Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CТАРШЫНЯ ДЗЯРЖДУМЫ РАСЕІ СЕЛЯЗЬНЁЎ ЛІЧЫЦЬ, ШТО "СЛАВЯНСКІЯ РУЧАІ ПАВІННЫ ЗЬЛІЦЦА Ў АГУЛЬНЫМ РАСЕЙСКІМ МОРЫ"


Альгерд Невяроўскі, Менск

На паседжаньне рады Сабору, што праходзіла ў будынку Савету Рэспублікі, сабраліся такія камуністычныя лідэры як Генадзь Селязьнёў, Пётар Сіманенка (першы сакратар ЦК Кампартыі Ўкраіны), лідэрка прагрэсіўнай сацыялістычнай партыі Ўкраіны Натальля Вітрэнка, Анатоль Малафееў ды іншыя.

Гэты сабор славянаў быў створаны ў чэрвені сёлета ў Маскве. Генадзь Селязьнёў заявіў, што іхнае мерапрыемства не чарговая "палітычная тусоўка", а адлюстраваньне волі славянскіх народаў да яднаньня".

Гаворыць старшыня расейскай Думы й сустаршыня Сабору Генадзь Селязьнёў:

(Селязьнёў: ) "Нам з вамі трэба стымуляваць, ініцыяваць, каардынаваць нашыя супольныя дзеяньні гандлёва-эканамічныя, адукацыйныя, грамадзка-палітычныя ды іншыя сфэры супрацоўніцтва".

На думку Селязьнёва, гэта трэба рабіць, каб "славянскія ручаі зьліліся ў расейскім моры", як казаў Аляксандар Пушкін.

А дэпутат расейскай Думы ад "Единства" Сяргей Апаценка перафразаваў выказваньне Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры, заявіўшы што расейцы адказныя за тое, што прывучылі беларусаў і ўкраінцаў да сваёй мовы й культуры. Пры гэтым абодва запэўнівалі, што іхныя словы ня ёсьць праявай вялікарасейскга шавінізму.

Пасьля гэтага ўдзельнікі Сабору пачалі казаць агульныя словы пра аб'яднаньне і стварэньне супольных славянскіх праектаў у галіне палітыкі, эканомікі, культуры, пра заснаваньне славянскіх СМІ ды г.д. Да Сабору далучыліся й дэпутаты зь міжпарлямэнцкай пракамуністычнай арганізацыі "ЗУБР", і разам яны прынялі дэклярацыю пра супрацоўніцтва і зварот да славянскіх народаў з заклікам аб'ядноўвацца.

Сустаршыні сабору Генадзь Селязьнёў, Леанід Козік і Барыс Алейнік накіраваліся дакладаць пра сваё мерапрыемства Аляксандру Лукашэнку і на прэсавую канфэрэнцыю зьявіліся ўжо безь Селязьнёва. Той застаўся з Лукашэнкам абедаць.

За апошнія 10 гадоў было створана нямала розных славянскіх сабораў, камітэтаў ды іншых аб'яднаньняў, якія напаткаў незайздросны лёс. Амаль усе яны альбо зьнікалі, ня выканаўшы сваіх задачаў, альбо ператвараліся ў маргінальныя арганізацыі.

Таму я запытаў у намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Леаніда Козіка, ці не напаткае падобны лёс і іхны Сабор. Гаворыць Леанід Козік:

(Козік: ) "Галоўная мэта — садзейнічаць працэсу падзеленых славянскіх народаў. Калі запальваюць зоркі, то гэта камусьці патрэбна. Першае. А другое — кропля точыць камень. Будзем кропляй, будзем аб'ядноўвацца ў ручай, потым у раку, потым у мора — відаць, чагосьці даможамся".

А вось што думае аб прычынах правядзеньня гэтага славянскага сходу ў Менску і пра пэрспэктывы гэтага руху лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Невыпадкова гэтыя людзі ў гэты час сабраліся ў Беларусі, у Менску. Таму, што гэта такая апошняя пляма, апошні прытулак для людзей зь мінулага. Для левых на постсавецкай прасторы надышоў час, калі ёсьць нейкая маленькая мажлівасьць апошняга рэваншу. І ўзначальвае гэты рух Аляксандар Лукашэнка. Таму гэтыя людзі й прыяжджаюць у Менск, і праводзяць такія сустрэчы".

На думку лідэра АГП, шанец рэстаўрацыі славянафілы маюць нязначны, бо ў Расеі й ва Ўкраіне яны пацярпелі сур'ёзную палітычную паразу.
XS
SM
MD
LG