Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ


Юрась Барысевіч, Менск

На студыі "Каўчэг" выйшаў кампакт-дыск заснаванага Аляксандрам Памідоравым гурта "П’яныя госьці". Альбом "Узровень жыцьця" складаюць дзевяць песень, што прагучалі на канцэрце "П’яных госьцеў" у клюбе "Рэзэрвацыя", і чатыры адмыслова запісаныя песьні-бонусы. Сам дыск эпатажна аздоблены габрэйскай зоркаю. Выдаўцы папярэджваюць, што ў расейска- і беларускамоўных тэкстах альбому ўтрымліваецца ненарматыўная лексыка.

У Доме дружбы прайшла вечарына, прысьвечаная культурнай спадчыне Чэхіі. Рэхам імпрэзы яшчэ два тыдні будзе выстава малюнкаў і акварэляў, якія мастак Мікола Бушчык стварыў падчас вандровак па маляўнічых кутках Прагі ды іншых чэскіх гарадоў.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала сёлета ў падарунак ад замежных дабрачынцаў больш як 20 тысяч рэдкіх выданьняў. Ільвіную долю гэтых кніг і часопісаў падаравалі Польскі Інстытут, амбасады Ізраіля й Літвы, Інфармацыйны цэнтар амбасады ЗША. Частку падараваных кніг Нацыянальная бібліятэка сама падарыла іншым бібліятэкам краіны.

Фотавыстава "Мэлёдыі Заслаўя" адкрылася ў музэі Беларускае Акадэміі мастацтваў. Аўтары — мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская і фотажурналістка Тацяна Конюх — адлюстравалі архітэктурную і прыродную аўру гораду, які зрабіў істотны ўнёсак у беларускую культуру. Побач з гэтымі лірычнымі здымкамі экспануюцца фотарэпартажы з традыцыйных абрадаў Купальля, гуканьня вясны, калядаваньня, а таксама з рыцарскіх турніраў. У выставе ўзяў удзел мастак Віктар Маркавец: ягоныя маляваныя дыванкі нагадваюць пра вікінгаў, якія заснавалі першую дынастыю полацкіх князёў.

У кінатэатры "Масква" прайшла прэм’ера мастацкага фільма "Сьвежына з салютам", створанага ў мілым рэжыму псэўданародным стылю. Стужка нагадвае расьцягнуты на паўтары гадзіны анэкдот пра шчасьлівае жыцьцё беларускае вёскі. Зьмест фільма наступны. Да вясельля трэба забіць сьвіньню, каб была сьвежына. Мужыкі нападпітку б’юць яе, доўга цягаюць па зімовым лесе, а яна ўрэшце аказваецца жывою. Ігар Паўлаў паставіў "Сьвежыну з салютам" паводле сцэнарыя сумнеўнае вартасьці, ад якога на "Беларусьфільме" адмовіліся ўсе іншыя рэжысэры.

Нямецкі журналіст, карэспандэнт газэты "Die Woche" Дырк Браўнс наладзіў у Літаратурным музэі Янкі Купалы выставу, прысьвечаную Чарнобыльскай катастрофе. Апроч алегарычных здымкаў наступстваў трагедыі, Браўнс выставіў 12-кіляграмовы камень, які цягаў на сабе ўсе 7 дзён падарожжа па Чарнобыльскай зоне, а таксама інсталяцыю зь нямецка- й беларускамоўнымі надпісамі — лябірынт, які ня мае ня толькі выйсьця, але й уваходу. Танцавальны гурт сіротаў зь менскае школы-інтэрнату №3 паказаў на вэрнісажы "Рэактарны танец" атрутнае хмары над палескімі вёскамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG