Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ТЭХНАЛЁГІІ І ІНТЭРНЭТУ


Сяргей Шупа, Вільня

* ТОКІЁ. Брытанец Тым Бэрнэрс-Лі, якому прыпісваюць вынаходніцтва сусьветнага сеціва, уганараваны штогадовай японскай прэміяй у галіне навукі й тэхналёгіі. Доктар Бэрнэрс-Лі стварыў першы ў сьвеце вэб-сэрвэр, ужываючы распрацаваныя ім html-коды, заклаўшы асновы шматлікіх сучасных камунікацыяў. Прымаючы прэмію, вынаходнік зазначыў, што сусьветнае сеціва — плён намаганьняў вялікай колькасьці людзей, і што прэмія ўяўляе сабой падтрымку духу сеціва — сымбалю ўнівэрсальнасьці і бсстароннасьці.

* НЬЮ-ЁРК. Карпарацыя Intel працуе над стварэньнем новых тэхалягічных стандартаў, дзякуючы якім кампутар будзе мець трохвымерны зрок. Intel распрацаваў новы код, які дазволіць навучыць кампутары бачыць. Спэцыялісты спадзяюцца, што на працягу бліжэйшых гадоў удасца значна пашырыць візуальныя магчымасьці кампутара, у тым ліку распазнаваньне мімікі твару і жэстаў, сачэньне за рухам, ідэнтыфікацыю аб’ектаў.

* АРМАНК (ШТАТ НЬЮ-ЁРК). Карпарацыя IBM распачала праграму падтрымкі апэрацыйнай сыстэмы Linux, заахвочваючы вытворцаў праграмнага забесьпячэньня ствараць практычныя праграмы для сфэры малога й сярэдняга бізнэсу, якія б працавалі з гэтай альтэрнатыўнай апэрацыйнай сыстэмай. У красавіку IBM распачала шматмільённую кампанію пад лёзунгам «Мір, Каханьне і Linux», у супрацьвагу найбольш пашыранай у сьвеце апэрацыйай сыстэме Windows кампаніі Microsoft.

* САН-ФРАНЦЫСКА. Амэрыканскія ўлады згадзіліся вызваліць з-пад арышту расейскага праграміста Дзьмітрыя Склярава, які абвінавачваецца ў стварэньні кампутарнай праграмы, якая дазваляе абыходзіць аўтарскія правы і бясплатна чытаць, капіяваць і выдрукоўваць электронныя кнігі. Узамен за вызваленьне Скляраў абавязаўся сьведчыць на судзе супраць сваіх працадаўцаў — маскоўскай фірмы ElcomSoft. Адвакат Склярава ўпэўнены, што Скляраў і яго кампанія будуць апраўданыя, бо яны не ўчынілі ніякага злачынства, а выявілі недасканаласьць шыфравальнай сыстэмы фірмы «Адобі», якая выпускае праграмы для чытаньня электронных кніг.

* САН-ФРАНЦЫСКА. Фэдэральнае Бюро Расьсьледаваньняў упершыню пацьвердзіла, што ўрад Злучаных Штатаў распрацоўвае тэхналёгію інтэрнэтнага сачэньня пад кодавым назовам «Чароўны ліхтар», якая можа ўжывацца для кантролю над кампутаровай камунікацыяй падазраваных асобаў. У прыватнасьці ствараецца вірус, які дазволіць ФБР даведвацца пра паролі карыстальнікаў, каб чытаць шыфраваную карэспандэнцыю. У сувязі з гэтым некаторыя вытворцы антывірусных праграмаў заявілі, што будуць надалей ствараць ахову ад любых вірусаў незалежна ад іх паходжаньня і прызначэньня.

* НЬЮ-ЁРК. Дасьледнікі з карпарацыі IBM паведамілі пра яшчэ адзін крок да стварэньня квантавай кампутарнай тэхналёгіі, якая грунтуецца на квантавай мэханіцы. У працэсарах квантавай тэхналёгіі выкарыстоўваецца рух ядраў атамаў і электронаў. На гэтым тыдні IBM паведаміла пра стварэньне мадэлі з 7 атамаў, з дапамогай якой удалося вылічыць натуральныя множнікі ліку 15 — 3 і 5. Сучасныя супэркампутары могуць за месяц знайсьці натуральныя множнікі 130-значных лікаў, аднак большыя лікі ім не пад сілу. Квантавы кампутар мог бы знайсьці множнікі 200-значных лікаў, аднак для гэтага ягоны працэсар мусіць складацца не зь 7, а зь некалькіх тысячаў атамаў.

* МАДРЫД. Двое гішпанскіх інжэнэраў вынайшлі аўтаматычную машыну для мыцьця катоў і сабакаў. Яна ўяўляе сабою кантэйнэр са шклянымі дзьвярмі, у які садзіцца хатняя жывёліна, дзе яна паліваецца мылам вадой паводле прынцыпу, які ўжываецца пры водным масажы. Брудная вада і мыла ідуць у сьцёк. Машына разьлічаная на выкарыстаньне ў адмысловых салёнах догляду за хатнімі жывёламі. Ёю зацікавіліся амэрыканскія прадпрымальнікі, якія зьбіраюцца адкрыць у Злучаных Штатах сетку сабачых пральняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG