Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯНОК ПАМЯЦІ АЙЦУ ЎЛАДЫСЛАВУ ЧАРНЯЎСКАМУ


Сяргей Абламейка, Прага

Ксёндз Уладыслаў Чарняўскі быў адным з двух дзясяткаў каталіцкіх сьвятароў, якім лёс наканаваў служыць у Беларусі ў змрочныя савецкія пасьляваенныя часы. З 1953 году ён служыў у Вішневе пад Валожынам. Мала хто ведае, што гэта было за жыцьцё і што гэта было за служэньне. Ксяндзу давалі дазвол жыць і служыць толькі на адной парафіі, і раз у месяц наведвацца ў нейкую іншую вёску. І вось гэтыя сьвятары часта пешкі, у сьнег і дождж, ішлі па Беларусі і плакалі ад радасьці, што ёсьць магчымасьць аказаць сьвятарскую паслугу яшчэ нейкім людзям.

У 60-я гады вернік мог трапіць у турму толькі за наяўнасьць у доме Бібліі. І якраз у гэтыя гады, падпольна, хаваючыся, ксёндз Чарняўскі пачаў перакладаць і пераклаў на беларускую мову ўсю Біблію – Стары і Новы Запаветы. Памочнік пад страхам арышту перадкрукоўваў яе ў пяці асобніках на так званай “папіроснай” паперы.

Мала хто ведае, што ў канцы 1967 году ксёндз Уладыслаў Чарняўскі быў выбраны Ватыканам на пасаду Апостальскага адміністратара Беларусі, быў запрошаны ў Рым, прыняты Папам Паўлам VI, а таксама кардыналамі Саморэ, Чыконіяні, Бэнно Гут і архібіскупам Казаролі і даў згоду на гэтае прызначэньне. Запратэставаў, аднак, урад СССР. І ксёндз Чарняўскі так і ня быў кансэкраваны на біскупа.

Айцец Чарняўскі памёр у вельмі шчасьлівы для яго тыдзень, бо ў аўторак, 18 сьнежня, Управа Біблейнага таварыства Беларусі адзінагалосна пастанавіла выдаць ягоны шматпакутны пераклад Бібліі на беларускую мову, які шмат год не знаходзіў дарогі да чытача.

Ён быў апошнім з Друйскіх манахаў-марыянаў. І таму пасьля сёлетняй хваробы да яго прыехаў Генэрал Закону марыянаў і прапанаваў яму на выбар любы кляштар у любой краіне сьвету. Ён выбраў Літву, бо з даваенных часоў належаў да Літоўскай правінцыі. Але і адтуль уцёк праз два месяцы ў Беларусь. Апошні час ён жыў у плябані Чырвонага касьцёлу ў Менску. А памёр у Вішневе, паехаўшы адведаць сваю парафію.

Вечная памяць, ойча Ўладыславе!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG