Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАТРЫМАНЫЯ ЖАНЧЫНЫ З БАБРУЙСКУ АБСКАРДЗЯЦЬ ПРЫСУДЫ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня Любоў Санкевіч, Ева Ўсьцімчук, Яніна Аўсянік і Галіна Гусева паведамілі журналістам, што сваволя чыноўнікаў Бабруйску прымусіла іх прыйсьці да адміністрацыі Лукашэнкі.

Яны не чакалі, што ў Менску іх затрымаюць і будуць судзіць. За так званы несанкцыянаваны пікет Любоў Санкевіч і Еву Ўсьцімчук засудзілі на 10 сутак арышту, а Яніну Аўсянік і Галіну Гусеву аштрафавалі на 150 мінімальных заробкаў кожную (гэта каля 1 тысячы амэрыканскіх даляраў).

Калі арыштаваных жанчын прывезьлі ў спэцпрыёмнік на вуліцу Акрэсьціна, міліцыянты самі выклікалі "хуткую дапамогу". Лекары забаранілі трымаць жанчын у такіх умовах, бо адна зь іх была ў перадінфарктным стане, а другая мела падвышаны ціск і была хворая на язву.

Усе затрыманыя жанчыны, акрамя Галіны Гусевай, працавалі на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў.

Любоў Санкевіч працавала бугальтаркай. Адміністрацыя заводу звольніла яе і галоўнага бугальтара пасьля таго, як яны напісалі некалькі службовых цыдулак пра няправільны ўлік сабекошту прадукцыі.

(Санкевіч: ) "Выйшла я, каб прыцягнуць увагу главы нашай дзяржавы. На заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў адбываецца крадзеж дзяржаўнай маёмасьці. Я зьвярталася ў розныя інстанцыі, але станоўчага адказу не атрымала. Прэзыдэнт нам вельмі хораша дапамог: пасядзець у КПЗ Менску, потым праехаць трэці й чацьвёрты шпіталь. Там ад нас таксама адмовіліся, бо мы з Бабруйску.

Я хворая на сэрца, у мяне тры язвы дванаццаціперснай кішкі. У такім стане я павінна сядзець дзесяць сутак. І гэта толькі за тое, што я хацела нешта зьмяніць, каб спыніўся крадзеж дзяржаўнай маёмасьці".

Ева Ўсьцімчук працавала загадчыцай інтэрнату. Яна прыехала ў Бабруйск з Украіны і са мной размаўляла па-ўкраінску.

(Усьцімчук: ) "Я напісала пра тое, што дачка старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну атрымала незаконна кватэру, а таксама і сябры дырэктара заводу спадара Дамарода. Дырэктар патрабаваў ад мяне, каб я напісала заяву на звальненьне. Мне пагражалі, што, калі я сама не напішу, мяне ўсё роўна звольняць з працы.

Супраць мяне распачалі сапраўдны тэрор. Казалі, што калі я буду пісаць пра іх, то мяне пасадзяць у вар'ятню. Я суджуся дагэтуль за аднаўленьне на працы. Пры гэтым амаль год я цяжка хварэла".

Яніна Аўсянік мае двух дзяцей, адзін зь іх — 11-гадовы інвалід. Дзесяць гадоў сям'я здымала кватэры.

(Аўсянік: ) "Майму дзіцяці патрэбны асобны пакой, але ніхто не пайшоў нам насустрач. Я была ў старшыні гарадзкой адміністрацыі Бандарэнкі. Казала яму і пра тое, што муж адпрацаваў 16 гадоў на заводзе, і пра хворае дзіця, а ён мне кажа: "Ваш тралейбус сышоў. Забудзьцеся на чаргу. Ня той час". Уся адміністрацыя гораду, уся адміністрацыя заводу ды іхныя дзеці атрымалі кватэры, а некаторыя маюць і не адну. Мы ж засталіся ні з чым".

Галіна Гусева працуе на "Фандоку", у яе пяцёра дзяцей. Яна з мужам у 1991 годзе атрымала грашовую пазыку на будаўніцтва катэджа. Потым ім паведамілі, што будаўніцтва спыненае, а грошай няма. Галіна кажа, што ў 1997 годзе дом каштаваў адзін мільён рублёў, а зь іх узялі дваццаць пяць. Цяпер няма ні дома, ні грошай. А судзьдзя Аляксандар Шэлько яшчэ аштрафаваў яе на 1 тысячу даляраў.

(Гусева: ) "Я папросту ня ведаю, як сказаць дзецям, што я ім такі падарунак зрабіла. Хацела падарыць дом, а падарыла гэткае — напярэдадні Раства і Новага году".

Любоў Санкевіч, Ева Ўсьцімчук, Яніна Аўсянік і Галіна Гусева будуць абскарджваць судовыя прысуды, але на станоўчы вынік яны не спадзяюцца.
XS
SM
MD
LG