Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Справу пра зьнікненьне Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага даручылі весьці іншаму сьледчаму. Зінаіда Ганчар дагэтуль не атрымала адказу на сваё пасланьне расейскаму прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну. Магчымы выкрадальнік Зьмітра Завадзкага былы спэцназавец Ігнатовіч меў пісталет з глушыльнікам і зь незвычайнымі патронамі.

Нядаўна адбылася замена сьледчага паводле справы аб зьнікненьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Замест Сяргея Новікава, які вёў справу цягам амаль двух гадоў, цяпер расьсьледаваньнем займаецца Ўладзімер Чумачэнка. Ён працуе ў тым самым сьледчым аддзеле гарадзкой пракуратуры, дзе й Новікаў.

Чумачэнка займае пасаду старшага сьледчага, ён дарадца юстыцыі. Паводле крыніцаў, ён куды больш вопытны сьледчы за Новікава. Ягоны начальнік, кіраўнік аддзелу Ягор Сіняк замену сьледчых ня зьвязвае зь недахопамі ў працы Новікава, а тлумачыць толькі неабходнасьцю "пераразьмеркаваньня абавязкаў унутры аддзелу".

(Сіняк: ) "Справы часта перадаюцца ад аднаго сьледчага другому, а потым і трэцяму. Плянуем нагрузку ў аддзеле і пераразьмяркоўваем. Цяпер вось вырашылі аддаць справу іншаму сьледчаму, але гэта зусім не азначае, што Новікаў ня справіўся", — запэўніў кіраўнік сьледчага аддзелу гарадзкой пракуратуры.

Маё тэлефоннае знаёмства з новым сьледчым па справе Ганчара і Красоўскага Ўладзімерам Чумачэнкам было надзвычай кароткім. Сьледчы толькі пацьвердзіў, што расьсьледаваньне не спынілі, але камэнтаваць пэрспэктывы адмовіўся. На пытаньне, ці ёсьць новая інфармацыя ў справе, сьледчы Чумачэнка адказаў:

(Чумачэнка: ) "Была б новая інфармацыя, ўсё роўна не сказаў бы — прабачце. Больш нічога не скажу".

Жонка зьніклага апазыцыянэра Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар замену сьледчых не вітала. У камэнтары Радыё Свабода яна заявіла, што не чакае ад гэтай перамены актывізацыі расьсьледаваньня.

(Зінаіда Ганчар: ) "Ведаючы пра замену на пасадзе генэральнага пракурора Бажэлкі на Шэймана, ніяк ня скажаш, што гэтая замена паспрыяла расьсьледаваньню гучных злачынстваў. Таго ж варта чакаць і пасьля замены сьледчых", — мяркуе Зінаіда Ганчар.

Яна згадала, што Сяргей Новікаў неаднаразова ацэньваў гэтую справу як беспэрспэктыўную. "Ня думаю, што Чумачэнка — больш дасьведчаны сьледчы — мяркуе інакш. Ён жа ня можа не заўважаць сёньняшніх рэаліяў", — сказала Зінаіда Ганчар.

Дарэчы, прозьвішча сьледчага Чумачэнкі даволі вядомае. Ён уваходзіў у сьледчую групу па справе групоўкі Ігнатовіча, які падазраецца ў тым ліку і ў арганізацыі выкраданьня апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Варта згадаць, што Ўладзімер Чумачэнка расьсьледаваў справы актывістаў УНА-УНСО, арыштаваных у Менску пасьля Чарнобыльскага шляху 1996 году. Пасьля гэтага расьсьледаваньня Чумачэнкі, пяць украінскіх грамадзянаў былі асуджаныя да розных тэрмінаў зьняволеньня.

Яшчэ вось чым падзялілася Зінаіда Ганчар. Яна з расчараваньнем паведаміла, што ёй дагэтуль нават не адказалі на ліст, накіраваны Ўладзімеру Пуціну. Нават няма паведамленьня, што ейны ліст патрапіў у канцылярыю расейскага прэзыдэнта. Зінаіда Ганчар кажа, што не чакала такой абыякавасьці да праблемы зьніклых у Беларусі ад кіраўніка Расеі.


***
Цікавыя зьвесткі прыйшлі з працэсу ў Менскім абласным судзе, дзе за зачыненымі дзьвярыма судзяць магчымых выкрадальнікаў апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. На гэтым тыдні стала вядома, што галоўны абвінавачаны былы спэцназавец Валер Ігнатовіч да арышту карыстаўся пасьведчаньнем спэцпадразьдзелу "Алмаз", хаця ўжо там не служыў. Прычым гэта было пасьведчаньне новага ўзору.

Цікава, што групоўка выяжджала на злачынствы кожны раз з новымі нумарамі заводзкай вытворчасьці. Гэта ўзмацняе падазрэньні пра сувязі групоўкі Ігнатовіча зь нейкімі спэцслужбамі.

Таксама стала вядома, што Ігнатовіч меў пісталет сыстэмы "наган" з глушыльнікам. Для гэтага пісталета выкарыстоўваліся адмысловыя кулі, якія плавяцца і па іх потым нельга высьветліць, зь якой зброі яны адстраляныя. Паводле адмыслоўцаў, такія кулі мог здабыць толькі чалавек, набліжаны да спэцслужбаў. Як гэткая рэдкая зброя патрапіла да Ігнатовіча, суд пакуль ня высьветліў. Ігнатовіч па-ранейшаму адмаўляецца даваць паказаньні.

***
І на заканчэньне колькі словаў пра вязьня менскай калёніі Андрэя Клімава. Паводле ягонай жонкі Тацяны, Андрэй даслаў ліст, у якім паведамляе, што ён трымаецца, у турме не разгубіўся, рыхтуецца да сьвятаў, зь якімі віншуе ўсіх, хто яго ведае і яму спачувае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG