Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА ЧАКАЕ НА ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ ЗЬМЕНЫ Ў БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Сёньня мы ня можам афіцыйна трактаваць Аляксандра Лукашэнку, як прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які быў абраны дэмакратычным шляхам і паводле існуючых у Эўропе нормаў і стандартаў”, - сказаў учора ў Сэйме намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Стэфан Мэллер.

Спадар Мэллер таксама заявіў, што палітыка Польшчы ў адносінах да Беларусі ня зьменіцца, пакуль не пачнуцца зьмены ў самой Беларусі.

“Аднак праблема палягае ў тым, што нельга ігнараваць таго факту, што Лукашэнка мае рэальную ўладу і яго падтрымлівае значная частка беларускага грамадзтва”. – адзначыў Стэфан Мэллер.

Гэтак прадстаўнік міністэрства замежных справаў вымушаны быў адказваць на пытаньне дэпутата апазыцыйнай партыі “Права і справядлівасьць” Міхала Каміньскага, які абвінаваціў міністра замежных справаў Уладзімежа Цімашэвіча ў парушэньні міжнароднага байкоту недэмакратычнага беларускага рэжыму.

Справа ў тым, што на пачатку гэтага месяца, падчас саміту АБСЭ ў Бухарэсьце, кіраўнік польскай дыпляматыі сустрэўся са сваім беларускім калегам.

Аднак, паводле намесьніка міністра замежных справаў, гэтае спатканьне, як і шэраг іншых, было нефармальным. Тым больш, што пасьля сустрэчы, міністар Уладзімеж Цімашэвіч заявіў журналістам, што павага да дэмакратычных стандартаў, шанаваньне апазыцыі ды высьвятленьне лёсу зьніклых апазыцыйных палітыкаў – гэта падставовыя варункі, па выкананьні якіх Беларусь, я цытую “зможа ўвайсьці на Эўрапэйскія салёны” канец цытаваньня.

“Польшча выконвае патрабаваньні НАТА ды Эўразьвязу. З другога боку мы маем поўную сьвядомасьць свайго гэапалітычнага становішча і ўласных інтарэсаў на Беларусі. Такіх, як напрыклад, праблема польскай меньшасьці. Аднак гэта ня ёсьць зьменай зьнешняй палітыкі”- падкрэсьліў намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Стэфан Мэллер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG