Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНАДЗЬ УГЛЯНІЦА: “Я МЯРКУЮ, У ЯКАСЬЦІ ПОМСТЫ ЗА ТАКУЮ “НЕПАВАГУ” ДА ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ БЫЎ ДАДЗЕНЫ ЗАГАД ЗЬНІШЧЫЦЬ СПАДАРА МАКАРАВА ЗЬ ІТЭРЫ”


Сяргей Навумчык, Нарвэгія

(Навумчык: ) “Мы падыходзім да эпізоду зьнікненьня Завадзкага. На відэакасэце і ў тэлефонным інтэрвію радыё “Свабода” вы ўжо распавядалі пра некаторыя высновы свайго расьсьледаваньня, але ж давайце цяпер больш падрабязна пра тое, што адбылося летась увосень, калі, паводле вашых зьвестак, старшыня КГБ Мацкевіч і генэральны пракурор Бажэлка прыйшлі да разуменьня неабходнасьці арышту Зьміцера Паўлючэнкі”.

(Жарнасек: ) “У арышце Паўлючэнкі непасрэдны ўдзел браў генэральны пракурор Алег Бажэлка, а таксама і ў допытах. Старшыня КГБ Мацкевіч прад’явіў Бажэлку нейкую ўліку. Якую ўліку мог прад’явіць асьцярожнаму Бажэлку, які нікуды ня ўлазіў, Мацкевіч, каб Бажэлка сапраўды паверыў, што гэта менавіта так, што зьяўляецца забойцам Паўлючэнка, і што Паўлючэнку трэба арыштоўваць? Потым жа яны пайшлі па санкцыю на арышт Шэймана”.

(Навумчык: ) “Якая гэта магла быць уліка?”

(Жарнасек: ) “Хутчэй за ўсё гэта быў чыйсьці труп. Як гэта не злавесна гучыць, але гаворка ідзе пра труп. Каго? Нейкага апазыцыянэра ці крымінальнага аўтарытэту? Я ня думаю. Мне падаецца, што хутчэй за ўсё гэта быў труп Завадзкага. Менавіта труп Завадзкага адыграў тую ролю, з-за чаго Бажэлка ўзяў актыўны ўдзел у “распрацоўцы” Паўлючэнкі і пайшоў па санкцыю на арышт Шэймана. Таму ўсё, што там зараз робіцца ў судзе, гэта – камэдыя. Хай яны выклічуць туды Бажэлку, Шэймана, Паўлючэнку, Васільчанку – менавіта тых людзей, якія адказныя за гэтае злачынства”.

(Навумчык: ) “Такім чынам, мы вяртаемся да падзеяў восені 2000 году, калі раптам у адзін дзень былі адпраўленыя ў адстаўку генэральны пракурор Бажэлка і старшыня КГБ Мацкевіч. Пазьней незалежная прэса пісала, што нібыта было нейкае супрацьстаяньне ў тую ноч групы КГБ “Альфа” і групы Паўлючэнкі. Генадзь Угляніца, што вам вядома пра гэта?”

(Угляніца: ) “Я думаю, што гэта прыдумалі ці журналісты, ці прадстаўнікі ўладных структураў, якім выгадна было паказаць, што было супрацьстаяньне. Насамрэч, я лічу, што падзеі разьвіваліся іншым чынам. Калі затрымлівалі Паўлючэнку, а гэта было перад выходнымі днямі, бо выпускалі яго ў панядзелак. Затрымлівалі Паўлючэнку, паводле маіх зьвестак, супрацоўнікі КГБ. Затрымалі і павезьлі на ягоную кватэру, дзе падчас ператрусу знайшліся відэастужкі, грошы і іншыя ўлікі, якія паказвалі, што Паўлючэнка зьдзейсьніў шэраг злачынстваў, сярод якіх і забойствы. Пасьля таго, як у кватэры Паўлючэнкі былі адгледжаныя відэаматэрыялы, жонка ягоная заявіла, што жыць далей з забойцам ня будзе. І сыйшла ад яго.

Паўлючэнку памясьцілі ў ізалятар КГБ. Допыты яго вёў старшыня КГБ Мацкевіч, на допытах прысутнічалі і іншыя людзі, уключна з генпракурорам Бажэлкам. Калі ў Паўлючэнкі ўзялі ўсе паказаньні, было вырашана дакласьці справу Лукашэнку, бо ў ёй праходзілі Сівакоў і Шэйман.

Але Бажэлка і Мацкевіч не ўлічылі, што, выходзячы на Шэймана, яны могуць выйсьці затым на Лукашэнку, бо непасрэдна ён мог аддаваць загады на зьнішчэньне сваіх апанэнтаў, бізнэсоўцаў і іншых. Усяго, паводле нашых зьвестак было забіта некалькі дзесяткаў людзей паводле гэтых загадаў.

Паводле маіх звестак, адстаўка Мацкевіча і Бажэлкі і напісаньне гэтых указаў аб адстаўцы таксама міністра культуры і самога Шэймана – справа рук самога Шэймана. Як казалі ягоныя ахоўнікі, Шэйман асабіста да чацьвертай раніцы сам пісаў гэтыя ўказы, у тым ліку, і на самога сябе, а потым хадзіў па адміністрацыі і паказваў людзям гэтыя ўказы, маўляў, вось напісаў і самога сябе адправіў у адстаўку, а цяпер буду генэральным пракурорам”.

(Навумчык: ) “Як вы можаце патлумачцць прызначэньне Шэймана на пасаду генпракурора?”

(Угляніца:) “Перамяшчэньне Шэймана прыдумаў сам Шэйман разам з Лукашэнкам. Меркавалася, што генэральная пракуратура атрымае максімум паўнамоцтваў і стане галоўным кантралюючым органам, які зьбірае зьвесткі пра тое, што робіцца ў краіне. Заменіць сабой Раду Бясьпекі. Пацьвердзіць гэта можна тым, што Шэйман перацягнуў ўсьлед за сабой у пракуратуру з Савету Бясьпекі аддзелы, якія займаліся апэратыўнай дзейнасьцю і апэратыўна-тэхнічным забесьпячэньнем вышуковай дзейнасьці. Прыкладам, адзьдзел спадара Васільчанкі.

Дарэчы адзьдзел спадара Васільчанкі, для тых, хто ня ведае, разьмяшчаецца на вуліцы Талбухіна, 5а. Туды ўжо хадзіў нехта з карэспандэнтаў, і яму адказалі, што там нічога няма, што там нейкі аб’ект. Але гэта няпраўда. Спадар Васільчанка працуе менавіта там. Калі хтосьці захоча пакапацца глыбей, то ўсплывуць цікавыя зьвесткі і пра гэты дом, і пра людзей, якія там працуюць”.

(Навумчык: ) “А што гэта за арганізацыя і якія ейныя функцыі? Чым яна займаецца?”

(Угляніца: ) “Арганізацыя спадара Васільчанкі нагадвае сабой падразьдзяленьне выведкі ці контарвыведкі, нешта сярэдняе паміж імі. Раней яна існавала пры Савеце Бясьпекі за Шэйманам, а цяпер, ізноў жа за Шэйманам, працуе пры пракуратуры. Паўнамоцтвы ў іх большыя, чым у іншых спэцслужбаў. Дзейнічаюць яны незаконна, бо ў законе аб апэратыўна-пошукавай дзейнасьці не рэглямэнтаванае стварэньне і дзейнасьць вось такіх падразьдзяленьняў пры пракуратуры ці Савеце Бясьпекі”.

(Навумчык: ) “Фактычна генпракуратура робіцца яшчэ адной спэцслужбай, калі атрымоўвае вось такі адзьдзел выведкі?”

(Угляніца: ) “Так, апрача таго, у Шэймана пры пракуратуры існуюць аддзелы, якія займаюцца апэратыўна-тэхнічным забесьпячэньнем пракуратуры інфармацыяй. Гэта значыць, праслухоўваньне тэлефонаў, відэазапісы, вонкавае назіраньне за людзьмі і таму падобнае”.

(Навумчык: ) “Спадар Генадзь, калі вы казалі пра падзеі, зьвязаныя з адстаўкай старшыні КГБ Мацкевіча, вы ўжылі выраз “паводле маіх зьвестак”. Як гэта разумець? У якой ступені вы абапіраецеся на факты?”

(Угляніца: ) “У той дзень, у панядзелак, калі забіралі Паўлючэнку і калі Мацкевіч з Бажэлкам хадзілі да Лукашэнкі, ніхто амаль ня ведаў, што адбылося за дзень да гэтага, у выходныя. Але потым гэтая справа разышлася і сярод супрацоўнікаў КГБ, і сярод супрацоўнікаў Савету Бясьпекі. Яна даволі доўгі час мусіравалася. І таму я кажу тое, што ведаю ад іншых людзей, але называць іхныя прозьвішчы зараз я не магу, таму што яны яшчэ працуюць і ў КГБ, і ў Савеце Бясьпекі.”

(Навумчык: ) “Цяпер ідзе судовы працэс над групай Ігнатовіча, якой інкрымінуецца ў тым ліку і забойства Завадзкага. Нагадаю, што ў сваім тэлефонным інтэрвію нашаму радыё вы ўжо краналі гэтую тэму. Якая вашая ацэнка гэтага працэсу, хоць бы паводле таго, як вы назіраеце за ім па сродках масавй інфармацыі?”.

(Жарнасек: ) “У заходніх краінах гэты працэс быў бы адкрытым, меў бы вялікі рэзананс. Зрэшты, ён і так мае ў заходніх краінах рэзананс. Можа, у Беларусі хто і не зважае на яго. Калі яны лічаць, што яны зачынілі суд і таму могуць проста падпісаць, так бы мовячы, Ігнатовічу справу Завадзкага, гэта будзе сьмешна выглядаць. Гэта бачыць увесь сьвет. На самой справе, Ігнатовіч да зьнікненьня Завадзкага ня мае ніякага дачыненьня.

Не Ігнатовіч забіў Завадзкага. Завадзкага забіла падразьдзяленьне Паўлючэнкі. Я меў непасрэдныя зьвесткі, што СОБР ваяваў у Чачэніі і менавіта там сустракаўся зь імі Завадзкі. Потым яны бачылі Завадзкага, твар у твар, на сьвяткаваньні 3-4 ліпеня. Менавіта гэта розьніца ў часе, тры-чатыры дні заставалася да прылёту Шарамета. Яны вымушаныя былі дзейнічаць бяз санкцыі Лукашэнкі.

Лукашэнка пра гэта ня ведаў, таму і быў такім напужаным: як гэта так, хто гэта, акрамя ягонага падразьдзяленьня можа выкрадаць людзей?

Адбыліся ператрусы ў карпунктах ОРТ у Менску і Маскве. Самае цікавае, што сьледчыя шукалі касэты, якія былі засьнятыя Завадзкім ў Чачэніі. Расейская пракуратура на просьбу беларускай пракуратуры праводзіла выемку касэтаў. І менавіта беларуская пракуратура праглядала гэтыя матэрыялы, якія здымаў Завадзкі ў Чачэніі. Дык прабачце пра што гэта сьведчыць? Як можа суд можа так проста ўзяць і павесіць камусьці яшчэ адзін эпізод? Маючы на ўвазе “паравоз”, маўляў, табе і так “вышак сьвеціць”.

(Угляніца: ) “У сувязі з адстаўкай генэральнага пракурора Бажэлкі і старшыні КГБ Уладзімера Мацкевіча можна прывесьці яшчэ адзін факт, на які амаль ніхто не зьвярнуў увагі. У панядзелак, калі непасрэдна вырашаўся лёс спадара Паўлючэнкі і калі да Лукашэнкі прыйшлі Мацкевіч і Бажэлка з санкцыяй на арышт Шэймана, у шэрагу сродкаў масавай інфармацыі зьявілася інфармацыя, якая быццам бы была дасланая супрацоўнікам спэцслужбаў. У гэтым лісьце ў забойстве Завадзкага абвінавачваўся Ігнатовіч.

Гэта выглядала як быццам уцечка інфармацыі з крымінальнай справы па забойству Завадзкага. Гэта на пэўны час прыкрыла Паўлючэнку, і пытаньне з Паўлючэнкам у той дзень ня ўсплыла. І другое, чым вельмі дапамагла ўладам гэтая “ўцечка” інфармацыі – яна аўтаматычна пераводзіла стрэлкі на Ігнатовіча і прыпісвала яму забойствы, хаця да гэтага не было аніякіх падставаў, каб лічыць, што Ігнатовіч віноўны ў сьмерці Завадзкага.

(Навумчык: ) “Што гэта быў за ліст? Кім ён быў падпісаны?”

(Угляніца: ) “Яно было як быццам бы ад нейкага супрацоўніка спэцслужбаў. Ён пісаў, што група Ігнатовіча была затрыманая і абвінавачаная ў зьдзяйсьненьні злачынстваў, і што Ігнатовіч ваяваў у Чачэніі на баку сэпаратыстаў. Але то была няпраўда. Ён сапраўды быў у Чачэніі, але ён быў на баку расейскіх войскаў і нават заслужыў там дзяржаўную ўзнагароду.

Расейскія ўлады пацьвердзілі, што Ігнатовіч выконваў там нейкія заданьні расейскіх уладаў і за гэта быў узнагароджаны ці то нейкім крыжом ці то мэдалём. Па-другое, гэты афіцэр спэцслужбаў назваў прозьвішчы людзей, якія разам з Ігнатовічам забівалі прадпрымальнікаў і ў тым ліку сярод гэтых забойстваў фігуравала забойства Зьміцера Завадзкага.

Туды былі ўпісаныя 9 прозьвішчаў, 5 зь якіх былі афіцэрамі службы бясьпекі ў прэзыдэнта, яшчэ 2 – былыя супрацоўнікі гэтай службы, адзін афіцэр спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” і яшчэ двое чачэнцаў. Яны як быццам бы прызналіся ў забойстве Завадзкага. Дзе гэтыя людзі зараз, ніхто ня ведае. У судзе ніякіх чачэнцаў ніхто нават не ўспомніў”.

(Навумчык: ) “Ці з гэтага вынікае, што той ліст ад імя ананімнага супрацоўніка спэцслужбаў, які атрымалі некаторыя сродкі масавай інфармацыі ў той час, быў правакацыяй ці хутчэй спробай заблытаць сьляды?”

(Жарнасек: ) “Вось гэтая групоўка, так бы мовіць, Паўлючэнка-Шэйман-Сівакоў спэцыялізуюцца на тым, што калі нейкая іхная справа вылазіць на паверхню, то яны бяруць кавалак гэтай справы, праўду, якую не магчыма схаваць, абарочваюць яе ў хлусьню, і такім чынам спрабуюць выдаць і праўду, і хлусьню за адзінае цэлае. Пра гэта яскрава сьведчыць той першы зварот афіцэра КДБ, у якога “баліць душа за Беларусь”, бо там кожнае слова – хлусьня. А зроблена гэта, каб заблытаць сьледы, якія вялі да Паўлючэнкі”.

(Навумчык: ) “У сваім тэлефонным інтэрвію для радыё Свабода вы казалі, што ў свой час нехта Будзько быў затрыманы супрацоўнікамі КГБ, калі гэты Будзько сядзеў на даху музэю Янкі Купалы са снайпэрскай стрэльбай. Давайце больш падрабязна пра гэта”.

(Угляніца: ) “Ведаеце, гэты эпізод адыграў сама галоўную ролю ў тых падзеях, якія разгарнуліся ўвосень 2000 году. Пасьля менавіта гэтага эпізоду былі атрыманыя зьвесткі пра дзейнасьць групы Паўлючэнкі. І потым Паўлючэнка ў выніку быў арыштаваны”.

(Навумчык: ) “Калі вы кажаце “атрыманыя зьвесткі”, якую структуру маеце на ўвазе? Хто атрымаў зьвесткі?”

(Угляніца: ) “Гэтыя зьвесткі атрымала беларускае КГБ. Справа ў тым, што Будзько, які са снайпэрскай стрэльбай сядзеў на даху музэя Янкі Купалы, павінен быў забіць чалавека, які знаходзіўся тады ў толькі нядаўна збудаваным рэстаране на месцы былой “Журавінкі”, на беразе Сьвіслачы.

КГБ атрымала інфармацыю аб гэтым намеры Будзько застрэліць чалавека загадзя, і з гэтай прычыны былі праведзеныя адпаведныя мерапрыемствы. Чалавек, які мусіў быць ахвярай Будзько, быў выведзены празь іншае выйсьце з гэтага памяшканьня, а сам Будзько быў затрыманы. Чалавек, які мусіў загінуць ад кулі Будзько, па нашых меркаваньнях, меўся там прысутнічаць на нейкай нарадзе ці паседжаньні.

Якраз у тый дзень у той рэстарацыі сьвяткавалі ўгодкі БелТрансГазу, і на яе пряжджаў спадар Макараў з Масквы, прадстаўнік Ітэры. Як мы ведаем на той час у Лукашэнкі склаліся вельмі напружаныя адносіны з гэтай кампаніяй. Ён павінен быў выплачваць даўгі ці аддаваць ім за даўгі нейкія беларускія прадпрыемствы. Апрача таго, Лукашэнка рыхтаваўся да выбараў і празь Ціцянкова хацеў зрабіць так, каб грошы ад Ітэры патрапілі асабіста да яго, каб Іван Ціцянкоў як прадстаўнік Ітэры прафінансаваў выбары Лукашэнкі, але гэткіх дамоўленасьцяў дасягнуць не ўдалося. Я так мяркую, у якасьці помсты за такую “непавагу” да прэзыдэнта Беларусі быў дадзены загад зьнішчыць спадара Макарава.

Магчыма, гэта ня тая асоба, якую меркавалася забіць, але ён быў найбольш верагоднай ахвярай. Другой асобай мог быць чалавек, які пабудаваў гэтую рэстарацыю, які паходзіў з Турэччыны. Такую выснову можна зрабіць, абапіраючыся на папярэднія дадзеныя аб тым, што Лукашэнка і ягоныя хаўрусьнікі Шэйман, Сівакоў, Паўлючэнка зьнішчылі шмат бізнэсоўцаў у Беларусі. Нагадаем пра Адая Анвара, які пабудаваў у Беларусі аўтамабільны дом, зрабіў там казіно, маў у сваёй уласнасьці вялікую колькасьць прадпрыемстваў, якія прыносілі вялікія даходы. Гэты бізнэсоўца быў забіты ў пад’ездзе свайго дома, і забойцу не адшукалі. Але перад гэтым нават у сродках масавай інфармацыі была згадка пра тое, што ў спадара Анвара вельмі напружаныя адносіны з Упраўленьнем справамі прэзыдэнта.

(Навумчык: ) “Пасьля таго, як Будзько быў затрыманы, які быў ягоны далейшы лёс?”

(Угляніца: ) “Калі Будзько быў затрыманы, як звычайна гэта робіцца, праводзіліся допыты. І ён расказаў пра тое, хто яго туды на дах пасадзіў, якую справу ён павінен быў выканаць, і зь яго выцягнулі інфармацыю пра забойства Зьміцера Завадзкага. Ён паказаў і расказаў, як быў забіты Завадзкі. Паказаў мейсца, дзе ён быў захаваны”.

(Навумчык: ) “Хто выцягнуў гэтую інфармацыю? Дзе вёўся допыт?”

(Угляніца: ) “Допыты вяліся ў КГБ. Менавіта пасьля гэтага, абапіраючыся на гэтую атрыманую інфармацыю, якую даў Будзько, сьледчыя КГБ і тыя, хто займаўся справай зьніклых людзей, выйшлі непасрэдна на групоўку Паўлючэнкі. Самаго Ўладзімера Будзько потым “адмазалі”. Яго асудзілі да папраўчых работ, але нават на папраўчыя работы ён адпраўлены ня быў. Ён зараз знаходзіцца дома і ходзіць адзначацца ў міліцыю. Як ваенны чалавек, афіцэр, якога судзяць ваенным судом, мог атрымаць прысуд “папраўчыя работы”? Што ён рабіў там? Саджаў дрэвы ў сваёй вайсковай частцы?”

Працяг будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG