Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА АБМЯЖОЎВАЕ НОРМЫ ЎВОЗУ АЛЬКАГОЛЮ І ЦЫГАРЭТАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Першапачаткова паведамлялася, што новыя абмежаваньні тычацца толькі польскіх грамадзянаў, якія жывуць у памежных раёнах. Аднак сёньня, ў аддзеле інфармацыі польскай мытні карэспандэнту радыё “Свабода” паведамілі, што зьмены нормаў увозу алькагольных і тытунёвых вырабаў у Польшчу распаўсюджваюцца і на замежных грамадзянаў.

Такім чынам, ад 1 студзеня наступнага году, адна асоба зможа легальна ўвозіць у Польшчу толькі паўлітра алькагольных напояў і адзін пачак цыгарэтаў. Дагэтуль алькаголю можна было везьці ў два разы болей, а цыгарэтаў – 18 пачак.

Польскі ўрад тлумачыць гэтыя абмежаваньні неабходнасьцю змаганьня з дробнымі гандлярамі, якія штодзённа ўвозяць у Польшчу вялізную колькасьць цыгарэтаў, ды прадаюць іх па коштах, ніжэйшых чымсьці ў крамах.

З-за гэтага польскі бюджэт штогод губляе каля паўмільярда даляраў, а напярэдадні нават зачыніліся некалькі цыгарэтных фабрыкаў. Паводле дасьледаваньняў польскіх вытворцаў тытунёвых вырабаў, у памежным зь Беларусьсю Падляскім ваяводзтве, 70% выпаленых цыгарэтаў – кантрабандныя.

Па другі бок мяжы, з гандлю цыгарэтамі ды гарэлкай жывуць тысячы беларусаў, якія часам езьдзяць у Польшчу нават двойчы на дзень. Цягам месяцу такім чынам можна зарабіць каля 100 даляраў ды яшчэ, пры нагодзе, ашчаджаць, купляючы у суседняй краіне больш танныя прадукты харчаваньня.

Цяпер жыхары Берасьцейшчыны ды Гарадзеншчыны, якія займаліся памежным гандлем, будуць вымушаныя шукаць іншых заробкаў. А ўладам памежных раёнаў пабольшае клопатаў, бо добрая частка былых гандляроў напэўна зьвернецца на біржы працы.

Страцяць прыбыткі ды звольняць працаўнікоў і шэраг польскіх прадпрымальнікаў, якія ўтрымліваюць свае гандлёвыя прадпрыемствы ў памежных раёнах коштам турыстаў зь Беларусі й Украіны. Але пра памеры стратаў польскага боку ад увядзеньня новых мытных правілаў пакуль не паведамляецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG