Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАВАГРАДКУ Ў ДВА РАЗЫ ПАДАРАЖЭЎ ТРАНСПАРТ


Сяргей Астраўцоў, Наваградак

Людзі абураюцца, — прызнаўся мне Сяргей Антановіч, які адказвае за пасажырскі рух у наваградзкім аўтапарку №5. Каб праехаць нават адзін прыпынак у гарадзкім аўтобусе, трэба заплаціць замест 160 рублёў замест ранейшых 80-ці. Але гэта вымушаны крок, сказаў ён.

Кіраўніцтва аўтапарку само прапанавала ўладам непапулярныя захады. І райвыканкам прыняў распараджэньне — каб "не дапусьціць поўнага спыненьня пасажырскага руху". З другой паловы сьнежня звычайныя аўтобусы у выхадныя і сьвяточныя дні сталі называцца "экспрэсамі", і за праезд трэба плаціць удвая. Тыя, хто мае месячныя праязныя, мусяць даплачваць.

Зрэшты, абураюцца ня ўсе. "Мы так прывучылі нашых людзей, — гаворыць Сяргей Антановіч, — што ім галоўнае — абы даехаць". Наваградзкі раён — вялікі, ад райцэнтру да самай далёкай вёскі ехаць болей за 40 кілямэтраў. Існуюць 24 прыгадныя маршруты. Але ў звычайныя дні аўтобусы ходзяць толькі на трох маршрутах.

У большасьці вёсак людзі застаюцца адрэзанымі ад сьвету, у сьнежным палоне. А экспрэс-аўтобусы пушчаныя па ўсіх маршрутах, людзі й рады. Пагатоў, што больш за палову сельскіх жыхароў — ільготнікі, для іх квіткі засталіся за паўкошта.

Як доўга будуць дзейнічаць падвышаныя тарыфы, ніхто ня ведае. Раённы бюджэт выконваецца толькі на 80%. Улады сёлета дакляравалі 50-адсоткавую датацыю на пасажырскія перавозкі. Але ня выканалі гэтага. На наступны год датацыі зьмяншаюцца яшчэ ўдвая.

Выходзіць, каб пасажырскія аўтобусы езьдзілі, трэба ўсё адно падвышаць тарыфы альбо штосьці рабіць з ільготнікамі, — мяркуе намесьнік дырэктара аўтапарку Сяргей Антановіч. Аднак улады пабаяцца гэта зрабіць, — лічыць ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG