Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ АДСТАЎКІ ГАНЧАРЫКА ФЭДЭРАЦЫЯ ПРАФСАЮЗАЎ ЗЬМЯНЯЕ СТРАТЭГІЮ


Міхал Стэльмак, Менск

Для многіх прафсаюзных актывістаў адстаўка Ўладзімера Ганчарыка не была нечаканай. У прыватнасьці, адзін зь ягоных паплечнікаў, сябра Рады Фэдэрацыі Мікалай Похабаў, які працуе рабочым на Барысаўскім заводзе "БАТЭ", лічыць гэтую адстаўку вымушанай.

(Похабаў: ) "Гэты сыход зьвязаны з тым, што Ганчарык балятаваўся на пасаду прэзыдэнта. Падчас той выбарчай кампаніі Ганчарык шмат гаварыў пра "эскадроны сьмерці", пра зьнікненьні людзей. Адным словам, былі паднятыя вельмі сур'ёзныя пытаньні.

Зразумела, што адстаўка Ганчарыка — гэта наступства вынікаў выбараў. Але прафсаюзы будуць жыць. Я мяркую, што яны знойдуць рычагі, каб адмяніць пастанову, якая выйшла 14 сьнежня, і якая супярэчыць і Канстытуцыі, і Працоўнаму кодэксу".

На ягоную думку, лёс урадавай пастановы, якая забараняе цэнтралізаванае пералічэньне прафсаюзных складак, шмат у чым будзе залежаць ад асобы новага лідэра Фэдэрацыі. А менавіта: ці будзе ён задавальняць кіраўніцтва краіны? З другога боку, новы лідэр мусіць вырашаць прафсаюзныя задачы — клапаціцца пра своечасовыя выплаты заробкаў, бараніць сяброў прафсаюзаў ад незаконных звальненьняў і скарачэньняў.

Мікалай Похабаў як сябра рады Фэдэрацыі 28 сьнежня на пазачарговым пленуме Фэдэрацыі якраз і будзе браць удзел у выбарах пераемніка Ганчарыка.

Удзел у гэтым пленуме будзе браць і Іван Калесьнік — старшыня галіновага прафсаюзу мэталістаў. Каго ён бачыць на пасадзе новага лідэра Фэдэрацыі?

(Калесьнік: ) "У нас 26-га адбудзецца паседжаньне Каардынацыйнай рады прафсаюзаў прамысловасьці, і мы там абмяркуем кандыдатуру. Мы будзем трымацца той жа пазыцыі, якая была дагэтуль. У прыватнасьці, мы зараз займаемся зборам подпісаў, каб адмяніць урадавую пастанову. І мы таксама прынялі рашэньне весьці збор сяброўскіх складак. Жыцьцё ж працягваецца", — зазначыў лідэр галіновага прафсаюзу мэталістаў Іван Калесьнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG