапраўдную інфармацыю.

Кажучы пра незалежную журналістыку, я скажу, што недзяржаўныя мэдыі сваю задачу выканалі. Падчас перадвыбарчай кампаніі яны працавалі на карысьць дэмакратычнага выбару, на карысьць выбару прэзыдэнта, які б мог вярнуць Беларусь ува ўсясьветную супольнасьць.

Аднак я мяркую, што нашая журналістыка ўсё ж не адпавядае ўсясьветным ўзорам, нашая журналістыка занадта ідэалягізаваная.
Нашая газэта была наўпрост заангажаваная на падтрымку адзінага кандыдата, на падтрымку дэмакратычных каштоўнасьцяў. Мы заўсёды стаялі на абароне прынцыпаў незалежнасьці Беларусі, дэмакратыіі, рынкавай эканомікі. Калі гэта зьяўляецца ангажаванасьцю, то мы былі ангажаваныя менавіта гэтым.

У нас няма нарамальнай журналістыкі, няма газэты, як бізнэсу, якая проста дае людзям поўную, абгрунтаваную і ўсебаковую інфармацыю.
Людзі купляюць газэты, каб вырашыць, на якім яны баку. І я лічу, што гэтага незалежная журналістыка дасягнула, грамадзтва нейкім чынам зрабіла выбар, дзякуючы нам.

(Дракахруст: ) “У гэтым годзе Беларусь перажыла перадвыбарчую кампанію. Як гэты досьвед адбіўся на беларускіх мэдыях – ці сталі яны больш прафэсэйнымі, больш глыбокімі, пашырылі сваю аўдыторыю? Ці наадварот, перадвыбарчая кампанія аказала адмоўны уплыў? Спадар Жук, як Вы лічыце?”

(Жук: ) “Падчас перадвыбарчай кампаніі газэты значна пашырылі свае наклады, бо выходзілі адмысловыя выпускі усіх незалежных газэтаў, якія сягалі накладаў да 500 тысячаў асобнікаў. І думка, альтэрнатыўная афіцыйнай, даносілася да чытачоў, да выбаршчыкаў. Аднак параза ў гэтай выбарчай кампаніі прывяла да таго, што людзям стала проста нецікава чытаць як незалежныя, гэтак і дзяржаўныя газэты. Вялікія памкненьні ня спраўдзіліся. Мы бачым зараз і ў палітычных партыях, і сярод грамадскіх аврганізацыяў такі паўшокавы стан – усе знаходзяцца ў пошуку, у пераасэнсаваньні таго, што адбылося”.

(Дракахруст: ) “Спадар Якубовіч, а якая Вашая думка?”

(Якубовіч: ) “Ёсьць адзін пазытыўны момант. У нас не адбылося такіх агідных зьяваў, якія былі характэрныя для расейскага друку. У нас не было чорнага PR-у, не было матэрыялаў на замову, не было падгляданьня ў замковую шчыліну. І ўвесь журналісцкі корпус дастаткова рэспэктабэльна выйшаў з гэтай сытуацыі. Хаця з улікам правінцыйнасьці, пра якую я ўжо казаў, усё гэта мела месца, але ў “расьлінавых” формах.

Беларускі друк з-за адсутнасьці сур’ёзных альтэрнатыўных палітычных асобаў вымушаны быў надзьмуваць асобы нават не трэцяступенныя, а проста камічныя.

Але беларускі друк не апусьціўся да той бойні, якая была ў Маскве, гэта першае, а другое, шчыра сказаць, кампанія ня надта адбілася на якасьці нашага друку. Зараз ідзе падпісная кампанія, і я бачу, што наклады ўсіх газэтаў застаюцца прыблізна на ранейшым ўзроўні”.

(Дракахруст: ) “Якім ў гэтым годзе быў уплыў на мэдыі з боку дзяржавы? Ці падзел на “чэсных” і “нячэсных” стаў больш жорсткім, ці наадварот зьмягчыўся?”

(Жук: ) “У гэтым годзе былі толькі “чэсныя” і “нячэсныя”. Гэтыя дзьве групы мэдыяў адпаведным чынам асьвятлялі перадвыбарчую кампанію. Ані дзяржаўныя, ані недзяржаўныя мэдыі не дасягнулі ўзроўню эўрапэйскіх мэдыяў. Калі нашыя незалежныя газэты ня здолеюць выйсьці на вялікія наклады, то сэнсу ў іх існаваньні будзе няшмат, бо гэта будуць непрыбытковыя, надзвычай палітызаваныя выданьні, проста рупары апазыцыі. І чытачам яны будуць малацікавыя”.

(Дракахруст: ) “Спадар Якубовіч, а як Вы лічыце?”

(Якубовіч: ) “У некаторых выданьняў з уладаю склаліся дастаткова вострыя дачыненьні. Менавіта з уладаю, а не зь дзяржаваю. Далёка не заўсёды газэты паводзяць сябе карэктна і адказна. Газэты, якія ператвараюцца ў нейкія перадвыбарчыя штабы, друкуюць улёткі, натуральна, сутыкаюцца зь непрыемнасьцямі, якія, на жаль, набываюць драматычны характар. Але барацьба прадугледжвае нейкую некамфортнасьць. Калі газэта “Пагоня” піша, што прэзыдэнт – “хворы чалавек”, то рэдактар мусіць разумець, што перніка ад прэзыдэнта ён не атрымае.

Дзяржаўныя газэты выходзяць ува ўмовах, якія камусьці падаюцца цяплічнымі. Аднак яны таксама адчуваюць прэсынг з боку міністэрства сувязі, таксама ня маюць абаротных сродкаў і мусяць змагацца за існаваньне.

Варта казаць пра тое, што у нас ёсьць манапаліст – міністэрства сувязі, якое робіць існаваньне ўсіх газэтаў невыносным. У нас няма добрых тыпаграфіяў, архаічная сыстэма дастаўкі. Палепшыцца становішча можа тады, калі Саюз журналістаў і БАЖ будуць фармаваць грамадзкую думку і патрабаваць ад дзяржаўных органаў паляпшэньня сытуацыі”.

(Дракахруст: ) “Беларусь аточаная 5-цю краінамі, якія маюць досыць розныя грамадзтвы і адпаведна досыць розныя мэдыйныя прасторы. На ваш погляд, да якой мадэлі гэтай прасторы набліжаюцца беларускія мэдыі – да польскай, расейскай, ці беларуская мэдыйная прастора ні на кога не падобная?”

(Якубовіч: ) “Аб польскім інфармацыйным рынку мы зараз ня можам нават марыць. Якое-кольвек Беластоцкае ваяводзтва мае газэту, якой ў Беларусі няма нават у зародку. У нас ёсьць газэты, якія выдаюцца паводле расейскага стандарту. Я маю на ўвазе і “Белорусскую деловую газету”, і “Белорусскую газету”, і “Белорусскій рынок” . Але ў мяне складаецца ўражаньне, што мы ня толькі рушым па шляху, вызначаным расейскім друкам.

У нас прынята казаць пра вялікую канкурэнцыю паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі газэтамі. Але сёньня мы мусім гаварыць пра канкурэнцыю паміж друкам беларускім і расейскім. Расейскі мэдыя-капітал усё больш заўважальна пранікае ў нашую інфармацыйную прастору. У нас ужо выдаюцца і “Комсомольская правда в Беларуси” і “Труд в Беларуси”. Ёсьць і іншыя выданьні кшталту “Ва-банк”, зробленыя паводле расейскага стандарту. Пакуль яны рэклямныя, але яны ўжо заўважальныя на рынку.

Калі яны дададуць палітычную старонку, то мы прачнемся ў іншай інфармацыйнай сытуацыі, бо гэтыя выданьні ўжо дастаткова раскручаныя. Расейскі “Профмедиабанк”, які ўтрымлівае шэраг расейскіх выданьняў, ужо зьяўляецца гульцом у нашай інфармацыйай прасторы. Можна чакаць зьяўленьня новых выданьняў, якія будуць фінансавацца Масквою. Гэтую сытуацыю давядзецца ўлічваць ўсім ўласна беларускім выданьням.

Мне пастаўленая задача – зьмяніць твар “Советской Белоруссіі” і да 1 траўня зрабіць газэту эўрапэйскага ўзроўню. Гэта – адзін з магчымых адказаў на экспансыю расейскіх мэдыяў, якая набліжаецца”.

(Дракахруст: ) “Спадар Жук, а як Вы лічыце?”

(Жук: ) “Пакуль што, на маю думку, беларускія мэдыі ідуць сваім шляхам, непадобным ані на расейскі, ані на польскі , ані на які іншы ўсясьветны досьвед. Там ужо мэдыі – гэта бізнэс. І пашырэньне аўдыторыі там – гэта адна з асноўных мэтаў любога выданьня. Мне найбольш падабаюцца польскія газэты, польскія мэдыі.

У нас няма асноўнага, на чым трымаюцца мэдыі ўва ўсім сьвеце – у нас няма нарамальнай эканомікі. Нармальная эканоміка – гэта рэкляма, гэта грошы ад рэклямы, якія атрымлівае газэта. У нас жа незалежныя газэты фактычна пазбаўленыя рэкляманага рынку. А па-другое, сам па сабе гэты рэклямны рынак надзвычай малы”.

(Дракахруст: ) “Зараз даволі папулярная думка, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў беларускае грамадзтва апынулася на раздорожжы: і ўлада, і апазыцыя пераасэнсоўваюць сытуацыю, шукаюць новыя падыходы. Ці тычыцца гэта мэдыяў? Спадар Жук ужо казаў пра пераасэнсаваньне. У чым тут могуць палягаць новыя падыходы для газэтаў?”

(Якубовіч: ) “Я ня бачу ніякага раздарожжа. Выбары прайшлі спакойна, працягвавецца ранейшы курс. Вы можаце ацэньваць яго – добры ён ці кепскі, справа ня ў гэтым. Тое, што чакалася, адбылося і ў апазыцыі, дзе нічога і не было, апрача пустазвонства і барацьбы за гранты.

Сёньня працягваецца дзяленьне партыяў, уездны банапартызм з боку лідэраў, якія хочуць захавацца невядома дзеля чаго. Ролю друку я якраз бачу ў тым, каб шукаць новыя сур’ёзныя фігуры. Вось пра што мусіць гаварыць друк. Новыя людзі мусяць прыйсьці і стаць лідэрамі грамадскай думкі”.

(Дракахруст: ) “Спадарр Жук, а ў чым Вы бачыце сутнасьць новых падыходаў?”

(Жук: ) “Я бачу адзінае выйсьце – рабіць салідную і прыстойную газэту, якая б усебакова асьвятляла ўсе падзеі ў Беларусі і ў сьвеце, газэту, як інфармацыйны носьбіт, які дасьць магчымасьць кожнаму, хто возьме яе ў рукі, ведаць усё пра ўсё. Гэта – адзіны шлях заваёвы чытача і прасторы на мэдыя-рынку, гэта, нарэшце, зарабленьне грошай. Я лічу, што ў нашай краіне трэба ставіць усё на бізнэс-падмурак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG