Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 СЬНЕЖНЯ Ў КУРАПАТАХ АДБУДУЦЦА МЕРАПРЫЕМСТВЫ З НАГОДЫ ТРОХМЕСЯЧНАЙ ВАРТЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску стаяў марозны дзень. Будаўнікі рэканструявалі іншыя ўчасткі кальцавой дарогі ды не набліжаліся да Курапатаў. Тым часам раніцай у курапацкім лягеры знаходзіліся тры валанцёры — Аляксей, Дзяніс і Васіль. Ноччу валанцёраў было ўдвая больш, але раніцай яны разьехаліся па сваіх справах. Пра сёньняшнія намеры жыхароў курапацкага лягеру распавядае валанцёр Аляксей:

(Аляксей: ) "Сёньня будзем рамантаваць тыя шчыты, якія я прывез, каб ацяпліць намёт. Што застанецца — пойдзе на капліцу. Таксама зьбіраюся схадзіць да будаўнікоў і пацікавіцца, што яны зьбіраюцца рабіць. Пакуль яны каля прыпынку раўняюць пясок. На нашым участку работы не вядуцца. Калі тут пачнуць працаваць — невядома, але я спадзяюся, што я пра гэта буду ведаць раней, чым яны пачнуць працы".

Валанцёры гавораць, што ім не стае харчаваньня і дроваў для ацяпленьня намёту. У навакольным лесе ўжо няма дрэваў, якія б можна было выкарыстоўваць на дровы. Пакуль абаронцы мэмарыялу паляць старыя запасы дрэва, а таксама паляць салярку, якую ім даюць сябры-будаўнікі. Людзі часам прыносяць ім ежу, але гэтага недастаткова.

Пры гэтым частка валанцёраў адмаўляецца браць грошы з прэміі, якую ўручыла абаронцам Курапатаў грамадзкая ініцыятыва "Хартыя-97". Гэтая частка валанцёраў упарта сьцьвярджае, што будзе шукаць іншых крыніцаў фінансаваньня.

Пры гэтым у некаторых абаронцаў Курапатаў зьяўляюцца нечаканыя фінансавыя выдаткі. Так, учора міліцыянты затрымалі каля ўласнага дому валанцёра Васіля. Суд пакараў Васіля штрафам 200 тысяч рублёў за тое, што ён 9 лістапада перашкаджаў руху будаўнічай тэхнікі ў бок Курапатаў. Міліцыянты адвезьлі Васіля ў банк і прымусілі аплаціць гэты штраф.

Нягледзячы на складанасьці, валанцёры вырашылі арганізаваць 24 сьнежня сустрэчу сяброў з нагоды іхнага 3-месячнага знаходжаньня ва ўрочышчы. Валанцёр Аляксей працягвае:

(Аляксей: ) "Я запрашаю ўсіх людзей, якія жадаюць, прыходзіць сюды 24 сьнежня а 12-й гадзіне дня. Тут будуць сяброўскія размовы, і каму гэта не абыякава... Людзі прыйдуць, нам будзе весялей і можа каму яшчэ будзе весела".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG