Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛЯДНАЕ ІНТЭРВІЮ З АМБАСАДАРАМ ЗША Ў БЕЛАРУСІ СПАДАРОМ МАЙКЛАМ КОЗАКАМ


Віталь Цыганкоў, Менск

(Карэспандэнт: ) "Як вы звычайна праводзіце Каляды і дзе вы іх сустрэнеце сёлета?"

(Козак: ) "Што я зраблю на Каляды ў гэтым годзе — паеду ў Каліфорнію, да сям'і. Тут, у Беларусі, я ўжо 14 месяцаў і дасюль ня меў вакацыяў. Так што я вырашыў, што калядныя дні — гэта самы час для таго, каб пабыць зь сям'ёй, правесьці іх са сваімі бацькамі, двума сынамі, дзьвюмя сёстрамі, якія жывуць у Каліфорніі, і сястрой жонкі, якая таксама туды прыедзе. Так што ўся вялікая сям'я зьбярэцца разам".

(Карэспандэнт: ) "Ці вы ведаеце беларускія традыцыі сьвяткаваньня Калядаў? Напрыклад, ці чулі вы калі-кольвек слова "куцьця" — гэта самая галоўная страва на беларускім калядным стале?"

(Козак: ) "Я люблю амаль усю беларускую ежу (сьмяецца), і я павінен сказаць, што ў выніку я тут набыў лішнія 6 кіляграмаў.

Я бачыў некаторыя калядныя традыцыі ўчора, калі хадзіў на выставу мастацтва, прысьвечаную мясцовым сіротам. І найбольш уражваюць узоры мастацтва, што зрабілі самі дзеці. Там былі й прафэсійныя мастакі, і дзеці ад пяці гадоў. Там таксама былі беларускія танцавальныя групы, у адмысловых строях, яны нават уцягнулі мяне ў танец, але я ня вельмі добра танчу".

(Карэспандэнт: ) "Вы бачыце нейкія адрозьненьні ў сьвяткаваньні Калядаў у Беларусі й на Захадзе, у ЗША?"

(Козак: ) “Я бы сказаў, што прынцыпова тое ж самае. Відавочна, кожная краіна мае розныя адмысловыя стравы для каляднага стала, адмысловыя строі, песьні, аднак некаторыя мэлёдыі тут тыя ж самыя, якія сьпяваюць і ў ЗША. Потым таксама традыцыйны Санта-Кляўс, які раздае падарункі. Мы зь дзяцінства чакаем Санта-Кляўса, каб ён даў нам падарункі і выканаў нашыя жаданьні".

(Карэспандэнт: ) "Але адрозьненьні, відаць, у традыцыйным значэньні Калядаў і Новага году. Для савецкіх людзей толькі Новы год быў дазволеным сьвятам, Каляды былі забароненыя. Што для вас Каляды? Гэта найперш рэлігійны дзень альбо проста вясёлае сьвята, больш сьвецкае?"

(Козак: ) "У ЗША існуюць абодва аспэкты гэтага сьвята. І тут, у Беларусі, я бачу ўваскрашэньне рэлігійнага аспэкту гэтага дня. У ЗША на Каляды многія людзі йдуць у царкву, хрысьціяне адзначаюць нараджэньне Ісуса, заўсёды пастэрка, людзі думаюць пра тое, што азначае жыцьцё, і гэтак далей.

Але таксама ёсьць і сьвецкі бок гэтага сьвята — цацкі, Санта-Кляўсы, елкі. Я думаю, для нас Новы год, вядома, ня мае рэлігійнага значэньня, але два сьвяты ідуць разам і людзі грунтоўна думаюць, што яны будуць рабіць у надыходзячым годзе".

(Карэспандэнт: ) "На заканчэньне нашай размовы я папрасіў спадара Козака засьпяваць для слухачоў нашага радыё якую-небудзь калядную песьню. Вось якой была ягоная рэакцыя".

(Козак: ) "Не-не! (Сьмяецца.) Я кажу так толькі з-за вялікай павагі да правоў чалавека. Калі я пачну сьпяваць, мяне абвінавацяць у катаваньні людзей. Я не сьпявак у маёй сям'і. Але мая жонка сьпявае ў царкве, абодва мае сыны сьпяваюць.

Мой старэйшы сын, якому зараз 20, грае ў гурце. Ён грае на рок-гітары, сам піша песьні й іх сьпявае. Ён вельмі добры гітарыст і кампутарны музыка. Так што ён найбольш прафэсійны сьпявак у нашай сям'і. Малодшы сын грае на флейце і сьпявае на аматарскіх прадстаўленьнях у музычных п'есах. Мая жонка сьпявае ў царкве, і ў выходныя яна сьпявала на Калядах тут, у Менску. Так што я даю ім сьпяваць, а сам толькі слухаю і пляскаю ў далоні. Такі вось падзел працы".
XS
SM
MD
LG