Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ НАВУКІ


Сяргей Шупа, Вільня

* НЬЮ-ЁРК. Амэрыканскі астраном Майкл Молнар знайшоў згадку пра Бэтлеемскую зорку ў астралягічным рукапісе IV стагодзьдзя рымскага хрысьціяніна Матэрнуса. Аабпіраючыся на сьведчаньні рукапісу, Молнар цьвердзіць, што апісаная ў Бібліі зорка была не супэрновай зоркай або камэтай, а цьмянай астралягічнай зьявай — падвойным зацьменьнем Юпітэра, якое адбылося 20 сакавіка і 17 красавіка 6-га году да нашай эры. Матэрнус апісаў гэтую зьяву, зьвязаўшы яе з нараджэньнем Ісуса. Паводле Молнара, хрысьціяне былі схільныя замоўчваць гэтае сьведчаньне, лічачы астралёгію несумяшчальнай з хрысьціянскім сьветапоглядам.

* ВАШЫНГТОН. Дасьледнікі акіянскіх глыбіняў знайшлі ў розных месцах плянэты гіганцкага кальмара, які ўразіў навукоўцаў сваім незвычайным выглядам і дзіўнымі паводзінамі. Кальмар 7-мэтровай даўжыні жыве на дне акіяну на глыбіні 5 кілямэтраў. Новы кальмар мала рухаецца, мае 10 тонкіх даўгіх ліпкіх лапаў, да якіх, як да павуціньня, прыліпаюць ягоныя ахвяры. Злавіць кальмара пакуль што нікому не ўдалося, і таму ён пакуль што застаецца ніяк не названы. Ва ўмовах высокага ціску, холаду і цемры жыве нямала істотаў, якія сваім выглядам ня толькі дзівяць, але й палохаюць таго, хто іх бачыў.

* ВАШЫНГТОН. Рэдакцыйная рада часапісу Science вызначыла 10 найбольшых навуковых дасягненьняў 2001 году. Найбольшым прарывам была названая распрацоўка звышмалых кампутараў на малекулярных мікрасхемах. Сярод іншых дасягненьняў году — прагрэс у вывучэньні геннай структуры чалавека, доказ выпраменьваньня сонцам «нябачных» нэўтрына, новыя лекі ад раку, прызнаньне віны чалавецтва ў глябальным пацяпленьні, дасьледаваньне г. зв. «халодных» супэратамаў.

* БРАЗІЛІЯ. Дасьледнік фаўны амазонскіх джунгляў Дэйвід Орэн ужо другое дзесяцігодзьдзе шукае гэтак званага «мапінгуары» — валасатага монстра двухмэтровай вышыні з вострымі зубамі і невыносным смуродам. Орэн грунтуе свае пошукі на сьведчаньнях мясцовых легендаў, на апавяданьнях навочных сьведкаў і на сьлядах, знойдзеных ім у джунглях. Навуковец мяркуе, што таямнічая істота належыць да пароды гіганцкіх малпаў-ляніўцаў, якія яшчэ захаваліся ў недаступных мясьцінах. У амазонскіх джунглях штогод знаходзяць дзясяткі новых невядомых навуцы жывёльных відаў.

* ЛЁНДАН. Шаравая маланка надалей застаецца загадкай для навукоўцаў. Спэцыялісты лічаць, што для вытлумачэньня дзіўнага эфэкту маланкі неабходныя веды як найменей 10 розных навуковых дысцыплінаў. Паводле самай пашыранай гіпотэзы, шаравая маланка ўяўляе сабою гарэньне кварцавых выпарэньняў, калі тонкі кварцавы пыл пад уплывам статычнай электрычнасьці зьбіраецца ў шар. Паводле іншай тэорыі, іянізаваная паветра ўтварае ў спалучэньні з вадою гарачую плязму. Ніводная тэорыя пакуль што не знайшла лябараторнага пацьверджаньня.

БГУБАНЭШВАР (ІНДЫЯ). На ўзьбярэжжы індыйскага штату Арыса штодня гінуць сотні марскіх чарапахаў, занесеных у сьпіс ахоўваных жывёлаў. Кожную зіму тысячы чарапахаў Рыдлі прыплываюць да берагоў Індыі, каб адкласьці яйкі. Вялікая колькасьць чарапахаў гіне, трапіўшы ў рыбацкія сеткі або пад вінты рыбалавецкіх траўлераў. Толькі за апошні тыдзень загінулі 1300 чарапахаў. Далейшае бязладнае рыбалоўства і браканьерства могуць прывесьці да зьнікненьня чарапахаў Рыдлі, даўжыня якіх дасягае 75 сантымэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG