Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВААБАРОНЦЫ З БГК ПАДАЛІ Ў СУД НА "СОВЕТСКУЮ БЕЛОРУССИЮ"


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У "Советской Белоруссии" быў надрукаваны артыкул, у якім сьцьвярджалася, што дзейнасьць праваабаронцаў з БГК нібыта падрывае бясьпеку краіны. Цягам трох месяцаў БГК дамагаўся абвяржэньня гэтых зьвестак. Праваабаронцы зьвярталіся ў КГБ, Савет Бясьпекі, Адміністрацыю прэзыдэнта — нідзе не пацьвердзілі зьвестак пра злачынную дзейнасьць БГК.

Але "Советская Белоруссия" не пажадала абвяргаць свае заявы на адрас праваабаронцаў, што й вымусіла іх зьвярнуцца з пазовам у Савецкі суд Менску. Пакуль БГК патрабуе толькі прызнаць зьвесткі, што распаўсюдзіла газэта, паклёпам і абвергнуць іх "на тым жа месцы і тым жа накладам".

Цікава, што аспрэчаны артыкул быў зьмешчаны ў спэцыяльным выпуску "Советской Белоруссии", які выйшаў удвая большым за звычайны накладам. Галоўным матэрыялам таго выпуску стала праграма кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Спэцвыпуск быў каляровы, меў восем старонак і распаўсюджваўся бясплатна. Прычым, грамадзтва дагэтуль ня ведае, зь якіх крыніцаў ён фінансаваўся.

"Адначасова з высьвятленьнем лёсу нашага пазову будзе вельмі цікава разабрацца, хто аплачваў друк нумару. Паводле нашых дадзеных, гэта каштавала бюджэту краіны болей, чым дазволеная выбаркамам перадвыбарчая кампанія ўсіх кандыдатаў на прэзыдэнта. Верагодна, што народныя грошы пайшлі на падвойны падман выбаршчыкаў", — мяркуе ў камэнтары для Радыё Свабода намесьнік старшыні БГК адвакат Гары Паганяйла.
XS
SM
MD
LG