Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* ПАРЫЖ. У чацьвер у сваім доме ў краі Кальвадос, што на захадзе Францыі, у веку 95 гадоў памёр найвялікшы афрыканскі інтэлектуал, паэт і палітык Леапольд Сэдар Сэнгор. Адзін з творцаў ідэі «нэгрыцюду» — духовага ўзвышэньня афрыканскай культуры — хрысьціянін Сэнгор у 1963-1980 гадох быў прэзыдэнтам Рэспублікі Сэнэгал, насельніцтва якой на 95 працэнтаў складаюць мусульмане. З нагоды сьмерці Сэнгора ў Сэнэгале абвешчаныя два тыдні жалобы.

* ЛЁНДАН. Найвялікшым сёлетнім бэстсэлерам у Вялікабрытаніі былі кнігі пра Гары Потэра. Першы раман — «Гары Потэр і філязофскі камень» — разыйшоўся ў краіне тыражом больш чым мільён асобнікаў. Астатнія тры кнігі Джоан Роўлінг занялі ў гадавым сьпісе другое, трэцяе і пятае месца. Чацьвертаю паводле папулярнаьсці сталася кніга Гелен Філдынг «Дзёньнік Брыджыт Джоўнз».

* ЭДЫНБУРГ. Шатляндзкі пісьменьнік Іэн Рэнкін, аўтар папулярных крымінальных раманаў, запрапанаваў адной прыватнай асобе і адной фірме стаць героямі яго наступнага раману, які выйдзе ў студзені 2003 году. Конкурс-аўкцыён на ўдзел у рамане пройдзе ў Інтэрнэце, яго пераможцамі стануць тыя, хто ахвяруе найбольш грошай на карысьць таварыства дапамогі інвалідам. Рэнкін, чый 7-гадовы сын хварэе на сындром Ангельмана, праводзіў такія конкурсы і раней. Апошнім разам пераможца конкурсу амэрыканка Фэрн Богат была абражаная тым, што Рэнкін у сваім рамане «Мёртвыя душы» зрабіў яе прастытуткай.

* БУХАРЭСТ. Вугорскі пісьменьнік Дзёрдзь Конрад выказаўся ў Бухарэсце за культурнае зьбліжэньне краінаў балканскага рэгіёну. Конрад, прэзыдэнт Бэрлінскай Акадэміі Мастацтваў, зазначыў, што на Балканах, дзе паміж народамі стагодзьдзямі працягваецца старая варажнеча, мусяць быць збудаваныя масты культуры. Нягледзячы на цяперашнюю барацьбу з тэрарызмам і пагаршэньне сытуацыі на БлізкімУсходзе, сьвет не павінен забывацца пра Балканы. Шлях з Эўропы на Блізкі Ўсход вядзе праз Балканы, - нагадаў Дзьёрдзь Конрад.

* СТАКГОЛЬМ. Чытачы швэдзкай газэты Expressen узялі ўдзел у апытаньні на тэму — каго б яны абралі ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры сярод пісьменьнікаў, што атрымалі прэмію за апошнія дзесяць гадоў. Найбольш галасоў сабраў нямецкі пісьменьнік Гюнтэр Грасс — 22%. Далей ідуць амэрыканка Тоні Морысан (19%) і сёлетні ляўрэат брытанец з Трынідаду В.С.Найпол (17%). Па 10% галасоў сабралі Жазэ Сарамагу і Дэрэк Ўолкат. На шостым месцы з 9% — Віслава Шымборска. Найменш прыхільнікаў сярод швэдзкіх чытачоў маюць Дарыё Фо, Шэймас Хіні, Кэндзабура Оэ і Гао Сінцзянь.

* САНТ’ЯГА (ЧЫЛІ). Чылійскі апэляцыйны суд паставіў кропку ў шматгадовай спрэчцы выдаўца Леонідаса Агуірэ і Фонду Нэруды вакол выданьня зборніку прамоваў Пабла Нэруды ў чылійскім парлямэнце 1945-1948 гадоў. Фонд Нэруды запатрабаваў канфіскацыі тыражу выдадзеных у 1997 годзе прамоваў за парушэньне аўтарскіх правоў. Кніга канфіскаваная не была, аднак яе было забаронена перавыдаваць і перакладаць на іншыя мовы. Суд пастанавіў, што дэпутацкія прамовы не падпадаюць пад закон аб аўтарскіх правах, і цяпер рыхтуецца выданьне зборніку па-ангельску і па-француску.

* ЛЁНДАН. Нямецкі пісьменьнік Вінфрыд Зэбальд, які на працягу апошніх 30 гадоў жыў у Вялікабрытаніі, загінуў у аўтамабільнай катастрофе непадалёку ад гораду Норыдж. Народжаны ў Нямеччыне, Зэбальд вучыўся ў Фрайбургу і ў Манчэстэры, дзе ў 1966 годзе стаўся дацэнтам мясцовага ўнівэрсытэту. У 1970 годзе пісьменьнік настала пасяліўся ў Брытаніі і быў дацэнтам унівэрсытэту ў Норыджы. Найбольшую вядомасьць Зэбальду прынесьлі ягоныя раманы «Аўстэрліц», «Галавакружэньне» і «Выгнаньнікі».
XS
SM
MD
LG