Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАР БАБАЕД ПАДАЎ У АДСТАЎКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Камэнтуючы нашаму радыё прычыны адстаўкі, спадар Бабаед зазначыў:

(Бабаед: ) "Я ўжо амаль тры гады адпрацаваў на гэтай пасадзе, нешта зрабіў, сёньня мае сябры выказалі падзяку, і ім дзякуй за гэта. Але я лічу, што варта ахвяраваць "сваімі" двума–трыма месяцамі, што засталіся да зьезду, каб даць магчымасьць майму пераемніку за гэты час зарэкамэндаваць сябе. Каб на будучым зьезьдзе кангрэсу было менш спрэчак вакол кандыдатуры новага прэзыдэнта. Працы ж у прэзыдэнта вельмі многа, і я цяпер фізычна яе ня ў стане рабіць".

На пасаду новага лідэра кангрэсу балятаваліся старшыня Дэмакратычнага прафсаюзу транспартнікаў Уладзімер Макарчук і старшыня Менскай рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Мікалай Канах. У выніку тайнага галасаваньня перамогу атрымаў Уладзімер Макарчук. За яго прагаласавалі шэсьць сяброў рады, чатыры былі супраць.

Новаму лідэру прафсаюзная рада тут жа даручыла ўзначаліць змаганьне дэмакратычных прафсаюзаў супраць урадавай пастановы, якая забараняе цэнтралізаванае пералічэньне прафсаюзных складак. Гаворыць Уладзімер Макарчук:

(Макарчук: ) "Рада дала даручэньне зьвярнуўцца да міжнародных арганізацыяў, ураду Злучаных Штатаў Амэрыкі, урадаў Эўразьвязу прыняць палітычныя і эканамічныя санкцыі да Беларусі, якая сваім рашэньнем кінула выклік міжнароднай дэмакратычнай супольнасьці. Мы зьбіраемся патрабаваць канкрэтных захадаў да гэтага рэжыму.

І другі наш крок. Кангрэс прыняў рашэньне зьвярнуцца да прафсаюзаў, палітычных партыяў, іншых грамадзкіх аб'яднаньняў сумесна падрыхтаваць агульнанацыянальную акцыю пратэсту супраць парушэньня Канстытуцыі ды іншых законаў Рэспублікі Беларусь".

Аднак ня ўсе сябры кіроўнага органу Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў былі аднадушныя ў пытаньні агульнанацыянальнай акцыі пратэсту. Вось якое меркаваньне на гэты конт выказаў цяпер ужо былы лідэр гэтага прафаб'яднаньня Віктар Бабаед:

(Бабаед: ) "Прапановы наконт розных там страйкаў я лічу няслушнымі, таму што ніхто ніякіх страйкаў не правядзе. Нават нашыя прафсаюзы сёньня не гатовыя страйкаваць. Што тычыцца Фэдэрацыі прафсаюзаў, то можа яна і хацела б гэтага, аднак, як я лічу, нічога такога ня будзе. Я бачу рэакцыю на прадпрыемствах, многія лідэры прафсаюзаў шукаюць кантактаў з дырэктарамі, каб пайсьці на працу — туды, адкуль яны пайшлі ў прафсаюзы, альбо на вышэйшую пасаду. Адным словам, яны зьбіраюцца пакінуць прафсаюзы".

(Карэспандэнт: ) "Вы лічыце, што пастанова ўраду ня будзе адмененая?"

(Бабаед: ) "Пакуль што я пастанову ўспрымаю як узьдзеяньне псыхалягічнага кшталту, скіраванага на тое, каб Фэдэрацыя прафсаюзаў зьмясьціла Ганчарыка", — мяркуе Віктар Бабаед.
XS
SM
MD
LG