Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЫ СЬВЯТКУЮЦЬ 200-ГОДЗЬДЗЕ СТВАРЭНЬНЯ ГАРАДЗЕНСКАЙ ГУБЭРНІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Ідэя сьвяткаваць гэтыя ўгодкі зьявілася ў нябожчыка Аляксандра Дубка, які кіраваў аблвыканкамам. Яму падабалася, калі яго называлі губэрнатарам. Нават адзначаць улады вырашылі на год раней. У 1801 годзе цар стварыў Слонімскую губэрню, у складзе якой апынулася Горадня. І толькі ў наступным годзе зьявілася менавіта Гарадзенская губэрня.

Аднак сёлета Аляксандар Дубко памёр. А для новага старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі самым важным было правесьці ў вобласьці як мае быць прэзыдэнцкія выбары. А па-другое, ва ўладаў папросту няма грошай на шырокае сьвяткаваньне.

Нават стварэньне патрэтнай галерэі былых губэрнатараў не прафінансавалі да канца. Выстава партрэтаў адкрыецца хутчэй за ўсё толькі ўвесну. Аб гэтым мне сказаў аўтар — мастак Уладзімер Качан. Цікава, што ствараецца таксама галерэя партрэтаў усіх старшыняў аблвыканкаму, сярод якіх і вядомы апазыцыйны палітык Сямён Домаш.

Сваё стаўленьне да сьвяткаваньня ўгодкаў губэрні выказаў гісторык Сяргей Токць:

(Токць: ) "У 1802 годзе жыхары Горадні й Гарадзеншчыны былі фактычна статыстамі тых падзеяў. Вырашана было дзесьці ў Пецярбургу, прыслалі губэрнатара, утварылі органы ўлады. А ў жыцьці большасьці жыхароў мала што зьмянілася. Большая частка насельніцтва як была прыгоннымі сялянамі, так і засталася".

Сяргей Токць зьвяртае ўвагу на тое, што ўлады дзейнічаюць паводле палітычнай каньюнктуры. Бо, напрыклад, 500-я ўгодкі наданьня Горадні Магдэбурскага права не адзначалі, хаця гэтую дату можна лічыць важнейшай.

Гарадзенскія гісторыкі адзначаюць таксама, што пасьля далучэньня беларускіх земляў да Расейскай імпэрыі ды стварэньня губэрняў былі зьнішчаныя дэмакратычныя традыцыі, якія існавалі ў Рэчы Паспалітай.

Апроч некалькіх вулічных плякатаў, у Горадні аб сьвяце губэрні болей нічога не нагадвае. Адбылася, праўда, сьціплая гістарычная канфэрэнцыя зь пяцю ўдзельнікамі. У суботу ў драмтэатры пройдзе ўрачысты сход з начальствам у прэзыдыюме. А пасьля сходу — канцэрт самадзейнікаў.

Калі цар Аляксандар І абвяшчаў у гарадзенскім тэатры аб стварэньні губэрні, са столі на галовы пасыпалася тынкоўка. Гэты факт зафіксавалі гісторыкі.
XS
SM
MD
LG