Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* ПАРЫЖ. У мінулы аўторак у веку 74 гадоў памёр францускі сьпявак Жыльбэр Бэко. Бэко (сапраўднае імя — Франсуа Сілі) узьняўся на вяршыню славы ў 50-я гады, разам зь іншымі прадстаўнікамі пакаленьня выканаўцаў, якія самі пісалі свае песьні — Жоржам Брасэнсам, Шарлем Азнавурам і Жакам Брэлем. Жыльбэр Бэко напісаў больш за 400 песень, у тым ліку славутыя «А цяпер» і «Наталі». Ягоныя песьні выконвалі сотні сьпевакоў ва ўсім сьвеце, у тым ліку Элвіс Прэсьлі, Фрэнк Сінатра і Арэта Фрэнклін.

* БЭРЛІН. У Бэрліне адбываюцца ўрачыстасьці, прысьвечаныя 100-годзьдзю з дня нараджэньня Марлен Дытрых, культавай акторкі ХХ стагодзьдзя. Заваяваўшы папулярнасьць у 30-я гады, яна эмігравала ў ЗША ў 1937-м. Пасьля вайны яна толькі двойчы — у 47-м і 60-м гадох — наведвала родны Бэрлін, дзе зь ёй адбываліся непрыемныя інцыдэнты, бо шмат хто ў Нямеччыне лічыў яе здрадніцай. Акторка памерла ў 1992 годзе ў Парыжы, але пажадала быць пахаваная ў Бэрліне, на могілках у раёне Шонэбэрг.

* РЫМ. Італьянскі мастак эпохі барока Караваджа, паводле найноўшых зьвестак, загінуў не ад рукі наёмнага забойцы, як меркавалася дагэтуль. З дакумэнту, знойдзенага дасьледнікамі ў парафіяльным архіве мястэчка Порта Эрколе, выяўляецца, што ў 1609 годзе Караваджа памёр у шпіталі ад хваробы. Бурлівае жыцьцё Караваджа стагодзьдзямі вабіла біёграфаў, якія апісвалі яго шматлікія прыгоды, скандалы, двубоі, уцёкі і, урэшце, таямнічую сьмерць. Знойдзены архіўны дакумэнт цяпер уважліва дасьледуецца гісторыкамі.

* КАНБЭРА. Адной аўстралійскай галерэі былі запрапанаваныя на продаж рэдкія творы будысцкага мастацтва, якія найпраўдападобней былі скрадзеныя ў Афганістане. Мяркуецца, што разьбяныя скульптуры 2000-гадовай даўніны належылі Кабульскаму мастацкаму музэю. Бальшыня твораў будысцкага мастацтва за часы панаваньня талібаў была зьнішчаная. За апошнія тры месяцы ацалелыя творы мастацтва некалькі разоў зьяўляліся на міжнародным чорным рынку.

* АПОРТУ (ПАРТУГАЛІЯ). У апошнія дні году ў партугальскім горадзе Апорту адбудуцца сьвяточныя ўрачыстасьці, якія працягнуцца бесьперапынна 25 гадзінаў і адзначаць разьвітаньне гораду з тытулам эўрапейскай культурнай сталіцы 2001 году. За год у горадзе адбылося шмат важных культурных падзеяў — канцэртаў, выставаў, сустрэчаў. У канфэрэнцыі, прысьвечанай праблемам культуры бралі ўдзел тыбэцкі лідэр Далай Лама і пісьменьнік Салман Рушдзі. У новым 2002 годзе тытул культурнай сталіцы Эўропы пераймае старажытны гішпанскі горад Саляманка.

* ТЭГЕРАН. У Іране зьявіліся пірацкія копіі фільму «Гары Потэр і філязофскі камень» з субтытрамі на фарсі. Кошт касэты, якая ўмомант сталася бэстсэлерам пірацкага відэарынку — 4 даляры. Нягледзячы на тое, што іранскія кансэрватары выказваюць занепакоенасьць з прычыны заходняга «культурнага наступу», які пагражае ісьлямскім каштоўнасьцям, у Іране шырока разьвіты гандаль кантрабанднай відэапрадукцыяй. Касэты прадаюцца адкрыта, бо Іран не падпісаў міжнародную канвэнцыі аб аўтарскім праве.
XS
SM
MD
LG