Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАХОДНЯЯ ПРЭСА ПРА АФГАНІСТАН І МІРАТВОРЦАЎ


Валер Каліноўскі, Прага

Газэты даволі скептычна ацэньваюць пэрспэктывы паразуменьня міратворчых і баявых сілаў у Афганстане, таксама аналізуць супярэчнасьці паміж рознымі палітычнымі групоўкамі сярод саміх афганцаў.

Першыя кантынгенты міратворчых сілаў павінны прыбыць у Афганістан да суботы, калі ўлада ў Кабуле будзе ў руках часовага ўраду пад кіраўніцтвам Хаміда Карзая. Кіраваць апэрацыяй згодна праекту рэзалюцыі ААН ў гэтай справе, які разглядаецца сёньня Радай Бясьпекі, будзе Вялікая Брытанія.

Лёнданская “The Times” у рэдакцыйным артыкуле называе гэтую міратворчую місію “рызыкоўнай і няпэўнай”. Па-першае, застаюцца фундамэнтальныя супярэчнасьці міратворцаў з кіраўніцтвам амэрыканскай вайсковай аперацыі. Пэнтагон мае ўладу кантраляваць, каб гэтая місія не перашкаджала выкананьню мэтаў вайсковай апэрацыі ЗША ў Афганістане.

“Блытаніна паміж дзьвюмя сіламі, як у асяродзьдзі афганцаў, гэтак і ў камандных структурах будзе пагібельнай. Выкананьне міратворчых функцыяў і вядзеньне вайсковых апэрацыяў – гэта цалкам адрозныя справы, якія нельга выконваць адначасова”, – піша лёнданская “The Times”.

Газэта прызнае, тшо ЗША павінны мець апошняе слова ва ўсіх вайсковых апэрацыях, але зазначае, што Нямеччына з гэтым ня згодная ды патрабуе, каб міратвочыя сілы былі незалежнымі ад амэрыканскага камандаваньня. “А гэта рэцэпт блытаніны і недаверу”, – піша “The Times”.– “Міратворчыя сілы могуць добра выконваць сваю ролю толькі тады, калі амэрыканцы, афганцы і прадстаўнікі іншых нацыяў, што ўдзельнічаюць у гэтай кампаніі, разумеюць, што трэба рабіць і як стабілізаваць пост-талібанскі Афгансістан.

Амэрыканскае інтэрнэт-выданьне, якое спэцыялізуецца на выведцы, “Stratfor” з пэўным сумам камэнтуе будучыню ўнутраных канфліктаў у Афганістане. “Фракцыйная барацьба паміж палявымі камандзірамі можа стаць яшчэ горшай”, – піша газэта. – “Асабліва ў зімовыя месяцы, каля будзе сьнег і рух па краіне стане лягчэйшым”. “Stratfor” зазначае, што многія племянныя лідэры ўжо выказалі сваё незадавальненьне складам часовага ўраду, які пяройме ўладу ў Кабуле 22 сьнежня.

Пуштуны, найбуйнейшая этнічная група ў Афганістане, лічаць, што яны не дастаткова прадстаўленыя у новым урадзе. Апрача таго, паўдзённая правінцыя Нангархар з неахвотай падпарадкоўваецца кіруючай кааліцыі. Ейны губэрнатар Абдул Кадзір гучна абураўся ў Боне, калі заўважыў, што яго адсунулі ў бок пад час перамоваў.

Іншыя лідары, у тым ліку генерал Абдурашыд Дустум, адкрыта не пагадзіліся з вынікам перамоваў у Боне.

Былы прэзыдэнт Рабані, якога прымусілі перадаць уладу часоваму ўраду пад кіраўніцтвам Хаміда Карзая, працягвае агітаваць супраць бонскага пагаденьня, – піша “Stratfor”. Аўтар артыкулу зазначае, што гэтыя палітычныя супярэчнасьці пераўтвараюцца ўжо ў адкрытыя ўзброеныя сутычкі. Вайсковыя дзеяньні застаюцца па-ранейшаму зручнай альтэрнатывай палітыцы яшчэ для многіх афганскіх лідараў, – піша “Stratfor“, амэрыканскае інтэрнэт-выданьне, што спэцыялізуеццана выведцы.
XS
SM
MD
LG