Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* РЫМ. Італійскія ўлады спрасьцілі навукоўцам магчымасьць клянаваньня жывёлаў, не працягнуўшы дзеяньне закону, які патрабаваў атрыманьня афіцыйнага дазволу на клянаваньне. Міністэрства аховы здароўя заявіла, што закон ня быў адноўлены, каб не перашкаджаць навуковым дасьледаваньням у галіне біятэхналёгіі. Пры гэтым міністэрства падкрэсьліла, што клянаваньне чалавека ў Італіі надалей застаецца незаконнае.

* СТАКГОЛЬМ. Піцьцё кавы не спрычыняе раку грудзей. Пра гэта сьведчаць вынікі дасьледаваньня швэдзкіх мэдыкаў, якія ма працягу 13 гадоў дасьледавалі 60 тысячаў швэдзкіх жанчын, хворых на рак грудзей. Раней лічылася, што ў жанчын з ракам грудзей назіраецца аслабленьне хваробы, калі яны перастаюць ужываць каву. Дасьледнікі з Каралінскага мэдычнага ўнівэрсытэту цьвердзяць, што яны ня выявілі ніякай сувязі паміж спажываньнем кавы або чорнай гарбаты і захворваньнямі на рак грудзей. Швэды займаюць другое месца ў сьвеце пасьля фінаў паводле ўжываньня кавы на чалавека.

* ВАШЫНГТОН. Агенцтва ядзернага рэгуляваньня Злучаных Штатаў паведаміла аб плянах забесьпячэньня ёдыстым каліем тых штатаў, дзе існуе пагроза нападаў на атамныя электрастанцыі. У папярэдніх дасьледаваньнях выявілася, што калі прыняць яго неўзабаве пасьля апрамяненьня, гэты прэпарат абараняе шчытападобную залозу ад радыяцыі. Агенцтва паведаміла пра выдзяленьне 800 тысячаў даляраў на закуп неабходнай колькасьці ёдыстага калію, каб забясьпечыць ім тых, хто жыве ў радыюсе 15 кілямэтраў ад станцыяў. Усяго ў Злучаных Штатах працуюць 103 атамныя электрастанцыі.

* ЛЁС-АНДЖЭЛЕС. Сацыёляг з Каліфарнійскага Ўнівэрсытэту ў Сан-Дыега Дэйвід Філіпс выявіў, што бальшыня сьмяротных выпадкаў ад сардэчных прыступаў сярод амэрыканцаў кітайскага й японскага паходжаньня прыпадае на чацьверты дзень кожнага месяца. Гэта зьвязана з псыхалягічным стрэсам, выкліканым боязьзю лічбы 4. Гучаньне слова 4 — «сы» па-кітайску і «сі» па-японску — супадае з гучаньнем слова «сьмерць». З прычыны забабонаў у Кітаі й Японіі лічба 4 звычайна не ўжываецца ў нумарацыі гатэльных пакояў або шпітальных палатаў ды ў іншых падобных выпадках.

* ЖЭНЭВА. Вірус сьмяротнай хваробы эбола, які стаўся прычынай сьмерці 11 чалавек у Габоне, пашырыўся на суседняе Конга, дзе ад хваробы ўжо памерлі яшчэ 4 чалавекі. Экспэрты Сусьветнай арганзіацыі аховы здароўя зафіксавалі ў гэтых краінах 27 выпадкаў захворваньня на эболу. Правяраецца стан яшчэ 227 чалавек, якія мелі кантакты з хворымі. За апошнія дзесяць гадоў гэта ўжо трэці выбух захворваньняў на эболу ў Габоне.

* ЛЁНДАН. Навукоўцы з дасьледнага інстытуту ў Кембрыджы расшыфравалі склад яшчэ адной храмасомы чалавека, якая зьмяшчае інфармацыю пра самыя разнастайныя хваробы. Гэта самая вялікая храмасома з тых трох, якія дагэтуль удалося дасьледаваць. Яна складаецца з 727 генаў і каля 60 мільёнаў элемэнтаў ДНК. 32 гены гэтай храмасомы нясуць інфармацыю пра генэтычныя хваробы, улучна з хваробай Кройцфэльдта-Якаба, імуннымі парушэньнямі, хваробамі сэрца, дыябэтам і дэрматытам.
XS
SM
MD
LG