Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯДНЫЯ ЗАБАВЫ БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: гісторык культуры Вацлаў Арэшка

(Ракіцкі: ) "Хрысьціянства ў свой час сумясьціла свой сьвяточны каляндар зь язычніцкім гадавым цыклем. Гэтаксама і савецкая ўлада спрабавала падставіць свае сьвяты на месца рэлігійных: першае траўня мусіла неяк замяніць Вялікдзень, сэкулярны Новы Год павінен быў цалкам узяць на сябе ролю Божага Нараджэньня — Калядаў, а атэістычны Дзед Мароз здубляваў Сьвятога Мікалая.

Цяпер, калі больш-менш заняпалі "вялікія" савецкія сьвяты, традыцыя адзначаць рэлігійныя "чырвоныя дні календара" нібыта ўвайшла ў звычку. Калядныя сьвяты зноў займаюць сваё галоўнае месца ў зімовым сьвяткаваньні.

Але ці нагадвае сёньняшняе сьвяткаваньне тое, як бавіліся ў сьвяточныя дні нашыя шляхоцкія продкі за старасьвецкім часам?"

(Арэшка: ) "Нашая шляхта збольшага да XVIII стагодзьдзя была каталіцкага веравызнаньня. Таму, калі распавядаць пра "шляхецкія" традыцыі сьвяткаваньня, дык трэба зьвярнуцца найперш да каталіцкага варыянту.

Але нельга казаць, што ён неяк прынцыпова адрозны ад праваслаўнага. Каляды — вельмі старажытнае сьвята земляробчага гадавога цыклю, таму аснова яго падобная ва ўсіх народаў нашай часткі Эўропы, незалежна ад веравызнаньня.

Цікава, што менавіта ў шляхецкім асяродзьдзі ў XVII–XVIII стст. Божае нараджэньне адзначалася даволі сьціпла. Міхал Казімер Радзівіл са зьдзіўленьнем заўважае падчас свайго побыту ў Парыжы ў 1722 годзе, што "куцьця, якую справілі мы, з далёка большаю помпай у гэтым краі адпраўляецца, чым у нас..."

(Ракіцкі: ) "Чаму гэтак склалася?"

(Арэшка: ) "Магчыма, таму, што гадавы цыкль (менавіта сялянскі) ды самыя сьвяты прыроднага цыклю для заможных слаёў грамадзтва, адарваных ад зямлі, паступова гублялі свой "карэнны" язычніцкі сэнс, а заходняя традыцыя, больш зьвязаная з антычнасьцю, была для іх "вонкавай", штучнай".

(Ракіцкі: ) "Прыгадваю знаёмыя з савецкага дзяцінства гісторыйкі, як Пётар І уводзіў у Расеі, разам з тытунём і галеньнем барады, хваінкі на Каляды..."

(Арэшка: ) "Так. А ў нас традыцыя ўпрыгожваць ялінку ўсталявалася толькі ў ХІХ стагодзьдзі".

(Ракіцкі: ) "А як усё ж такі той жа Радзівіл сьвяткаваў Божае Нараджэньне?"

(Арэшка: ) "У адрозьненьні ад падрабязных апісаньняў запустаў ці Вялікадня ён піша пра гэтыя дні сьціпла, але рэгулярна, штогод амаль аднолькава. Напрыклад:

"1749.

24 сьнежня. Езьдзіў зранку на аблаву, пад Руднiкi, там убiлi мы трох ласёў, на куцьцю вярнуўся i застаў княгiню Каралiну з Пацеяў Радзiвiлаву.

25. Адправiлi мы набажэнства як апоўначы, гэтак і палуднёвае, ды Пану Богу на хвалу ўвесь дзень у добрай кампанi прабылi.

26. Па набажэнстве вечарам была камэдыя, потым танец, па вячэры разгулялася кампанiйка вясёлая, падпіў сабе.

29. Штодня большая прыбывае кампанiя ўраднiкаў i дыгнiтараў, у якой пры танцах вясёла бавiмся мы".

Сялянскія Каляды доўжацца ад 24 сьнежня да 6 студзеня. Гэтак і шляхта бавілася безь перапынку — ад Божага Нараджэньня ажно да Трох Каралёў, 6 студзеня. А потым яшчэ сьвяты, і яшчэ — і гэтак да вялікага паста.

Але ж пачатак сьвятаў быў, пэўна, важнейшым — сканчаўся пост, дзень пачынаў даўжэць, сілы ночы больш не панавалі над сьветам, бо нарадзіўся Збавіцель... Пачыналася доўгае зімовае вясельле. Першы дзень быў днём сходу сям'і ды сяброў, днём узаемнага прымірэньня, надзеяў на будучыню. Ён меў выразную магічную афарбоўку, у гэты дзень можна было ўгадаць будучыню. Выдатна апісвае яго ў сваёй, шмат у чым аўтабіяграфічнай аповесьці "Шляхціц Завальня" Ян Баршчэўскі:

"Прайшоў цэлы дзень у размовах. Сонца схавалася за лес, завечарэла. Колькі суседзяў, запрошаныя з жонкамі і дзецьмі на куцьцю, прыехалі да майго дзядзькі. Паказалася першая зорка на небе; пасярод паставілі доўгі стол, заслалі яго сенам і пакрылі белым абрусам. Посную ежу зь мёдам і найлепшую рыбу падалі на стол.

Завальня ламаў аплатку з панам Марагоўскім, а пасьля па чарзе — з кожным госьцем. Апавядаў, як колісь князь Агінскі, добры й ласкавы пан, запрашаў на гэты вечар да сябе ўсіх суседзяў, не зважаючы, ці ён бедны, ці багаты, абы толькі шляхціц і прыстойны чалавек. Зь незвычайнай сардэчнасьцю прымаў гасьцей, шчыра і адкрыта з кожным гаварыў, бавіў яго, расказваючы размаітыя даўнейшыя гісторыі.

Марагоўскі прыпамінаў, што раней гэтых сьвятых абрадаў трымаліся ва ўсіх дамах нашага павета. Сёньня ўжо ня тое!..

За гэтаю размоваю некаторыя госьці, седзячы за сталом, падсоўвалі руку пад абрус, выбіралі наўдачу даўжэйшую сухую сьцяблінку; паказвалі адно аднаму, загадвалі, ці высокі будзе наступнаю вясною расьці на полі лён, а паненкам прадказвалі хуткае замужжа. Шукалі пад сенам зярнятак жыта, пшаніцы ці іншага збожжа, бо яно, выпадкам знойдзенае ў гэты вечар пад сенам, вешчавала вялікія ўраджаі.

Пасьля вячэры, гледзячы на яснае, з зорным сяйвом неба і на вогненныя дарогі мэтэарытаў, выказвалі надзеі на добрую вясну і на багаты збор садавіны й гародніны ўвосень.

О, салодкія ўспаміны забаў і звычаяў роднай зямлі! Як кароткае шчасьце, як прыемны сон, як вера бацькоў! Навек застануцца яны ў памяці. Яны — наймілешая забава самотным думкам; па іх сумуе, як выгнаньніца з раю, заклапочаная душа".

(Ракіцкі: ) "Наколькі дакладнае гэтае апісаньне традыцыйных абрадаў у Баршчэўскага? Можа, сапраўды, гэта нешта накінутае, польскае?"

(Арэшка: ) "Можна параўнаць гэты тэкст з успамінамі Анэлі Катковіч, з чыста беларускай каталіцкай сям'і. Але час іншы — на сто зь нечым гадоў пазьней, першая палова ХХ стагодзьдзя, ды сям'я яе зусім небагатая:

"Зь вялікай прыемнасьцю ўспамінаю я зіму й калядныя сьвяты, а таксама запусты. Нейкі месяц да Каляд цэлымі вечарамі клеілі мы розныя цацкі на ёлку. У краме куплялі ўсялякія галоўкі анёлаў, Дзедаў Марозаў, залатыя й сярэбраныя зоркі, каляровую паперу й пачыналі рабіць ланцугі, розныя цацкі, сьпяваючы пры гэтым калядкі.

Успамінаючы родны дом, адразу перад вачыма бачу Каляды, асабліва куцьцю, калі ўбіралі мы ёлку й прыгатаўлялі ўрачыстую вячэру. На стол клалі сена й накрывалі белым абрусом. Калі на небе паказалася першая зорка, садзіліся мы за стол, ламаліся аплаткамі і пачыналі вячэраць.

Мусіла быць дванаццаць страў. Найперш ішлі селядцы й рыба, далей боршч з вушкамі, потым куцьця, сьліжыкі, кісель белы, аўсяны й журавінавы, кампот і гэтак далей.

Пасьля вячэры запальвалі на ёлцы сьвечкі й пачыналі сьпяваць калядкі. Апоўначы ішлі ў касьцёл на пастэрку. На першы дзень сьвятаў, пасьля сьнеданьня, пачыналі гуляць у арэхі. Трэба было адгадаць, ці хто мае ў руцэ цотку ці лішку".

(Ракіцкі: ) "Сёньня звычайнае святкаваньне Калядаў у большасьці беларускіх сем'яў мала нагадвае тую куцьцю. Здаецца, для многіх гэта проста адпаведная зачэпка, каб добра папіць гарэлкі.

Але ж у сьвяты вечар ня можна было ўжываць алькаголю, а стравы, як бачым, былі толькі посныя. А сама куцьця, чаму менавіта яна ў цэнтры сьвяточнай вячэры?"

(Арэшка: ) "Куцьця — гэта каша, якая гатавалася з цэлага непатоўчанага зерня і была сымбалем несьмяротнасьці, вечнасьці жыцьця. У беларусаў спраўлялася тры куцьці — на Божае Нараджэньне, на шчадрэц, ці Новы Год, і на вадохрышча.

Дарэчы, у большасьці рэгіёнаў Польшчы ў сьвяточнай вячэры куцьці якраз і не было, куцьця ў тых жа Радзівілаў — яскравая прыкмета належнасьці іх да беларускай культуры. Куцьця — характэрная рыса сьвяткаваньня калядаў для ўсіх слаёў і канфэсіяў беларускага грамадзтва.

Шляхта звычайна ня брала ўдзелу ў калядаваньні, ваджэньні казы ці іншых сялянскіх калядных гульнях. Але куцьця ў Беларусі была абавязковым элемэнтам сьвята. Прыгадаем яшчэ адны ўспаміны — вядомага пісьменьніка і палітыка Юльяна Нямцэвіча, які нарадзіўся ў 1758 годзе на Берасьцейшчыне:

"Вігілія Божага Нараджэньня была вялікай урачыстасьцю. Ад рана выхадзілі слугі на рыбы, рабілі на рэках і тонях палонкі і запушчалі невад. Заўжды нецярпліва чакалася вяртаньня рыбакоў. Па ўсім краі ў той дзень аднолькавы быў абед. Тры зупы, мігдалёвая з разынкамі, боршч з вушкамі, грыбамі і селядцом, куцьця, карп з падліваю, шчупак з шафранам, блінцы з макам і мёдам, окунь з пасечанымі яйкамі ды іншае...

Абрус абавязкова мусіў быць засланы на сене, у чатырох кутох ядальнага пакою стаялі чатыры снапы неабмалачонага збожжа. Нецярпліва чакалі першай зоркі; калі яна заблішчэла, зьбіраліся госьці і дзеці, бацькі выходзілі з аплаткамі на талерцы, а кожны з прысутных, беручы аплатку, абыходзіў усіх сабраўшыхся, нават служачых, і ламаючы яе, паўтараў словы: "каб мы на наступны год ламалі яе разам..."

(Ракіцкі: ) "За Божым Нараджэньнем неўзабаве прыходзіцьНовы Год. Ці адзначаўся ён з гэткай помпай, як прынята цяпер?

(Арэшка: ) "Новы Год успрымаўся больш як шчодры вечар, ці дзень сьвятога Сільвэстра. Сам факт надыходу новага календарнага году доўгі час ня быў такім важным як зьмена прыроднага цыклю.

Гэтае сьвята — сьвята тых, хто лічыць час сам па сабе, рэгулярна карыстаецца гадзіньнікам. Таму ягонае значэньне гэтак пабольшала апошнімі стагодзьдзямі. А як адзначалі ў шляхецкім доме Новы Год, яскрава апавёў той жа Ян Баршчэўскі:

"...Вячэрні змрок разьліваўся ў паветры, у пакоі гарэла на стале сьвечка.

— Вось пражылі мы, дзякуй Богу, і яшчэ гэты год, — сказаў Завальня. — Я нарадзіўся й вырас у гэтым краі, не падарожнічаў нідзе далёка, аднак досыць пабачыў у жыцьці; колькі пераменаў розных памятаю! Калі б падняўся з магілы хто-небудзь з нашых дзядоў і ўбачыў цяперашнія звычаі, дык не пазнаў бы сваёй радзімы. Яму б здалося, што ўстаў зь мёртвых недзе ў чужой краіне, — да якіх часоў дажывуць мае дзеці?

— Ат, пане Завальня, — сказаў Сівоха, — мы самі вінаватыя, што д'яблы размножыліся ў нашым краі. Прычынаю ўсяму — глупства шляхты, хцівасьць і нязгода паноў...

Тым часам у чалядным пакоі засьпяваў певень.

— Брава, брава! — крыкнуў Завальня. — Ня трэба плакаць: хутка будзе перамена, ледзь пачаўся вечар, а ўжо й певень засьпяваў — гэта знак, што ўсходзіцца вецер і хто-небудзь завітае да нас. Абы толькі добры чалавек, большай сябрынаю будзем сустракаць Новы Год.

Сказаўшы гэта, паводле свае завядзёнкі, ён запаліў сьвечку, паставіў на падваконьне і дадаў:

— Знак, што гаспадар дома і запрашае ўсіх да сябе.

Калі прыйшла пані Мальгрэта, дзядзька прамовіў:

— Папросім васпані пра адну рэч: загадай нам прынесьці добрай гарэлкі, мёду і прыгатаваць журавін. Палёнкаю разьвітаемся са старым годам і новы спаткаем, а цяпер яшчэ прыемнейшае гэта пітво будзе, бо мароз мацнее і вецер паўночны.

Засьпяваў певень.

— Вось цяпер ужо не на перамену надвор'я, — сказаў дзядзька. — Самая поўнач, прыйшоў Новы год, страчайма госьця, але якімі навінамі ён нас пацешыць?

Сказаўшы гэта, ён наліваў у шклянкі палёнкі, і ўсе пілі, узаемна зычачы шчасьця ў доме, здароўя, багатых ураджаяў на нівах.

Пан Латышэвіч, выпіўшы да дна, паставіў шклянку на стол і сказаў:

— Ня ведаем, што будзе, у адным толькі пэўныя: з кожным годам нас, старых людзей, усё меней. Абы толькі Бог захаваў маладых, каб былі цнатлівыя і не забывалі звычаі і звычкі сваіх продкаў!"

(Ракіцкі: ) "Гэтае пажаданьне хіба ня страціла сваёй актуальнасьці за ўсе мінулыя стагодзьдзі. Сапраўды, захаваць звычаі, працягнуць традыцыю — значыць прадоўжыць жыцьцё свайго народу. Але звычаі маюць свой глыбокі сэнс. А губляючы яго, ператвараюцца часам у нежывы рытуал ці нават у забабоны.

Спадзяюся, што нашыя Каляды застануцца яшчэ не для аднаго пакаленьня беларусаў жывой традыцыяй, а магчыма, праз колькі год нашчадкі параўнаюць нашыя дзёньнікі з дыярыюшамі сармацкіх часоў ды сваімі назіраньнямі і зьдзівяцца — як файна захаваліся ў народзе такія старадаўнія звычаі..."
XS
SM
MD
LG