Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРЫТАНІЯ ПЕРАГЛЯДАЕ СВАЮ ПАЛІТЫКУ Ў ДАЧЫНЕНЬНІ БЕЛАРУСІ


Мікола Пачакаеў, Лёндан

У рамках гэтых кансультацый Лёндан наведаў амбасадар Вялікай Брытаніі ў Менску Іан Келі, а таксама адбылася сустрэча кіраўніцтва Брытанскай Усепартыйнай Парлямэнцкай Групы па Беларусі зь Міністрам па справах Эўропы Пітэрам Гэйнам.

Спэцыяльна для нашага радыё на пытаньні пра будучыню стасункаў Беларусі з Брытаніяй і Эўропай адказвае Лорд Понсанбі, Сакратар Брытанскай Усепартыйнай Парлямэнцкай Групы па Беларусі.

(Карэспандэнт: ) “У сувязі з адбыўшыміся на высокім узроўні кансультацыямі па Беларусі ці можна казаць пра зьмены ў Заходняй і Брытанскай палітыцы да Беларусі, і ў чым такія зьмены палягаюць?”

(Понсанбі: ) “Мяркую, што будзе павільным зазначыць, што мы хацелі бы бычыць сапраўдныя зьмены ў Беларусі, перад тым, як мы зможам паглыбіць дыялёг паміж Беларусяй і іншымі краінамі. Для прэзыдэнта Лукашэнкі было бы вялікай памылкай разглядаць перагляд нашай палітыкі як нейкае прызнаньне ягонага статусу. Аднак, мы актыўна разглядаем пэрспэктывы дачыненьняў з народам Беларусі, а менавіта тое, як мы можам заахвоціць беларускі народ болей глядзець вонкі, каб мець лепшыя дачыненьні, сяброўскія дачыненьні зь іншымі дзяржавамі. Было бы вельмі няслушна разглядаць гэта як паслабленьне нашага стаўленьня да самога прэзыдэнта.”

(Карэспандэнт: ) “Ці было бы правільным на Ваш погляд зьвязваць такі новы перагляд палітыкі да Беларусі з апошнім зьбліжэньнем паміж Захадам і Расеяй, і з новай сытуацыяй у галіне міжнароднай бясьпекі пасьля 11 верасьня?”

(Понсанбі: ) “Я думаў над гэтым пытаньнем, і я мяркую, што гэта не было бы правільнай інтэрпрэтацыяй. На мой погляд, зьбліжэньне з Расеяй варта вітаць дзеля сваіх ўласных прычынаў, і калі гэткае зьбліжэньне і такая міжнародная дзейнасьць будзе разьвівацца, гэта будзе на агульную карысьць дзеля многіх заходніх краінаў і Расеі. Аднак, я сапраўды разглядаю Беларусь як найбуйнейшую праблему ў Цэнтральнай Эўропе, а сам Лукашэнка – гэта ўвасабленьне гэтай праблемы, і я думаю, што неправільна рабіць гэткую сувязь, быццам зьбліжэньне з Расей мае нейкае ўздзеяньне на стаўленьне Захаду да Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці будзе перагляд палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, пра які ідзе гаворка, уключаць нейкія элемэнты, якія бы гарантавалі ад таго, каб Лукашэнка і ягонае атачэньне маглі бы разглядаць гэткі перагляд як сваю перамогу ў, так бы мовіць, вайне нэрваў з Захадам?”

(Понсанбі: ) “Як я ўжо казаў, для іх было бы памылкова бачыць якую-кольвек сваю перамогу ў гэтых зьменах нашай палітыкі. Я спадзяюся, што адбудзецца тое, што мы ўбачым перавагі такой палітыкі… На маю думку, Лукашэнка найбольш баіцца таго, што ягоны ўласны народ зразумее заходнюю рэчаіснасьць, зразумее, што Захад ёсьць сябрам народа Беларусі. Перамогай для Лукашэнкі ёсьць сытуацыя, калі ягоны народ ізаляваны. Таму я думаю, што існуе падыход, які мае разглядацца, дзеля таго, каб заахвоціць сам беларускі народ глядзець вонкі і сябраваць зь іншымі краінамі, але пры гэтым не заахвочваючы якое-кольвек прызнаньне статусу Лукашэнкі і ягонага цяперашняга рэжыму”.
XS
SM
MD
LG