Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЧЫГІР АДМАЎЛЯЕ СВАЮ ВІНУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Аляксандар Чыгір не прызнае сябе вінаватым у стварэньні групоўкі выкрадальнікаў аўтамабіляў і заяўляе, што ўвогуле ня мае ніякага дачыненьня да ўгонаў. Пры гэтым Чыгір-малодшы не выключае, што сярод канфіскаваных у яго запчастак некаторыя апазналі ахвяры ўгонаў.

(Аляксандар Чыгір: ) "Так, я мяркую, такое можа быць — што сярод знойдзеных у мяне запчастак былі тыя, якія пацярпелыя апазналі як свае запчасткі. Мне шмат запчастак прывозіў Антон Яшын, і ў асноўным гэта былі ненумарныя запчасткі — дзьверы, дах, крылы аўтамабіляў. Яны сапраўды маглі належаць каму заўгодна, але Яшын казаў, што гэта ўсё "чыстыя" запчасткі, а ў мяне не было падставаў яму ня верыць", — заявіў Аляксандар Чыгір.

Ён не выключае, што нейкія апазнаныя пазьней запчасткі яму падкінулі. Галоўная падстава так меркаваць — дзівосы з гаражамі, у якіх знаходзілі гэтыя запчасткі. Самога Аляксандра Чыгіра ні ў дзень затрыманьня, ні на наступны дзень, ні пасьля на апазнаньне запчастак у гаражы не прывозілі. Але Чыгір кажа, што з апэратыўных відэаздымак бачна, што гэтыя гаражы былі адчыненыя яшчэ да таго, як да іх наблізіліся міліцыянты і сьведкі, каб правесьці ператрус.

(Аляксандар Чыгір: ) "На стужцы добра відаць, што яны прыяжджаюць, а гаражныя замкі ўжо адчыненыя, дзьверы нейкай вяроўкай прывязаныя. Яны там заяўляюць, што ў іх няма ключоў, хаця ўсе 16 ключоў, паводле пратаколу майго затрыманьня, былі ўжо забраныя. І тое самае ў другім гаражы. Як гэта можа быць, хіба ў нас ужо камунізм, каб я свае гаражы трымаў адчыненымі?" — абураўся Чыгір-малодшы.

Адзінае, у чым прызнаўся Аляксандар Чыгір — гэта тое, што на мікрааўтобусе "Форд-транзыт" ён сапраўды замяніў частку корпуса з нумарам. Маўляў, гэты мікрааўтобус меў расейскія дакумэнты, але Чыгір гэтыя дакумэнты згубіў, аднавіць іх не было магчымасьці, і каб зарэгістраваць машыну ў Беларусі, ён пайшоў на такі ўчынак.

Між тым, у судзе знаходзяцца ўладальнікі падобнага "Форда-транзыта", які ў іх скралі. Суд зараз разьбірае, ці ня тая гэта машына, якую знайшлі ў Чыгіра-малодшага з замененым нумарам корпуса на прыступцы. А ён патрабуе правядзеньня дадатковых экспэртызаў, якія б даказалі ягоныя словы.
XS
SM
MD
LG