Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ МОЦНАГА СЬНЕГАПАДУ Ў МЕНСКУ ТЭХНІКА ПРЫБІРАЛА ЗАВАЛЫ ТОЛЬКІ НА ШЛЯХУ ПРЭЗЫДЭНЦКАГА ЭСКОРТУ


Ігар Карней, Менск

Пра моцны сьнегапад мэтэаролягі папярэджвалі загадзя, але апэратыўна адрэагаваць на гэта ні ў сталіцы, ні ў рэгіёнах зноў ня здолелі. А калі й былі пэўныя захады, то часьцяком яны мелі адваротны вынік.

Прынамсі, калі я раніцай выходзіў з пад'езду, то ўбачыў некалькі аўтааматараў, якія гучна лаяліся, спрабуючы рыдлёўкамі выкапаць з-пад сьнегу свае машыны. Аказалася, што крыху раней тут прайшоў бульдозэр, які пачысьціў дарогу, але разам заваліў па самыя шыбы ўсе прыпаркаваныя аўтамабілі.

Зрэшты, у большасьць мікрараёнаў Менску ніякая спэцтэхніка не даходзіла наогул. Таму тыя, хто рызыкнуў праігнараваць просьбу па магчымасьці не карыстацца прыватным транспартам, сутыкнуліся зь вялікімі праблемамі. Ад так званых спальных раёнаў заторы расьцягнуліся ня столькі ў даўжыні, колькі ў часе.

Паводле інфармацыі выратавальнай службы "СПАС", па зьвестках на гадзіну дня колькасьць зваротаў ад аўтааматараў на эвакуацыю аварыйнага аўтамабіля дасягнула рэкорднай адзнакі з часу першых сьнягоў.

(Супрацоўнік службы "СПАС": ) "На цяперашні момант — нават зараз падлічу — ужо 14 замоваў на эвакуацыю аўтамабіляў. Хто закапаўся ў сьнезе, хто замерз, хто пасьля ДТЗ — розныя выпадкі. Што будзе далей, можна толькі ўявіць. Але трэба сказаць, што мы працуем у такім рэжыме, у такой напрузе амаль два тыдні — як ударылі першыя маразы: 25 замоваў штодня адназначна".

(Карэспандэнт: ) "Служба спраўляецца з такой колькасьцю пацярпелых?"

(Супрацоўнік службы "СПАС": ) "У прынцыпе, так. Але кліенты вымушаныя чакаць".

Прычынаў аварыяў, як таксама пацьвярджаюць ў прэсавым цэнтры ДАІ, дзьве: заносы ў часе язды і зьмена тармазнога шляху на сьлізкай дарозе. Да таго ж шмат дзе не працавалі сьветлафоры, што запавольвала і без таго марудны рух.

Але зусім іншую карціну можна было бачыць на праспэкце Машэрава. Задоўга да сьледаваньня эскорту Аляксандра Лукашэнкі сюды сагналі ледзьве ня ўсю тэхніку Менгарвыканкаму. У суправаджэньні ДАІ адмысловыя машыны ішлі па праспэкце трыма радамі. Сьнег шпарка кідалі на самазвалы й адвозілі за горад.

І калі напачатку дзясятай гадзіны Лукашэнка імчаў у сваю рэзыдэнцыю, ён наўрад ці ўяўляў, што за колькі гадзінаў да гэтага на праспэкце былі толькі дзьве траншэі-каляіны ў кожны бок.

У Менгарвыканкаме пацьвярджаюць, што асноўныя сілы сапраўды адразу чысьцяць праспэкт Машэрава, а потым рэшту гораду. Прычына — не хапае адмысловай тэхнікі, ад рэальных патрэбаў забясьпечанасьць менскай зімовай аўтагаспадаркі складае меней за 50%.

Адзінае, на што здольныя зараз адпаведныя службы — багата пасыпаць дарогі пяском і сольлю: штодня толькі на вуліцы Менску высыпаюць больш за паўсотню тонаў тэхнічнай солі.

Паводле інфармацыі беларускага Гідрамэтэацэнтру, ападкі ў Беларусі будуць і надалей, таксама і ў выходныя дні. Чакаць, што сытуацыя моцна зьменіцца, не прыходзіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG