Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІК ГОМЕЛЬСКАГА БГК: “ЁСЬЦЬ ПАДСТАВЫ ДЛЯ СПРАВЫ: ЦІ ЗАБОЙСТВА, ЦІ СХІЛЕНЬНЕ ДА САМАЗАБОЙСТВА”


Казімер Яноўскі, Гомель

У мінулую суботу Андрэя Зайцава пахавалі на Рандоўскіх могілках Гомеля. Судова-мэдычная экспэртыза канстатавала, што сьмерць наступіла ў выніку асфіксіі, іншымі словамі — удушэньня.

Бацька Андрэя — Юры Іванавіч Зайцаў, які жыве асобна ад сям'і, лічыць, што спэцслужбы загналі сына ў безвыходнае становішча.

(Юры Зайцаў: ) "Андрэй проста быў загнаны ў тупік. Вось і ўсё. Проста была тупіковая сытуацыя, а чалавек ён сумленны", — кажа бацька Андрэя.

Зайцаў-старэйшы думае разабрацца ў сытуацыі, што прывяла да сьмерці 24-гадовага сына. Асабліва ўразіла бацьку запісаная Андрэем на стужку незадоўга да сьмерці тэлефонная размова з супрацоўнікам упраўленьня КГБ. Апроч пагрозы, на стужцы былі й цынічныя прыніжэньні годнасьці сына, лічыць бацька.

У заяве ў рэгіянальнае аддзяленьне Беларускага Гельсынскага камітэту, напісанай за два дні да самагубства, Андрэй Зайцаў зазначыў, што з мэтай прыцягненьня яго да супрацоўніцтва сакрэтным пастаўшчыком інфармацыі пра дзейнасьць грамадзка-палітычных арганізацыяў старшы лейтэнант УКГБ, які называўся Алесем Еўсьцігнеевым, учыняў маральны ціск з элемэнтамі шантажу.

Двойчы, 3 і 6 сьнежня, Андрэй змушаны быў сустрэцца з гэтым супрацоўнікам у гарадзкім парку імя Луначарскага. Гэта ўжо пасьля першай спробы завэрбаваць Зайцава ў ваенкамаце Савецкага раёну.

Заява ў БГК, у якой Андрэй Зайцаў прасіў абароны сваіх канстытуцыйных правоў, вымушае да ініцыятывы й гэтую арганізацыю. Распавядае кіраўнік рэгіянальнага аддзяленьня БГК Алесь Яўсеенка:

(Яўсеенка: ) "Калі бацькі адмовяцца распачынаць крымінальную справу, то цалкам можа быць ад Гельсынскага камітэту ініцыятыва пра ўзбуджэньне справы. Шмат няяснага. Тут ёсьць падставы для справы: ці забойства, ці схіленьне да самазабойства".

Пра неабходнасьць распачаць адмысловую крымінальную справу даводзіць і юрыст БГК Аляксандар Ляшкоў:

(Ляшкоў: ) "Я лічу, што праваахоўчыя органы, у першую чаргу пракуратура, мусяць правесьці разьбіральніцтва па гэтым факце. Лепш за ўсё, каб распачалі крымінальную справу. Гэта дасьць магчымасьць больш дакладна высьветліць абставіны падазронага здарэньня з гэтым чалавекам і паставіць усе кропкі над “і”".

(Карэспандэнт: ) "А якія дзеяньні павінны быць ужо праведзеныя? Яшчэ да пахаваньня?"

(Ляшкоў: ) "Я лічу, што, па-першае, павінны былі правесьці кваліфікаваны агляд месца здарэньня, пажадана з фотаздымкамі альбо відэазапісам. Па-другое, судмэдэкспэртыза мусіла адказаць на пытаньне, ці магла гэта сьмерць быць гвалтоўнай? Павінны быць праведзеныя іншыя апэратыўныя дзеяньні з боку праваахоўчых органаў, каб устанавіць, якія кантакты былі ў апошні час у гэтага чалавека, у самыя апошнія гадзіны ягонага жыцьця".

Вядома аднак, што ніякіх дзеяньняў з прычыны сьмерці Андрэя Зайцава пракуратура пакуль не праводзіла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG