Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БМА ВЫДАЕ КРУЖЭЛКУ МІКОЛЫ РАВЕНСКАГА


Валянціна Аксак, Менск

Ідэя выдаць нарэшце на радзіме творы Міколы Равенскага належыць музычнаму крытыку Вітаўту Мартыненку, які і стаў складальнікам альбому. Вось як ён патлумачыў свой выбар:

(Мартыненка: ) "Ідэя нарадзілася разам з нараджэньнем праекту "Беларускі Музычны Архіў". Яго распачаў альбом сьпеваў знакамітага сьпевака Міхала Забэйды-Суміцкага. Затым мы пашырылі пляны да выданьня архіўных запісаў бардаў. Ужо выдалі альбом Сержука Сокалава-Воюша, плянуем выдаць Віктара Шалкевіча. Але потым мы вырашылі выдаваць музыку тых творцаў, які складаюць міжнародную славу Беларусі. Першай у гэтым шэрагу несумненна стаіць постаць Міколы Равенскага".

У зборніку трыццаць твораў Міколы Равенскага ды ягоных апрацовак народных песьняў, а таксама твораў іншых кампазытараў — прыкладам, гімн Тэраўскага "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

Ёсьць тут і песьня на верш Канстанцыі Буйло "Люблю наш край, старонку гэту", якая была вядомая да гэтага часу як народная. Яна таксама, як высьветліў складальнік альбому Вітаўт Мартыненка, належыць Равенскаму. Доказ таму ёсьць на старонках сьпеўніка, які таемна ў адзіным асобніку захаваўся ў Беларусі ў пісьменьніка Васіля Віткі, і які той перадаў потым дачцэ кампазытара Вользе Аляксеенцы.

Спадарыня Вольга мела чатыры гады, калі бацька ад'ехаў зь Менску на Захад і зусім яго ня памятала, аж покуль у 1980 годзе яе не знайшла сваячка з Ангельшчыны. Якое ж было зьдзіўленьне прафэсійнае сьпявачкі беларускага радыё, што яна — дачка такога выдатнага кампазытара.

(Равенская: ) "Яна мяне знайшла і напісала да сваёй сьмерці шмат пісьмаў, зь якіх я дазналася пра лёс свайго бацькі..."

На альбоме Вольга Аляксеенка выконвае тры бацькавыя творы: "Мой родны кут" і "Вясну" на вершы Якуба Коласа ды арыю Браніславы з аднайменнае опэры Равенскага, якая стала першай беларускай опэрай і якая таксама, як і ўся творчая спадчына кампазытара, была рэпрэсаваная спэцорганамі. Ацалелі толькі фрагмэнты гэтага твора.

Нечаканай для беларускага слухача будзе і структура альбому, названага па самым знакамітым творы Равенскага — "Магутны Божа". Гімн гучыць на першых трох трэках: пачынаючы ад урачыстае ўзьнёсласьці й ціхамірнае малітвы двух хароў — гарадзенскае капэлы пад кіраўніцтвам Бортава і менскае "Уніі" пад кіраўніцтва Насаева — да вакалу забытага на загад КГБ беларускага опэрнага сьпевака, уладальніка ўнікальнага басу Пётры Конюха. Запісы ягоных сьпеваў нейкім дзівам ацалелі ў прыватных архівах, бо на беларускім дзяржаўным радыё іх зьнішчылі адразу па прыходзе ў Менск у 1944 годзе Чырвонае арміі.

Аснову ж альбому, які выдадзены ў фармаце аўдыё і CD агульным накладам 3 тысячы асобнікаў, складаюць таксама амаль невядомыя на радзіме запісы хору беларускіх студэнтаў Лювэнскага ўнівэрсытэту.
XS
SM
MD
LG