Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК ЗЬБІРАЕЦЦА ПАКІНУЦЬ ПАСАДУ СТАРШЫНІ ФЭДЭРАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Паседжаньне прэзыдыюму Фэдэрацыі праходзіла за зачыненымі дзьвярыма. Як паведамілі ягоныя ўдзельнікі, у часе паседжаньня Ўладзімер Ганчарык абвесьціў пра свой намер пакінуць пасаду кіраўніка Фэдэрацыі.

(Карэспандэнт: ) "Уладзімер Іванавіч, мы чулі, што сёньня на прэзыдыюме вырашалася кадравае пытаньне".

(Ганчарык: ) "Гэта ня так. Пытаньне было вырашанае яшчэ ўчора, і было вырашанае Ўсеагульнай канфэдэрацыяй прафсаюзаў. Я выбраны намесьнікам старшыні Канфэдэрацыі. Ейная штаб-кватэра ў Маскве. Гэта правапераемнік УЦСПС —Усесаюзнага цэнтральнага савету прафэсійных саюзаў. Цяпер у склад Усеагульнай Канфэдэрацыі прафсаюзаў уваходзяць нацыянальныя прафцэнтры рэспублік былога СССР і галіновыя прафсаюзы.

І сёньня я інфармаваў пра гэтае рашэньне сваіх калегаў. Пытаньне такое, што мы прызначылі на 28 сьнежня пленум Фэдэрацыі прафсаюзаў, дзе будзе вырашанае пытаньне аб маім пераемніку".

(Карэспандэнт: ) "Ці вы ў сваім звароце да сяброў прэзыдыюму давалі нейкія парады наконт працы Фэдэрацыі пры новым старшыні Фэдэрацыі?"

(Ганчарык: ) "Гэта я зраблю на пленуме, а сёньня была канкрэтная размова, што трэба захаваць пазыцыю Фэдэрацыі, трэба выконваць рашэньні апошніх пленуму і зьезду Фэдэрацыі прафсаюзаў. І трэба папрацаваць зь людзьмі, каб гэтая ганебная пастанова ўраду была адмененая", — паведаміў Уладзімер Ганчарык.

Мяркуецца, што на рашэньне Ўладзімера Ганчарыка пакінуць пасаду старшыні Фэдэрацыі паўплывалі звароты да яго многіх прафсаюзных лідэраў, у тым ліку й ягоных паплечнікаў. Яны нібыта прасілі спадара Ганчарыка выканаць пажаданьне ўладаў, пасьля чаго прадстаўнікі ўраду як быццам паабяцалі адмяніць пастанову аб забароне цэнтралізаванага пералічэньня складак. Але ці збудуцца такія спадзяваньні? Вось якім меркаваньнем на гэты конт падзяліўся старшыня галіновага прафсаюзу авіяработнікаў Яўген Бурак:

(Бурак: ) "Справа не ў Ганчарыку. Я толькі аднаго баюся, я баюся толькі таго, што зноў будзе згублены час, зноў мы не пачнем рабіць нейкія эканамічныя захады, каб нашы прадпрыемствы пачалі працаваць разам з прафсаюзамі. Таму што я асабіста адчуваю падтрымку кіраўнікоў прадпрыемстваў. Што ж да кіраўніцтва рэспублікі, то хай дасьць яму Бог сілы й магчымасьці распачаць мірыцца з прафсаюзамі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG